Да шматдзетнай маці з «лістом шчасця» прыйшла класная кіраўніца ейных дзяцей


Беспрацоўных шукаюць нават сярод шматдзетных матуль з маленькімі дзецьмі.

Паведамленне пра ўключэнне Юліі Ганісеўскай у базу незанятых у эканоміцы прынеслі настаўніцы школы-садка № 73. Жанчына распавяла belsat.eu, што спачатку не зразумела, што адбываецца, бо спала з малодшаю дачкою.

«Гэта была класная кіраўніца маіх дзяцей і ейная калега. Я была ў шоку, як і яны. Яны мне нічога не здолелі патлумачыць, толькі што ім далі заданне разнесці, а я мушу распісацца ў спісе «дармаедаў», які яны мелі з сабою. Спіс быў доўгі. У школе вакацыі, у настаўнікаў шмат іншай працы, а іх заганяюць насіць гэтыя паперкі ў маразы».

Юлія дадае, што прэтэнзіяў да настаўнікаў не мае і адмоўна ставіцца да рэакцыі ў інтэрнэце.

«Мой пост пра настаўніц выклікаў шмат адмоўнай рэакцыі, але ў мяне няма прэтэнзіяў да іх. Мне іх шкада. Гэта добра, што я адэкватная, але людзі розныя трапляюцца. Іх жа могуць збіць або што яшчэ. Нават у паштальёна ёсць газавы балончык. Чаму да мяне не прыйшоў участковы або адміністрацыя? Знайшлі ахвярных казлоў».

Дзеянне дэкрэту на Юлію Ганісеўскую не распаўсюджваецца. У гамяльчанкі чацвёра дзяцей, а малодшай дачцэ яшчэ не споўнілася сямі гадоў. У Юліі ёсць пасведчанне шматдзетнай маці ды іншыя адпаведныя дакументы, якія яна штогод абнаўляе. Жанчына не збіраецца наноў збіраць дакументаў і несці іх у гарвыканкам.

«Мы маем пэўныя ільготы пры аплаце некаторых камунальных паслуг як шматдзетная сям’я. Я нікуды не збіраюся ісці. Мяне яшчэ спыталі, чаму ў цэнтр занятасці не пайшла. Можа, яшчэ спытаюць, навошта я чатырох дзяцей нарадзіла? Буду дзеяць паводле прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці. Хай яны спачатку дакажуць, што я дармаед, а потым я ім пакажу доказы».

8 студзеня Belsat.eu будзе спрабаваць звязацца з дырэктарам гомельскай школы – садка № 73, каб высветліць сітуацыю з настаўніцамі, якіх прымушаюць разносіць «лісты шчасця».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў