«Частка піяру» і «пасланне Крамлю». Вайсковыя эксперты пра заявы Лукашэнкі ў Мачулішчах


Аўтограф на першай беларускай зенітнай кіраванай ракеце, пуск якой адбыўся ў 2020 годзе

Кіраўнік Беларусі настойвае на тым, што нам патрэбная свая ракета. У будучыні галоўнакамандуючы плануе распісацца на 300-кіламетровым «Паланэзе», выпрабоўваць які будуць дзе кольвечы, але не ў Расеі.

«Нягледзячы на эпідэміі, пандэміі, істэрыі, вайну ніхто не адмяняў. І, на жаль, да яе даводзіцца рыхтавацца ў мірны час», – заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка, наведваючы доследна-выпрабавальны ўчастак у Мачулішчах, дзе азнаёміўся з развіццём ракетнай вытворчасці.

Распрацоўнікі запэўнілі кіраўніка краіны, што яшчэ да верасня ў Беларусі мусіць з’явіцца першы доследны ўзор звышдакладнай ракеты, здольнай паражаць цэлі на далёкасці да 300 кіламетраў.

Ці сапраўды нам патрэбныя такія ракеты? І каго меў на ўвазе кіраўнік краіны, кажучы «каб тыя, хто, не дай бог, надумае з намі ваяваць, разумелі, што мы можам годна адказаць»?

Belsat.eu задаў гэтыя пытанні вайсковым экспертам Аляксандру Алесіну і Леаніду Спаткаю.

Аляксандр Алесін: «Гэта элемент інфармацыйнай вайны»

Азнаямленне ў Мачулішчах з ваеннымі распрацоўкамі, 22.05.2020.
Фота: president.gov.by

«Лукашэнка ўзяў курс на тое, што нашыя распрацоўкі мусяць прадавацца. Мы іх экспартуем, а на заробленыя грошы робім вытворчасць сістэмаў для ўзбраення ўласнага войска. Таму заклік стварыць сваю ракету – гэта яшчэ і пра гэта. Але кажучы пра падрыхтоўку да вайны, трэба памятаць, што армія, якая пачынае вайну, ужо яе прайграла. Таму важна, каб грозны выгляд нашых узброеных сілаў адпужваў патэнцыйнага агрэсара. Галоўнае, каб гэтыя ракетныя сістэмы існавалі, каб вакол іх быў вялізны піяр, што мусіць забяспечыць адпаведны псіхалагічны настрой. Гэта элемент інфармацыйнай вайны: мы настолькі магутныя, што на нас нападаць не варта. Таму для Аляксандра Лукашэнкі важна, каб узоры гэткіх ракетаў былі. У прынцыпе, кожны выступ кіраўніка краіны – гэта элемент інфармацыйнай вайны, нічога дзіўнага не прагучала».

Леанід Спаткай: «Гэта пасланне Крамлю, каб тут нават не думалі пра свае ДНР/ЛНР»

«Варта звярнуць увагу на тое, што сённяшняе наведванне Мачулішчаў адбылося ўсяго праз некалькі дзён пасля саміту ЕАЭС. Дзе, як вядома, эмоцыі бралі верх – дастаткова ўзгадаць пра лёс скрэбкі ў руках Уладзіміра Пуціна падчас прамовы Аляксандра Лукашэнкі. Таму ў сувязі з тым, што прапановы Лукашэнкі наконт коштаў на транспартаванне газу не прынялі, а расейскія каналы працягваюць антыбеларускія настроі, кіраўнік краіны і вырашыў, відаць, зрабіць падобную заяву. Маўляў, калі Расея будзе надалей выступаць супраць Беларусі, мы тут маем чым адказаць. Толькі суньцеся са сваімі Віцебскай/Магілёўскай народнымі рэспублікамі, мы вам пакажам».

Аляксандр Лукашэнка знаёміцца з ваеннымі распрацоўкамі ў Мачулішчах.
Фота: president.gov.by

Што да распрацовак уласнай ракеты, тых жа сваіх «Паланэзаў», эксперт лічыць, што яны займаюць прамежкавае становішча паміж сістэмамі залпавага агню і тактычнымі ракетамі. І калі яны сапраўды дамогуцца дальнасці палёту да 500 кіламетраў, ці прынамсі да 300, то яна будзе вельмі запатрабаванай на сусветным рынку ўзбраення.

«У Мачулішчах вялося пра тое, што для выпрабавання гэтай ракеты разглядаюцца палігоны ў Кітаі, Расеі, Казахстане, Узбекістане, Саудаўскай Аравіі. Расеі ў гэтым спісе няма і апошнія выпрабаванні таксама не праводзілі на расейскіх палігонах. Магчыма, сапраўды не хочуць, каб нейкія дэталі гэтых выпрабаванняў ведалі расейцы. Таму, я думаю, гэтая заява можа служыць фактарам стрымання, асабліва ўлічваючы неблагія характарыстыкі гэтых ракетаў».

Леанід Спаткай прытрымліваецца меркавання, што гэта важны і патрэбны для абароннай галіны праект.

Віталь Бабін belsat.eu

Стужка навінаў