У выніку глабальнага пацяплення можа знікнуць кава


Фермер Hawa Nakawungu распыляе пестыцыды на сваёй кававай плантацыі недалёка ад Кампалы, сталіцы Уганды. Фота – Hereward Holland / Reuters.

За каву сёння змагаюцца вучоныя: робяць арабіку больш устойлівай да цяпла, а рабусту – не такой горкай.

Цэнтр даследаванняў клімату і бяспекі (Вашынгтон) апублікаваў справаздачу, у якой пералічыў 12 рызыкаў глабальнага ацяплення, якія зменяць свет.

Сярод гэткіх фактараў, як раставанне арктычных ільдоў, паводкі або знікненне пад вадой цэлых краінаў, аказалася і пагроза добраму эспрэса.

Пагроза №6

Шостым фактарам рызыкі ў спісе амерыканскага даследачага інстытуту стала «пагроза гандлю кавай». Найбольш глабальнае пацяпленне пагражае самаму капрызнаму гатунку – Coffea arabica.

Эвалюцыя арабікі адбылася ў горных раёнах Афрыкі. Там, на вышыні 1000–2000 метраў далікатныя і патрабальныя дрэўцы адчуваюць сябе найлепш пры тэмпературы  18– 21 °C. Калі яна падымаецца, кававае дрэўца перастае расці. Пры 23 °C адбываецца збой у развіцці і саспяванні пладоў, яны становяцца горшай якасці. Пры 30 °C дрэва пачынае губляць лісты.

  • Арабіка заспакойвае 70 % сусветных патрэбаў у каве. Кававы бізнес дае працу 125 млн людзей ува ўсім свеце (у тым ліку 26 млн фермераў), а экспарт кававых зерняў ацэньваюць у $ 15 млрд штогод.

Дапамагчы магло б вывядзенне вучонымі новых, больш устойлівых да кліматычных зменаў гатункаў. Аднак, амаль усе дрэвы, якія гадуюцца сёння, – нашчадкі нешматлікага транспарту кавы ў галандскія і французскія калоніі ў 17-м і 18-м стагоддзях. У выніку генафонд гэных раслінаў – даволі сціплы, і змяшчае цяпер крыху больш за 1 % ад агульнай генетычнай разнастайнасці, якую мела калісьці дзікая арабіка.

Таму менавіта дзікія дрэўцы – найбольш цікавыя для навукоўцаў сёння.

«Гэтая арабіка найбольш каштоўная: яна ўвесь час эвалюцыянуе і адаптуецца да новых умоваў натуральным чынам», – кажа газеце Wyborcza Аарон Дэйвіс, кіраўнік даследаванняў кавы ў брытанскім Каралеўскім батанічным садзе Kew.

Эфект матылька

Звесткі Цэнтру клімату і бяспекі нельга недаацэньваць: паводле экспертаў, нават калі нешта пагражае толькі аднаму раёну на планеце, праблема можа разысціся па ўсім свеце.

Як пагроза знікнення пад вадой цэлых краінаў утвараюць праблему ўцекачоў, гэтак брак кавы можа прывесці да таго, што пачнуць падаць самалёты, пілоты якіх не змогуць прачнуцца без кубку латэ.

Па-за арабікай ёсць яшчэ рабуста, якая расце на вялізных плантацыях Бразіліі, В’етнаму ды Індыі. Яна таннейшая, але праз свой занадта горкі смак выкарыстоўваецца галоўным чынам для вытворчасці растваральнай кавы.

Зерне арабікі і рабусты.

Вучоныя, аднак, працуюць і з ёй, змяняючы ДНК рабусты так, каб паправіць яе смак.

Апошнюю філіжанку кавы мы, відаць, вып’ем няхутка. Пытанне – ці будзе яна такой ж добрай, як да глабальнага пацяплення.

ДД

Стужка навінаў