COVID-19 у Ваўкавыскім педагагічным каледжы: дзеці раз'ехаліся па дамах


Агульнакаледжная дыктоўка «Пад іменем Купалы». Фота з профілю каледжу ў Інстаграм

29 красавіка ў настаўніцы Ваўкавыскага педагагічнага каледжу выявілі каронавірус. Паводле ейных калегаў, разам з маці настаўніцу шпіталізавалі ў інфекцыйнае аддзяленне аднаго з мясцовых шпіталяў. Мазкі ў дзяцей бяруць па ўсёй краіне, бо тыя з’ехалі дамоў на доўгія канікулы.

Ваўкавыскі педагагічны каледж (філіял Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы) вядзе навучанне праз інтэрнэт. У лабараторыях – робяць тэсты на каронавірус для настаўнікаў і вучняў навучальнай ўстановы.

Галоўны санітарны лекар Ваўкавыскага раёну Максім Жутковіч паведаміў «Белсату»:

«Сёння не магу сказаць, колькі, бо не маю ўсіх вынікаў у занальным цэнтры. У студэнтаў і настаўнікаў педкаледжу ў Ваўкавыскім раёне ўзялі 60 мазкоў. Колькі агулам узялі, мне не вядома, бо вучні раз’ехаліся па дамах, і ў іх бяруць мазкі па месцы жыхарства».

Пра пагрозу даведаліся на вакацыях

Агульнакаледжная дыктоўка «Пад іменем Купалы». Фота з профілю каледжу ў Інстаграм

Вучні даведаліся пра хваробу настаўніцы ў часе доўгіх выходных. Частка з іх, патэнцыйна небяспечныя кантакты першага ўзроўню, цягам пятніцы, суботы і нядзелі вярталіся дамоў грамадскім транспартам у розныя куткі Беларусі. Алёна, вучаніца каледжу (імя змененае на ейную просьбу) апошні кантакт з хвораю настаўніцай мела ў пятніцу, 24 красавіка, а 25 красавіка пасля заняткаў дзяўчына паехала да бацькоў у Гарадзенскую вобласць. Вярнуцца на вучобу з вакацыяў вучні мусілі 4 траўня.

«Пра захварэлую настаўніцу мне паведамілі 29-га красавіка. Тым з вучняў, хто быў дома, сказалі там і заставацца. А тым, хто жыў у інтэрнаце пры каледжы, сказалі ехаць па дамах! Ім не дазволілі нават туды вярнуцца і забраць рэчы. Пазней нам пачалі званіць з паліклінік, каб узяць мазкі, іх бяруць па месцы жыхарства. Большасці маіх аднагрупнікаў тэсты ўжо зрабілі, але не мне. Кажуць, што яго робяць ці на 1 ці на 13 дзень ад кантакту. 13 дзень выпадае на сераду, 6 траўня. Так што я ўсё яшчэ чакаю».

Ейная аднагрупніца Марына (імя змененае па ейнай просьбе) кажа, што даведалася пра захварэлую настаўніцу праз тэлефон. Патэлефанавалі з паліклінікі, якая месціцца ў горадзе пражывання бацькоў (больш за 200 кіламетраў ад Ваўкавыску):

«Назвалі прозвішча маёй настаўніцы і запыталіся, ці яна ў мяне выкладае. Я адказала, што так. Тады мне сказалі, што я кантакт 1 узроўню. Запыталіся, дзе я буду знаходзіцца ў бліжэйшыя дні і дзе мне могуць зрабіць тэст. У той момант я была недалёка ад Ваўкавыску, і мой нумар перадалі мясцовай паліклініцы. Я паехала ў Ваўкавыск і там на наступны дзень прыехалі лекары і ўзялі мазок».

Ніякіх інструкцыяў, што рабіць і чаго не рабіць – Марына не атрымала. Адная з настаўніц каледжу сказала, каб усе, хто яшчэ не дома, ехалі дамоў. Патэнцыйная інфікаваная села ў цягнік і паехала да сваіх бацькоў. Распавяла, што каронавірус выявілі ў вучаніцы каледжу, якую яна асабіста не ведае. «Белсату» не ўдалося пацвердзіць ці зняпраўдзіць гэтую інфармацыю.

