Да Віктара Бабарыкі ў СІЗА КДБ не пусцілі адваката. Ён падаў скаргу ў Генпракуратуру


Адваката не пусцілі да падабароннага праз эпідэміялагічную абстаноўку.

Сёння да Віктара Бабарыкі ізноў не пусцілі ягонага адваката Дзмітрыя Лаеўскага, перадае TUT.by. Як паведаміў Дзмітрый, ягоныя дакументы не прынялі, бо зараз адвакаты не могуць пабачыцца з падабаронным праз пандэмію.

«Я не здолеў сёння пабачыцца з Віктарам Дзмітрыевічам. Аднак прававых нормаў, якія б дазвалялі абмежаваць аказанне прававой дапамогі людзям, якія ўтрымліваюцца пад вартай, няма. Таму сёння ж мною была пададзеная скарга ў Генеральную пракуратуру – каб яны забяспечылі магчымасць бесперашкоднага наведвання мною майго падабароннага. Бо гэта неабходна для рэалізацыі канстытуцыйнага права на атрыманне юрыдычнай дапамогі. Гэта вельмі важна, бо інакш як абараняцца?», — зазначае ён.

Віктар Бабарыка быў затрыманы разам са сваім сынам і кіраўніком ягонага штабу Эдуардам у чацвер 18 чэрвеня. Іх затрымалі ў сувязі з «супрацьпраўнай дзейнасцю, намаганнем уздзеяння на сведак, спробы схаваць слядоў былых злачынстваў і здымання буйной сумы з падкантрольных рахункаў». У той дзень да іх таксама не пусцілі адваката, аднак пазней ім удалося пабачыцца з абаронцаю.

Зараз яны знаходзяцца ў СІЗА КДБ, супраць іх выстаўленыя абвінавачванні, але ані адвакаты, ані Дзяржкантроль не кажуць, паводле якога артыкулу.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў