Дальнабойнік у Італіі: «Як у фільмах пра апакаліпсіс, бракуе толькі зомбі»


Беларускі дальнабойнік Дзмітрый Чыкілёў дзеліцца з belsat.eu уражаннямі ад паездкі ў паўночную Італію ды сваймі перасцярогамі адносна вяртання на радзіму.

Беларускі дальнабойнік Дзмітрый Чыкілёў
Беларускі дальнабойнік Дзмітрый Чыкілёў

«Нават не выходжу з фуры»

– Учора я заехаў на тэрыторыю Італіі праз аўстрыйска-італійскую мяжу. Пры выездзе з Чэхіі і Аўстрыі ў мяне спраўдзілі тэмпературу, а вось на італьянскім баку такой працэдуры не праводзяць.

Першае, што кідаецца ў вочы – абсалютна пустая аўтастрада, пустыя вуліцы ў гарадках, пустыя заправачныя станцыі.

Легкавых аўтамабіляў амаль няма. Кіроўцаў спыняюць, каб спраўдзіць тэмпературу. Мяне ж, як дальнабойніка, гэта не датычыць. Усё гэта выглядае досыць жудасна і трывожна – як у фільмах пра апакаліпсіс, толькі што зомбі не ходзяць па вуліцах…

Пустыя вуліцы ў Італіі
Пустыя вуліцы ў Італіі.
Фота: уласны архіў

Я выгрузіўся каля Мілану і зараз забіраю новы тавар у Падуі. Людзей на вуліцах няма, а вось прадпрыемствы, як бачна, працуюць, тавар выгружалі працаўнікі ў пальчатках і масках. Мінімум кантакту. Я нават не выходжу са сваёй фуры. Усе прадукты закупіў яшчэ ў Польшчы, таму няма патрэбы заходзіць у крамы.

Еўрапейскія краіны закрываюць межы

Вайскоўцы дапамагаюць рабіць дэзынфекцыю ў аэрапорце іспанскага гораду Малага.
Фота: Lorenzo Carnero / Zuma Press / Forum

Паводле дадзеных на раніцу 18 сакавіка, колькасць захварэлых на каронавірус у Італіі перавысіла 31 500 асобаў, больш за 2 500 чалавек памерлі. Гэта самы высокі паказнік па захворванню ў Еўропе і другое месца ў свеце пасля Кітаю – там колькасць памерлых склала ўжо больш за 3200 асобаў.

Абноўлена
Каронавірус ў свеце і Беларусі. Галоўнае
2020.03.23 21:09

Дзмітрый кажа, што кіраўніцтва ягонай фірмы падрабязна інструктуе адносна захавання захадаў бяспекі: абавязковае мыццё рук, выкарыстоўванне антысептыкаў.

– Канешне, сітуацыя непакоіць. Хутчэй бы выехаць адсюль. Але найбольшы непакой для мяне – далейшая дарога. Я мушу праехаць шмат памежных пунктаў: спачатку Аўстрыя, потым Чэхія, далей Польшча, Літва, Беларусь і ўрэшце Расея.

У панядзелак я маю быць у Маскве, аднак, улічваючы сітуацыю на польскай мяжы, надзея на хуткае вяртанне знікае з кожным днём. Я маю тавар, які хутка псуецца, таму тэрміны дастаўкі ў маім выпадку – вельмі важная рэч. Мой напарнік стаіць на чэска-польскай мяжы ўжо больш за 40 гадзінаў, учора за 11 гадзін праехаў толькі 3 кіламетры. Польскі бок вельмі марудна прапускае.

Больш за тое, ходзяць чуткі, што ад заўтра ўвогуле перастануць пускаць нават фуры. Буду чакаць распараджэння начальства – іншага выйсця ў мяне папросту няма.

Ад сёння, 18 сакавіка, апошняя з суседак Беларусі – Расея – закрыла межы для ўезду іншаземцаў, у тым ліку беларусаў. Раней на такія ж захады пайшлі Украіна, Польшча, Латвія і Літва. Выключэнне для ўезду ў Польшчу зрабілі для дыпламатаў, жыхароў памежных зонаў, якія працуюць у Польшчы, уладальнікаў картаў паляка, часовага або сталага віду на жыхарства і тых, хто мае дазвол на працу ў краіне, а таксама для сваякоў грамадзянаў Польшчы і прафесійных кіроўцаў аўтатранспарту.

Фота: Peter Kovalev / TASS / Forum

На беларуска-расейскай мяжы ўтварылася вялізная чарга з грузавых аўтамабіляў. Шматкіламетровыя чэргі з фураў назіраюцца і на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай межах.

Віталь Бабін, belsat.eu

Стужка навінаў