Дагрукацца да міністэрства. Мінуў месяц з апошняга брыфінгу Мінздароўя


Наколькі добра працуе прэс-служба беларускага міністэрства? Параўнаем з удалымі прыкладамі суседзяў.

Апошні брыфінг Міністэрства аховы здароўя па тэме эпідэміялагічнай сітуацыі ў Беларусі быў 24 красавіка. Мінуў амаль месяц. Для параўнання, ва Украіне апошнія два месяцы брыфінгі адбываюцца кожны дзень, без выключэнняў. Агулам беларускае ведамства правяло не больш за 20 брыфінгаў, прэс-канферэнцыяў і стрымаў.

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

З колькасцю зразумела, а што з якасцю?

24 красавіка (падчас апошняга брыфінгу) намесніца міністра Алена Богдан зачытала інфармацыю з паперак, час на пытанні журналістаў не вылучылі. З гадзіннага брыфінгу 17 красавіка на пытанні журналістаў далі 10 хвілін.

Каб запытацца, калі будзе наступная сустрэча з журналістамі, мы патэлефанавалі прэс-сакратарцы міністэрства Юліі Барадун, але слухаўку яна не падымалі тры дні. Званкі на мабільны нумар прэс-сакратарка скідвала. Ужо больш за месяц наш карэспандэнт не можа датэлефанавацца да прэс-службы, каб атрымаць адказы на пытанні па розных тэмах. А іх вельмі шмат!

Няма штотыднёвых брыфінгаў, затое ёсць штодзённыя паведамленні пра эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне. Але колькасць інфармацыі ў іх значна меншая, чым у нашых суседзяў. У паведамленнях беларускага Мінздароўя ёсць колькасць ачунялых і выпісаных, зарэгістраваных выпадкаў каронавірусу, праведзеных тэстаў і памерлых. Для параўнання, ва Украіне асобна ўказваюць колькасць захварэлых дзяцей і медыкаў, колькасць выпадкаў па вобласцях і колькасць выпадкаў і памерлых за мінулыя содні. Літва мае мапу з падрабязнай статыстыкай, у тым ліку даецца інфармацыя пра ўзрост і пол інфікаваных.

Манаполія на інфармаванне

У аўторак мы спрабавалі даведацца ў прэс-сакратаркі Гомельскага аблвыканкаму Вольгі Рябікавай пра колькасць інфікаваных у Веткаўскім раёне. Тады Вольга змагла даць лічбу ачунялых з мінулага чацвярга. Мы ператэлефаноўвалі, каб удакладніць, ці з’явілася актуальная інфармацыя. Але адказ апынуўся больш каштоўным менавіта для гэтага артыкула:

«Да мяне ўвогуле нічога не сцякаецца. Калі пытанні задаюць, я шукаю на іх адказы і ўсё. У мяне няма ніякіх табліц, даведак. Я займаюся арганізацыяй інтэрв’ю, вось такім. А тут ужо дапамагаю журналістам, чым магу. Як я разумею, тут Веткаўскі раён ані ў кога заклапочанасць не выклікае. Занадта лёгка мне інфармацыю далі».

Калі журналісты звяртаюцца да мясцовых уладаў, да галоўных лекараў санстанцыяў ды шпіталяў, каментар атрымаць цяжка за рэдкімі выключэннямі. Перанакіроўваюць у Мінздароўя. А там слухаўку не падымаюць.

Аб’ектыў
Каронавірус у Беларусі: ці варта давяраць афіцыйным лічбам
2020.05.18 22:48

Зазвычай медыкі спасылаюцца на закон «Аб ахове здароўя», а менавіта на пункт пра забарону разгалошвання персанальных дадзеных пацыента. Пра гэта ўзгадвала і Алена Богдан:

«Нас вельмі часта папракаюць, што мы не публікуем лічбы, не даем прозвішчы, у тым кожнага населенага пункту. Не каментуем выпадкі захворвання, выпадкі смерцяў, спасылаючыся на медычную таямніцу. Я хачу, каб вы ставіліся з разуменнем. Медычная таямніца была і застаецца».

«Чыноўнікі самі парушаюць закон»

Намеснік старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Барыс Гарэцкі лічыць, што закон не датычыцца сітуацыяў, калі журналіст запытвае агульную інфармацыю:

«Фактычна гэта адчэпка для Міністэрства аховы здароўя. Але яны яго самі парушаюць. У выпадку з памерлым Віктарам Дашкевічам мясцовыя ўлады распавялі ўсе дыягназы. На «БелТА» артыкул вісіць да гэтага часу. Гэта фармальная прычына не даваць каментары, але незаконная. Ніхто не можа забараняць лекарам назваць колькасць выпадкаў без удакладнення пра канкрэтны рэгіён ці горад. Хутчэй за ўсё ёсць загад Мінздароўя нікому не даваць інфармацыю, толькі праз прэс-сакратара. Але гэта не адмяняе законы пра доступ да інфармацыі і Канстытуцыю, дзе напісана, што грамадзяне Беларусі маюць права на праўдзівую своечасовую інфармацыю».

Інфаграфіка
«Ёсць хлусня, нахабная хлусня і ёсць статыстыка». Інфекцыяніст пра тое, ці рэальна схаваць смерці
2020.05.20 16:26

Барыс Гарэцкі ўзгадаў працу ўладаў Літвы, дзе на пачатку эпідэміі паведамлялі пра маршрут носьбітаў вірусу, але не падавалі іх імёны. Падобную практыку маюць Сінгапур і Паўднёвая Карэя. Такім чынам людзі ведаюць, ці яны кантакт першага ўзроўню, ці трэба рабіць тэст.

На той жа закон спасылаюцца, каб забараніць пісаць пра памерлых ад каронавірусу. На брыфінгу лічбы памерлых медыкаў не хацела казаць Алена Богдан, спасылаючыся на заяву камітэту па біяэтыцы. Радыё «Свабода» ўжо параўноўвала, як кажуць пра памерлых лекараў у Іспаніі і Беларусі.

«Я не ведаю ніводнага прававога акту, які забараняе журналісту напісаць, што чалавек памёр. Ніякай медычнай таямніцы ў смерці чалавека няма. Ёсць таямніца ў дыягназе, але калі родныя распавялі дыягназ, то ўсё – журналіст можа пісаць», – кажа Барыс Гарэцкі.

Hавiны
«Як можна дзяліць, хто варты даплаты, а хто – не?» У Бабруйску пратэставалі фельчары і кіроўцы хуткай дапамогі
2020.05.20 20:07

Як справы ў нашых суседзяў?

Каб даведацца, наколькі якасны кантакт маюць нашыя польскія калегі з Міністэрствам здароўя, Belsat.eu паразмаўляў з рэдактаркай рэсурсу zdrowie.radiozet.pl Монікай Карбарчык:

«У нас прыкладна ад паловы сакавіка, калі пачалася самаізаляцыя, прэс-канферэнцыі міністэрства адбываліся онлайн. Яны былі ва ўстановах, але без журналістаў. Кожны журналіст хоць такім чынам мог удзельнічаць. У нас была магчымасць, калі не задавання пытання наўпрост, то хоць мэйлам ці SMS. Спатканні былі кожны тыдзень».

Цяпер сустрэчы Міністэрства здароўя адбываюцца на свежым паветры. Моніка распавяла, што ва ўмовах эпідэміі асабліва цяжка звязацца з прэс-сакратаром міністэрства:

«Зазвычай тэлефон прэс-сакратара заняты, але нават калі не можа падняць слухаўку, то ператэлефаноўвае. Таму я аддаю перавагу мэйлам. Зазвычай праз 2-3 гадзіны атрымліваю адказ ці мне тэлефануюць. Пару разоў здаралася, што прыйшлося чакаць больш, максімум 24 гадзіны».

Hавiны
Ці хопіць грошай на надбаўкі медыкам? Адказваюць чыноўніца і эканамістка
2020.05.21 09:55

Журналістка распавяла і пра сітуацыі, калі задавала нязручныя для міністэрства пытанні:

«У такіх выпадках яны ўцякаюць. У іх шмат захадаў, але заўсёды застаюцца ветлівымі. І я разумею, што гэта іх праца – яны павінны быць ветлівыя з журналістамі, бо гэта прэс-служба. Аднак я разумею і тое, што іх інфармацыя мусіць быць згодная з палітыкай ураду, таму падыходжу да яе з дыстанцыяй».

Рэдактарка распавяла нам, што праблемы ў атрыманні інфармацыі ад шпіталяў няма:

«Калі я запытаюся, ці прывезлі ў шпіталь ахвяраў выпадкаў, то могуць адказаць, так ці не. Могуць распавесці пра агульнае становішча пацыента. Кантакт са шпіталямі добры, але калі гэта не датычыць персанальных дадзеных пацыента. З адміністрацыямі раёнаў бывае цяжэй. Ёсць такія, дзе падымуць слухаўку і адразу дадуць інфармацыю. Ёсць і такія, якія страшна баяцца, не маюць досведу ў дачыненнях з прэсай. Некаторыя ж маюць дрэнны досвед. Але вялікай праблемы няма. Кожны ведае, што гэта яго праца і ён мусіць адказаць».

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Журналістка кажа, што ў Польшчы кожная ўстанова нібы і падлягае міністэрству, але з’яўляецца асобнай адзінкай са сваімі мэтамі:

«Заўсёды, калі маеш нейкі сумнеў у тым, што табе кажа ўрад, можаш звярнуцца да іншых інстытуцыяў. Я так разумею, што ў Беларусі цяпер, як у нас калісьці было ў Польскай Народнай Рэспубліцы – ёсць адна вялікая ўстанова, якая кіруе ўсімі іншымі. То бок кожная ўстанова павінна спяваць на той самы манер. Гэта дыяметральна розныя сітуацыі. Таму спачуваю вам, бо гэта нялёгкая сітуацыя для вас, як для журналістаў. Не кажучы пра тое, што бывае небяспечна».

ДЗ Belsat.eu

Стужка навінаў