На самаізаляцыі засталіся адзінкі

Візіт Міністра адукацыі Ігара Карпенкі ў Ваўкавыскі каледж. Фота з профілю каледжу ў Інстаграм

Адзін з настаўнікаў каледжу, які таксама пажадаў застацца ананімным, кажа, што настаўнікі слаба паінфармаваныя аб сітуацыі. Яны адно перадалі ў адпаведныя службы інфармацыю пра дзяцей, якія мелі кантакт з інфікаванай настаўніцай. Настаўнік пагаджаецца, што адсылаць дадому вучняў, якія знаходзіліся 29 красавіка ў Ваўкавыску, было нелагічна.

«Зразумела, што ўвядзенне гэтага каранціну зараз – гэта спозненая і нясвоечасовая справа. Усё гэта трэба было рабіць, калі сітуацыю можна было кантраляваць. Не ўсім вучням хапае месца ў інтэрнаце. Большасць дзяцей з іншых гарадоў жывуць на кватэрах. І здараюцца сітуацыі, што гаспадары адмаўляюць цяпер дзецям. Кажуць, што баяцца з імі жыць. Мне вядомыя выпадкі, калі гаспадары ставілі тэрмін і прасілі выехаць з памяшкання да вызначанае даты. І куды такому вучню ісці? Ёсць і тыя, хто не з’ехаў з Ваўкавыску, а застаўся на ізаляцыі ў інтэрнаце, бо бацькі сказалі не вяртацца праз рызыку заражэння».

Пра пераход на дыстанцыйнае выкладанне настаўнікам паведамілі 3 траўня, за дзень да офлайнавых заняткаў. За два дні да гэтага – правялі адпаведны семінар па навучанні з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогіяў.

«Нам правялі гэта ўсё пост-фактум, а рыхтавацца трэба было загадзя, правесці практыкі, нам жа патрэбныя былі нейкія папярэднія трэніроўкі. Цяпер гэта ўжо мітусня. Трэба было таксама раней падумаць і пра настаўнікаў, пра дыстансаванне ад вучняў, пра іхнае здароўе, а не цяпер, калі ўжо смажаны певень клюнуў».

Бацькі нервуюцца, ідэолаг – недагаворвае

Візіт Міністра адукацыі Ігара Карпенкі ў Ваўкавыскі каледж. Фота з профілю каледжу ў Інстаграм

Бацька аднаго з вучняў, з якім удалося звязацца, кажа, што гэта безадказнае стаўленне да сітуацыі. Дзеці вяртаюцца ў розныя гарады па ўсёй краіне, да сваіх бацькоў, сясцёр, братоў, бабуляў ды дзядуляў. Яго вельмі непакоіць, што шмат людзей такім чынам могуць заразіцца.

«Мы гэтага не хаваем, у нас быў факт», – кажа Валянцін Талочка, які выконвае абавязкі намесніка дырэктара па выхаваўчай і ідэалагічнай працы каледжу. Завярае, што 29-30 красавіка кіраўніцтва каледжу арганізавала курсы для настаўнікаў, як працаваць праз інтэрнэт. На семінары не прысутнічалі толькі тыя супрацоўнікі, якія ўзялі ў гэты час адпачынак за ўласны кошт.

Пра тое, што некаторыя вучні не вярнуліся дадому падчас выходных, Валянцін Талочка не паінфармаваны.

«Дзеці паехалі па дамах перад інфармацыяй пра хворую настаўніцу, бо тады яшчэ не было выяўлена, што яны кантакты 1 узроўню. Яны былі ўжо дома, калі гэты факт пацвердзіўся».

Намеснік дырэктара не змог акрэсліць, як доўга працягнецца навучанне дзяцей праз інтэрнэт. Маўляў, гэта будзе вырашаць Ваўкавыскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Не змог ён акрэсліць і фармату атэстацыі вучняў па выніках навучальнага года.

Ігар Кулей Belsat.eu

Стужка навінаў