Даражэй у некалькі разоў. Чаму растуць кошты на лімоны ды імбір?


Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі паведаміў пра істотнае падаражанне агародніны і садавіны. Але ці сапраўды ў гэтым вінаватыя выключна пастаўнікі? І ці моцна адрозніваецца сітуацыя ў Беларусі ад іншых краінаў?

Паводле КДК, адзін з найбуйнейшых імпарцёраў агародніны і садавіны на 1 красавіка ў параўнанні з 1 сакавіка павялічыў адпускныя цэны на лімоны ў 3,5 разы, корань імбіру – у 2,6 разы. Іншы імпарцёр павялічыў у красавіку ў параўнанні з сакавіком узровень надбавак на імбір – з 8,45 % да 34,31 %, на лімоны – з 16,73 % да 89,02 %.

Hавiны
КДК абяцае караць крымінальнымі справамі за «вольніцу з цэнамі»
2020.04.07 19:10

Як следства, тавар у рознічным гандлі падаражэў. Пры гэтым, заяўляюць у КДК, гандлёвыя сеткі і пасярэднікі ў асобных выпадках ужываюць значныя аптовыя надбаўкі. Гэтак, у рознічнай гандлёвай сетцы аднаго з рытэйлераў у Берасці 31 сакавіка прадаваліся лімоны па цане Br 11,65 за 1 кг, гандлёвая надбаўка на іх склала 247,8 %.

Лімоны ў e-dostavka.by

А як у суседзяў?

Кошты на прадукцыю выраслі на фоне таго, што многія людзі ў часы каронавіруса спрабуюць умацоўваць свой імунітэт з дапамогай імбіру, лімонаў ці часныку. Але ці ўнікальная Беларусь у гэтым выпадку. Давайце параўнаем кошты на гэтыя прадукты з суседнімі краінамі.

Сайт e-dostavka.by станам на 8 красавіка прапануе лімоны коштам Br 12,99 за 1 кг, імбір – Br 29,99 за 1 кг, а часнык – Br 13,99 за 1 кг.

Для параўнання, у Маскве крама онлайн-дастаўкі «О’кей» прапануе імбір па кошце ₽ 988,5 (Br 33) за 1 кг, лімон – за ₽ 165,5 (Br 5,6), а часнык – за ₽ 458,5 (Br 15,5).

У Кіеве «Takfur» прапануе дастаўляць лімоны коштам 99,79 грыўняў (Br 9,4), імбір – за 443,89 (Br 41,8), а часнык – за 221,89 (Br 20,9).

А польская крама «Auchan» прадае лімоны за 8,18 злотых (Br 5) за 1 кг, часнык – 39,95 злотых (Br 24,4), імбір – 27,96 злотых (Br 17,09).

Кошты на прадукты ў Беларусі ды суседніх краінах, Br

e-dostavka, Беларусь О’кей, Расея Takfur, Украіна Auchan, Польшча
Лімоны 12,99 5,6 9,4 5
Часнык 13,99 15,5 20,9 24,4
Імбір 29,99 33 41,8 17,09
Разам 56,97 54,1 72,1 46,49

 

Такім чынам, самыя дарагія лімоны прадаюцца ў Беларусі, а самыя танныя – у Польшчы. У заходняй суседцы нашай краіны таксама самы танны імбір, які найбольш каштуе ва Украіне. У Беларусі ж найменш грошаў давядзецца аддаць за часнык, тады як у Польшчы ён самы дарагі. Калі ж вы захочаце набыць па кілаграме ўсяго, то найменш заплоціце ў Польшчы, а найбольш – ва Украіне. Беларусь займае трэцяе месца, але зусім нязначна адстае ад Расеі.

Hавiны
«Выручка нулявая». Як кірмаш у Віцебску перажывае крызіс?
2020.04.06 17:03

Імпарцёр: моцна даражэе дастаўка

У беларускай кампаніі-імпарцёры ТАА «Фрукт Азія» ў каментары карэспандэнту belsat.eu патлумачылі рост цэнаў на імбір ды лімоны ростам попыту – як у крамах, гэтак і на фабрыках-пастаўшчыкоў.

«Расце цана на лагістыку вельмі моцна, бо закрываюцца межы і машыны не могуць праехаць. Таму цана машыны расце. Таксама павялічваецца цана і марскога транспарту, бо расце попыт. Напрыклад, лімон у Турцыі амаль закрыты для вывазу. А Егіпет моцна абмежаваў яго вываз. Таму застаецца Афрыка ці Азія. [Адтуль. – belsat.eu] везці далей, дый цана на транспарт расце, і цэны там іншыя. Таму тое, што ў нас растуць цэны на лімоны ды імбір, гэта цалкам нармальна. Гэта звычайная рынкавая рэакцыя на рост попыту», – заявілі ў кампаніі.

Прадстаўнік імпарцёра таксама адзначыў, што вітамін С можна знайсці не толькі ў лімонах, але і ў грэйпфрутах, памяранцах, мандарынах. Ёсць і разнастайныя медычныя варыянты. Таму, паводле суразмоўцы, скупаць лімоны зусім не абавязкова.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў