Да Новага году халоднай зімы не будзе. Прагноз не ад сіноптыкаў


Доўгатэрміновага прагнозу надвор’я сіноптыкі звычайна не складаюць. Але ёсць народныя прыкметы, паводле якіх нашыя продкі вызначалі, якім будзе надворʼе нават праз месяц, ці яшчэ пазней.

Як распавяла Tut.by этнолаг і фалькларыст Алена Доўнар-Запольская, калі меркаваць па прыкметах, то зіма сёлета будзе класічнай, моцных маразоў чакаць не варта.

«Пакроў быў добры, значыць, пакуль снегу не будзе. Ды і ў цэлым зіма не павінна быць суровай, бо сёлета было няшмат рабіны. Ёсць яшчэ такая прыкмета: калі на версе ёлкі больш шышак, то гэта да марозу. Але сёлета шышкі былі размеркаваны раўнамерна па дрэве, унізе яны таксама былі, што таксама дае падставы, меркаваць, што зіма будзе звычайная», адзначае этнограф Алена Доўнар-Запольская.

Спевы ў навагоднюю ноч у Менску. Фото: Depositphotos

Снегу на Новы год, калі верыць прыкметам, таксама не будзе. На гэты конт у нашых продкаў было досыць шмат прыкметаў.

«Ва ўсіх усходніх народаў казалі так: што Казанская пакажа, тое і зіма скажа. Казанская ў нас была без снегу, было абсалютна спакойнае восеньскае надворʼе з невялікім пахаладаннем. Часам на гэты дзень глядзелі па старым стылі, а ён выпадае на 17 лістапада. І атрымліваецца, што гэты дзень таксама быў спакойным», – прагназуе этнограф.

Наступная прыкмета – Дзмітрыеў дзень, які адзначаецца 8 лістапада. Таксама не было завеі, што сведчыць пра адсутнасць снегу да Новага году.

«Па некаторых днях у далейшым таксама можна спрагназаваць зіму. Напрыклад, 21 лістапада будзе Міхайлаў дзень. І калі ў гэты дзень пойдзе дождж і будзе цёпла, то 19 снежня, у дзень Міколы зімовага, будзе мароз. Рабілі выснову пра наворʼе і праз першыя тры дні снежня. Першы дзень гэтага месяцу вызначаў, якой будзе зіма, 2 снежня сведчыў пра вясну і сенакос, а 3 снежня – жніво. 9 снежня чакаецца зімовы Юрый. Па гэтым дні таксама можна вызначыць, якім будзе ўвесь снежань», падсумоўвае Алена Доўнар-Запольская.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў