7 чэрвеня падчас традыцыйнай сустрэчы праціўнікаў акумулятарнага заводу да актывістаў на плошчу Леніна ў Берасці ўпершыню выйшлі ўласнікі прадпрыемства, піша TUT.by.
Праціўнікі акумулятарнага заводу традыцыйна сабраліся на плошчы Леніна ў Берасці каля 12:00. Праз 20 хвілін да іх прыйшлі новыя ўласнікі заводу: гендырэктар ХК «Дынама-Менск» Дзмітрый Баскаў і намеснік дырэктара кампаніі «Сем Халмоў Бел» Сяргей Кагановіч. Візіт топ-менеджменту стаў для актывістаў нечаканасцю.
«Мы папярэдне зрабілі аўдыт эканамічны і экалагічны. Пасля таго, як мы зразумелі, што асабіста ў нас няма пытанняў, мы вырашылі выкупіць долю. На сённяшні момант завод атрымаў станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. У той момант, калі мы рабілі аўдыт, мы выразна ўсвядомілі, што папярэднія ўласнікі дапусцілі шэраг памылак. У тым ліку ў стасунках з народам. Таксама былі памылкі ў праектаванні. Што і прывяло да такога выніку. Мы хочам падкрэсліць, што да іх мы не маем ніякага дачынення і не хочам увязвацца ў нейкія пытанні, якія датычылі таго перыяду. На сённяшні момант наша пазіцыя такая: мы празрыстыя і адкрытыя», – заявіў Кагановіч.
На пытанні адносна будаўніцтва заводы менеджары адказвалі, што не маюць да гэтага дачынення.
«Да нас як новых уласнікаў заводу цяжка выставіць прэтэнзіі з нагоды будаўніцтва ў тым ці іншым месцы. Мы яго не будавалі там», – сказаў Баскаў.
Адзін з лідараў акумулятарнага пратэсту Дзмітрый Бекалюк паведаміў прысутным, што мае намер звярнуцца ў аблвыканкам з патрабаваннем правесці паўторныя грамадскія абмеркаванні заводу.
Таксама прысутных папрасілі рукі тых, хто згодны з будаўніцтвам заводу. Такіх у натоўпе не аказалася. А пасля тых, хто супраць, і падняўся лес рук.
Бізнесмены ж запрасілі ўсіх ахвотных прыязджаць на завод.
МГ belsat.eu