Чацвёртая нафтавая. Як, калі і навошта Лукашэнка ваюе з Расеяй


Мазырскі НПЗ.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters

Нафтавыя канфлікты паміж Менскам і Масквой адбываюцца кожныя 5 гадоў. І кожны раз вайна разгараецца на фоне будучай выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі.

Беларускі нафтавы афшор

У 1995 годзе Расея адмовілася ад збірання экспартнай мыты на нафту пры пастаўках у Беларусь. Тады было падпісана пагадненне, якое ўсталёўвала «рэжымы, якія сінхранізуюць устанаўленне экспартнай мыты на нафтапрадукты». Сродкі ад атрымання мыты размяркоўваліся такім чынам, што бюджэт Беларусі атрымліваў 15%, а бюджэт Расейскай Федэрацыі – 85%. Шэсць гадоў пасля Беларусь у аднабаковым парадку выйшла з гэтай дамовы і пачала самастойна ўсталёўваць стаўкі экспартных мытаў. Яны былі ў 2-3 разы ніжэйшыя за расейскія. Аж да 2006 года Масква чакала і спадзявалася, што Менск вернецца да схемы 1995 года.

«Гэта прывяло да таго, што гэты накірунак стаў нейкім афшорам, пыласосам, які ствараў неабгрунтаваным чынам перавагу выключна для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў», – сказаў у 2007 годзе тагачасны міністр прамысловасці і энергетыкі Расеі Віктар Хрысценка на сустрэчы Уладзіміра Пуціна з урадам.

На гэтай жа сустрэчы экс-міністр фінансаў РФ Аляксей Кудрын заявіў, што з 2001 па 2006 год расейскі бюджэт недаатрымаў з-за беларускага нафтавага афшора $ 3,5 – 4 млрд.

Першая нафтавая. Кошты сталі сусветнымі

У першым квартале 2006 года Масква вырашыла прыкрыць лавачку і пачала перамовы аб вяртанні ўсіх рэжымаў рэгулявання, «у тым ліку доступу расейскіх кампаніяў на беларускі рынак, у рэжыме пагаднення 1995 года«.

19 сакавіка Аляксандр Лукашэнка ў трэці раз быў абраны прэзідэнтам Беларусі.

«Да канца 2006-га Беларусь купляла расейскі газ прыкладна за 15% ад сусветнага кошту і пакідала ў сябе ўвесь звышпрыбытак ад экспарту нафтапрадуктаў на сусветны рынак, імпартуючы з Расеі нафту па ўнутрырасейскіх коштах», – адзначае дырэктар Даследчага цэнтру ІПМ Аляксандр Чубрык у сваім артыкуле «Нафта ў абмен на ўсё».

У лістападзе 2006 году Расея апавясціла Беларусь, што мае намер увесці звычайны рэжым паставак нафты, які не прадугледжвае ніякіх прэферэнцыяў. 8 снежня была ўведзена мыта на нафту для нашай краіны. А газ Беларусь стала купляць у два разы даражэй і была вымушана прадаць Расеі 50% акцыяў »Белтрансгазу« за $ 2,5 млрд.

Другая нафтавая. Гудбай, «Белтрансгаз»

Гэтая вайна пачалася прыблізна за год да чацвёртых прэзідэнцкіх выбараў Аляксандра Лукашэнкі і з рознай інтэнсіўнасцю доўжылася практычна 5 гадоў.

Канфлікт разгарэўся з-за цаны на газ і кошту яго транзіту праз Беларусь. Паралельна Менск і Масква вялі перамовы аб тым, як будзе працаваць Мытны саюз і Адзіная эканамічная прастора.

З 2010 года Расея пачала экспартаваць нафту ў Беларусь па сусветных цэнах (па нізкай цане экспартаваліся толькі 6,3 млн тон для ўнутранага спажывання). А таксама атрымала другую палову акцыяў »Белтрансгазу«. Акрамя таго, даходы ад мытаў на беларускі экспарт нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты, сталі пералічвацца ў расейскі бюджэт.

19 снежня 2010 года Аляксандр Лукашэнка зноў абраны прэзідэнтам.

«Квазінафтавы» экспарт

На працягу больш за 4 гадоў (2008-2012 гг.) Беларусь займалася рээкспартам расейскіх вуглевадародаў пад выглядам розных прадуктаў нафтахіміі, якія не абкладаліся мытамі. Кіраўніцтва Расеі не магло не ведаць пра гэты «квазінафтавы» экспарт. Нягледзячы на гэта, у 2012 годзе Масква абвінаваціла Беларусь у «кантрабандзе расейскіх нафтапрадуктаў». Расейскі ўрад ацаніў страты свайго бюджэту ў некалькі сотняў мільёнаў долараў. Вынік – імпарт нафтапрадуктаў быў цалкам спынены.

Трэцяя нафтавая. «Падатковы манеўр» і гістарычны максімум цэн на газ

У 2014 годзе Расея прымае рашэнне аб рэалізацыі «падатковага манеўру», каб замяніць экспартныя мыты на нафту і нафтапрадукты падаткам на здабычу карысных выкапняў. Для Расеі – гэта спроба падштурхнуць кампаніі да інвестыцыяў у нафтаперапрацоўку. Для Беларусі – павышэнне коштаў на імпартаваную нафту. Намеснік старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі Андрэй Бунакоў заявіў у 2019 годзе, што страты беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў ад падатковага манеўру ў нафтавай сферы ў Расеі складуць $ 5,8 млрд (2019-2024 гг).

«У 2014 годзе цана на газ для Беларусі склала 51,2% ад цаны, па якой Расея экспартавала газ у «астатні свет», у 2015-ом 61,7%, а ў 2016 годзе – 85,9%, гістарычны максімум», – піша дырэктар Даследчага цэнтру ІПМ Аляксандр Чубрык у артыкуле «Нафта ў абмен на ўсё».

11 кастрычніка 2015 года кіраўнік Беларусі ў пяты раз атрымлівае перамогу на прэзідэнцкіх выбарах, набіраючы 87,2% галасоў выбарнікаў.

Ліхія 2015-2016-ыя

Падзенне сусветных цэн на нафту і валютны крызіс у Расеі прымусілі панервавацца ўсіх. Паколькі цэны на газ у Расеі і Беларусі адрозніваліся, Менск разлічваўся з Масквой за газ па сваіх «справядлівых» коштах. Расея запісвала недаплату ў доўг, які Беларусь не хацела пагашаць, і скараціла пастаўкі нафты. Перамоўны працэс завяршыўся кампрамісам – пагадненне аб кампенсацыі страт для Беларусі праз механізм «перетаможкі» і пагашэнне назапашанага доўгу за газ. Формула цаны на газ засталася ранейшай, атрымаў права тры гады імпартаваць 24 млн тон нафты штогод.

Чацвёртая нафтавая. Нафту пастаўляе алігарх

Наступіў 2020-ы. Расея прыпыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Пагадненне па цане на газ было дасягнутае за дзве гадзіны да Новага года. А нафту ў Беларусь пакуль пагадзіўся пастаўляць толькі расейскі алігарх, сябар Аляксандра Лукашэнкі Міхаіл Гуцырыеў.

Меркаванні
Крэмль бярэ Лукашэнку на змор
2020.01.14 17:07

Шостыя выбары беларускага прэзідэнта адбудуцца не пазней за 30 жніўня 2020 года.

ЮВ/ІР belsat.eu

Стужка навінаў