Чыноўнікі ізноў загадалі дыверсіфікаваць рынкі збыту дрэваапрацоўкі

Прадпрыемствы «Беллеспаперапраму» павінны актыўна асвойваць рынкі далёкага замежжа, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Ляшэнка падчас пасяджэння рады канцэрну. Віцэ-прэмʼер адзначыў, што асноўным рынкам збыту для прадпрыемстваў канцэрну надалей застаецца Расея, і падкрэсліў неабходнасць дыверсіфікацыі экспарту.

«Вам трэба больш актыўна асвойваць рынкі далёкага замежжа», – загадаў віцэ-прэмʼер Ігар Ляшэнка.

На думку Ігара Ляшэнкі, кіраўніцтву канцэрну неабходна надаваць асаблівую ўвагу прадпрыемствам, якія атрымліваюць дзяржаўнае падтрыманне.

«Тыя, хто прыйдзе за дзяржпадтрыманнем, павінны мець на руках глыбокі аналіз сітуацыі: чаму патрэбна падтрыманне і як прадпрыемства будзе развівацца далей», – растлумачыў намеснік прэмʼер-міністра.

«Прадпрыемствы, якія карыстаюцца дзяржпадтрыманнем, у 2018 годзе выканалі ўсе ўмовы. Усе прадпрыемствы, для якіх умовы дзяржаўнага падтрымання захоўваюцца на бягучы год, плануюць безумоўна іх выконваць. Гэта прапісана ў іх бізнес-планах», – адзначыў старшыня «Беллеспаперапрама» Юрый Назараў.

Ігар Ляшэнка звярнуў увагу на пытанні падрыхтоўкі кадраў. Акрамя таго, віцэ-прэмʼер даручыў кіраўніцтву канцэрну больш актыўна працаваць у напрамку інфарматызацыі галіны.

«Магілёўдрэў» супраць ІКЕА. Чаму не працуе мадэрнізацыя беларускіх прадпрыемстваў?

СК, belsat.eu

Hавiны