Даехаць на пахаванне Каліноўскага з Менску – усе варыянты


Цягнік Менск – Вільня на станцыі Гудагай. Фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

22 лістапада ў Вільні адбудзецца перапахаванне парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863–1864 года. Падказваем тым, хто плануе наведаць урачыстасці, як найлепш дабрацца ў гэты дзень з беларускай сталіцы ў літоўскую.

Цягніком

Найбольш зручна ехаць цягніком Менск – Вільня: адпраўленне з менскага вакзалу а 7:35, прыбыццё ў Вільню а 9:05. Наступны цягнік адпраўляецца а 10:30, у Вільню прыбывае а палове на першую. Але на яго лепш не разлічваць, каб усё не прапусціць.

Дакладныя гадзіны пачатку перапахавання стануць вядомыя, імаверна, не раней за наступны аўторак. Віцэ-канцлер ураду Дэйвідас Матулёніс распавёў «Delfi», што дэталі цырымоніі ўрад абмяркуе 8 кастрычніка. У гэты ж дзень стартуе і продаж білетаў на абодва цягнікі ў чыгуначных касах і на старонцы БЧ.

«Білеты на літоўскі экспрэс мы пачынаем прадаваць за 45 сутак да адпраўлення», – распавёў «Белсату» адміністратар міжнародных касаў менскага вакзалу.

Білеты каштуюць ад Br 35 да 70.

Цяпер у продажы ёсць толькі білеты на цягнік «Янтарь» Масква – Калінінград. Мінус: выязджае з Менску амаль а 2:59 уночы і прыязджае ў Вільню а 6:24. Плюс: праязджае праз Воршу і Барысаў, і будзе зручны для жыхароў Віцебшчыны і Магілёўшчыны. Плацкарт каштуе Br 35, купэ – Br 89. На момант напісання публікацыі даступныя 117 білетаў.

Самалётам

Ляцець у Вільню найзручней – і найбольш танна – ляцець у Вільню самалётам «Белавіі»: 35 хвілін, Br 114 у адзін бок, Br 181 – у два. Праўда, 22 лістапада беларускі перавознік прапануе толькі вечаровы рэйс: вылет а 19:35, прылёт у Вільню – а 19:10.

У замежных авіялініяў варыянты даражэй і даўжэй, але і ў гэтым выпадку самае ранняе, калі можна быць у Вільні – а 16:15. Такі варыянт (з вылетам з Менску а 7:45) Міжнародныя ўкраінскія авіялініі прапануюць за Br 185.

Калі ў вас фобія цягнікоў і аўтатранспарту, найлепш ляцець у Вільню «Белавіяй» 21 лістапада. Вылет а 8:20, прылёт а 7:55.

Аўтобусам

Найбольш аптымальныя варыянты – выязджаць з Менску а 4:30, 6:00, 6:30. Прыбыццё адпаведна а 9:25, 9:50, 11:02. Квіткі – ад Br 24.

Аўтам

У Беларусі распачалася кампанія па заахвочванні як мага большай колькасці беларусаў наведаць віленскія ўрачыстасці перапахавання Каліноўскага. Калі так станецца, на мяжы могуць быць чэргі.

  • Падчас цырымоніі ў пятніцу, 22 лістапада, парэшткі Кастуся Каліноўскага ды іншых паўстанцаў, пакараных смерцю ў 1863–1864 гадах ды пахаваных на віленскай Гары Гедыміна, даставяць у Віленскі Кафедральны сабор, а потым перапахаваюць на старых віленскіх могілках «Росы». Подпісы на надмагіллях будуць на трох мовах: літоўскай, польскай ды беларускай.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў