Прыняцце валявога рашэння пра заканчэнне вымушаных канікул перавяло ўсіх нашых школьнікаў адначасова ў дзве катэгорыі. Першая – тыя, хто ў школу пойдзе, вучыцца будзе (бо ніхто не сказаў, колькі менавіта вучняў ва ўмовах добраахвотнага выбару бацькоў мусяць знаходзіцца ў класе, каб урок адбыўся). І, адпаведна, атрымае адзнакі за чацвёртую чвэрць.
Другая катэгорыя – тыя, каго бацькі ў школу не павядуць. Адпаведна, гэтыя нашы непаўналетнія суграмадзяне адзнакі за чацвёртую чвэрць маюць шанец не атрымаць. Але доблеснае нашае Міністэрства ўсіх суцешыла: маўляў, гадавую можна выставіць на падставе трох «перадпандэмійных» чацвяртных ацэнак.
Стоп. Здаецца, мы кудысьці прыплылі.
Дык у нас дзеці ў школу ходзяць для таго, каб атрымаць там ацэнку – ці ўсё ж такі веды? Я са сваім не надта багатым досведам працы ў школе, аднак быў упэўнены, што яны ідуць туды за ведамі. Чамусьці менавіта гэтага ад мяне патрабавалі і бацькі, і адміністрацыя школы, і грамадства. Як я з гэтым спраўляўся – іншае пытанне, але ацэнка – усяго толькі адлюстраванне ўзроўню ведаў па прадмеце, якія атрымаў канкрэтны школьнік. На адным уроку ён атрымаў адну колькасць ведаў, на іншым – іншае. І калі навучэнец, напрыклад, хварэў тыдзень ці два, яго адставанне – нават па літаратуры і гісторыі – станавілася не тое каб катастрофай, але, ва ўсякім выпадку, праблемай.
Прызнаюся: я не веру ў тое, што ўсе школьнікі, якія на працягу бліжэйшых двух месяцаў воляю бацькоў і пры згодзе дзяржавы будуць знаходзіцца дома, змогуць асвоіць запланаваныя веды самастойна. Асабліва калі гаворка ідзе пра сярэдняя звяно, дзе роля настаўніка вельмі вялікая, а бацькі ўжо не ў стане замяніць яго. То бок прымусіць дзіця тупа вызубіць падручнік тата і мама могуць, але ў веды гэта не ператворыцца. І што мы атрымаем на выхадзе? Гадавыя ацэнкі будуць выстаўленыя, а два месяцы ведаў настаўнікам і дзецям прыйдзецца наганяць ў пачатку першай чвэрці будучага навучальнага года? А што будуць рабіць у гэты час усе астатнія – тыя, каго з бацькоў на «каранцін» дома не пасадзілі?
Гэта мне адразу ж нагадала гісторыю з адсоўваннем пачатку навучальных заняткаў у школе. Гэта значыць, усе былі вымушаныя вучыцца з дзевяці раніцы. Але паколькі бацькам усё роўна трэба ісці на працу да восьмай, то і дзяцей па-ранейшаму адпраўлялі ў школу да восьмай – толькі цяпер замест першага ўрока пачалі праводзіць гурткі і факультатывы. Яно, вядома, з часам усё неяк патрэслася і нават забылася, але першапачаткова ўспрымалася выключна як маразм і спробу прыстасавацца да волі галоўнага бацькі галоўнага школьніка.
Навучальны год – шлях. Чатыры чвэрці шляху – чатыры прамежкавыя этапы. Нельга раптам абвесціць, што прыкладна шэсцьдзесят адсоткаў удзельнікаў забегу, якія сышлі з дыстанцыі ў выніку пандэміі і не прабеглі чвэрць гэтага шляху, тым не менш, пераадолелі ўсю дыстанцыю цалкам. Калі Ігар Васілевіч Карпенка гэтага не разумее, то ён – добры чыноўнік (выканаўчы), але дрэнны міністр, які не разумее, дзеля чаго ён працуе. Да гэтага часу, прызнацца, я быў некалькі іншага меркавання.
І самае дрэннае – тое, што ўся сістэма аказваецца ў тупіку. Настаўнік не ў стане адначасова рыхтаваць адзін і той жа ўрок у двух варыянтах – стацыянарным і дыстанцыйным. Гэта фактычна два розныя ўрокі. Нагрузка вырасла ўдвая. Міністэрства гатовае аплаціць яе?
Аляксандр Фядута/МВ belsat.eu
Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.