Чыноўнікі працягваюць папаўняць базы дармаедаў у рэгіёнах


У базу дадзеных незанятага ў эканоміцы насельніцтва, што запрацавала з 1 снежня сёлета, уключана ажно паўмільёна чалавек. Некаторыя рэгіёны ўжо агучылі, колькі людзей папярэдне трапілі ў так званую базу дармаедаў.

Спісы да гэтага часу ўдакладняюцца, таму яны могуць істотна змяніцца, піша TUT.BY.

Як у Беларусі спрабуюць падлічыць дармаедаў

«Больш дэталёвую інфармацыю ў разрэзе вобласцяў і рэгіёнаў мы атрымаем пазней», – заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

У лістападзе летась кіраўніца Адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Качанава, кажучы пра распрацоўку новай канцэпцыі дэкрэту № 3, адзначыла, што ў Беларусі каля 500 тысячаў чалавек, не занятых у эканоміцы. Падобную лічбу раней агучваў і былы прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. А Аляксандр Лукашэнка загадаў уцягнуць іх «імем рэвалюцыі ў працу», а таксама «прымусіць гэтых людзей працаваць і спыніць раздаваць бясплатна даброты тым, хто не працуе».

Колькі дармаедаў знайшлі ў рэгіёнах?

У Віцебскай вобласці ў базу ўключылі каля 70 тысячаў чалавек, паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацабароне Віцебскага аблвыканкаму. Спецыялісты ўдакладняюць, што «гэта тыя людзі, пра якіх няма дадзеных на адпаведных рэсурсах».

У Берасці не занятых у эканоміцы чыноўнікі налічылі пакуль звыш 20 тысяч жыхароў, распавёў начальнік упраўлення па працы, занятасці i сацыяльнай абароны Берасцейскага гарвыканкама Міхаіл Раманюк. Усяго толькі каля 200 берасцейцаў, якія знаходзяцца ў папярэдніх спісах дармаедаў, неўзабаве атрымаюць жыроўкі з паведамленнем пра 100 % аплаты за гарачую ваду.

У Баранавічах у базу па стане на 5 снежня ўключана каля 12 800 людзей. А вось ў раёне налічылі ўсяго толькі каля 700 дармаедаў. Старшыня баранавіцкага раённага Савету дэпутатаў Сяргей Сліва ўпэўнены, што канчатковая лічба будзе меншая: практычна ў кожнага вяскоўца ёсць свая прысядзібная гаспадарка.

Па стане на 5 снежня 126 жыхароў Слуцкага раёна з тых, хто ўключаны ў базу непрацуючых, будуць аплочваць 100% коштаў на гарачае водазабеспячэнне, паведаміла Наталля Аўсяннікава, старшыня камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва Слуцкага раёна.

«Трэба разумець, што 126 асобаў – гэта толькі тыя, хто не працуе і зʼяўляецца плацельшчыкам камунальных паслугаў. Іншыя катэгорыі тых, хто не мае працу – нашмат большая. Камісія пастаянна аналізуе дадзеныя, кагосьці выключае, кагосьці дадае ў базу», – удакладніла Наталля Аўсяннікава.

Хто з’яўляецца дармаедам

У базу дармаедаў уносіцца хатні адрас, дата і год нараджэння, ідэнтыфікацыйны нумар, рэгістрацыя па месцы жыхарства. Беларусы могуць онлайн праверыць, ці не ўключылі іх у базу дармаедаў.

Згодна нормаў дэкрэту, да занятых у эканоміцы адносяць тых, хто займаецца вытворчасцю прадукцыі раслінаводства (акрамя прадукцыі кветкаводства, дэкаратыўных раслінаў, іх насення і расады), жывёлагадоўлі (за выключэннем Берасця, Віцебску, Гомлю, Горадні, Менску, Магілёву) на зямельным участку, прадстаўленым для вядзення асабістай прысядзібнай гаспадаркі, будаўніцтва і абслугоўвання жылога дому.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў