Чарнобыль. Усё самае важнае з 1986-га да 2019 года. ТАЙМЛАЙН


Пра катастрофу на Чарнобыльскай АЭС ведае, бадай, кожны беларус, незалежна ад узросту ці палітычных поглядаў. Разам з тым тэма катастрофы з гадамі сталася часткаю штодзённасці. Мы сабралі самыя важныя факты з гісторыі катастрофы, якая пераўтварылася ў драму, расцягнутую на дзесяцігоддзі, наступствы якой адчуе яшчэ не адно пакаленне беларусаў.

1970–1977. Будоўля і ўвядзенне ў эксплуатацыю Чарнобыльскай АЭС імя Леніна. Стварэнне станцыі – частка маштабнага праекту для забеспячэння электраэнергіяй тэрыторыі УССР. Паралельна з ёю будуюцца і запускаюцца іншыя станцыі: Ровенская (1980), Запарожская (1984), Хмяльніцкая (1987) ды інш.

26 красавіка 1986 года. Разбурэнне чацвёртага энергаблоку ЧАЭС у выніку выбуху. У паветра выкінутыя радыеактыўныя рэчывы, праз якія адразу ж пацярпелі работнікі станцыі, пажарнікі і нават працаўнікі КДБ, якія здымалі з верталёта пажар на прадпрыемстве. Але гэта толькі пачатак.

Воблака, утворанае ад пажару, разносіць радыеактыўныя матэрыялы (галоўным чынам радыенукліды ёду і цэзію) па ўсёй Еўропе, але найперш па тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расеі.

1 траўня 1986 года. Па ўсім Саюзе, у БССР таксама, праходзяць шматтысячныя святочныя дэманстрацыі, куды зганяюць працаўнікоў прадпрыемстваў, настаўнікаў, дзяцей ды інш. Навіну пра трагедыю яшчэ захоўваюць у таямніцы, а людзі – у святочным настроі, з балонікамі і кветкамі – нават уявіць не могуць, што атрымліваюць жудасныя дозы радыяцыі.

Кастрычнік 2018, Чарнобыльская АЭС. Фота Serg Glovny/ZUMA Wire

1986–1989. Катастрофа робіцца сапраўдным выпрабаваннем для савецкай сістэмы і асабіста Міхаіла Гарбачова, які абвесціў палітыку галоснасці: або казаць усё як ёсць, або, згодна са старою традыцыяй, захоўваць у таямніцы. Доўгі час пытанне замоўчвалі, а ў газетах праходзяць сціплыя паведамленні пра нязначную аварыю на ЧАЭС, захады для ліквідацыі якой ужо зробленыя: «пагрозы няма». У далейшым тэма прыхоўвання аварыі абурыла людзей і сталася адным з цвікоў у труну СССР.

1988 год. Калі насельніцтва з 30-кіламетровай зоны вакол станцыі было адселенае амаль адразу, то людзей з моцна забруджаных раёнаў Гомельшчыны і Магілёўшчыны адсяляць пачалі толькі праз два гады.

Мужчына вымярае ўзровень радыяцыі на панэлі Цэнтральнага кіравання на Чарнобыльскай АЭС. Красавік, 2018. Фота Tarasov/Ukrinform via ZUMA Wire

1989 год. У Менску ствараюць інстытут радыялогіі – самы буйны цэнтр даследавання наступстваў катастрофы. Там працуюць найлепшыя мясцовыя кадры, а таксама замежныя навукоўцы. Там жа збіраюць статыстыку, малююць мапы забруджання. Тамсама праходзяць даследаванні і атрымліваюць лекі насельнікі пацярпелых раёнаў.

26 красавіка 1989 года. Першы «Чарнобыльскі шлях» у фармаце вулічнай акцыі. Тэму Чарнобылю сярод палітыкаў першым падхапіў Беларускі народны фронт, разам з тэмамі незалежнасці і сталінскіх рэпрэсіяў яна робіцца адною з візітовак БНФ. Праблема ж Чарнобылю пакрысе адыходзіць на другі план, шэсце робіцца адною з традыцыйных акцыяў беларускай апазіцыі. Найбуйнейшы ды найбольш крывавы «Чарнобыльскі шлях» прайшоў у 1996 годзе.

 

21 снежня 1989 года. Ствараецца фонд «Дзеці Чарнобылю» – найбуйнейшая арганізацыя, якая займалася пацярпелымі ад аварыі, вывазам дзяцей на лекаванне ў Еўропу, дастаўкай ежы ды іншых гуманітарных грузаў у Беларусь. Яе ўзначальвае Генадзь Грушавы.

Здымак зроблены ў 100 метрах ад 4-га блока ЧАЭС, якая выбухнула 26 красавіка 1986 г. Фота Serg Glovny/ZUMA Wire

Феномен фонду таксама ў тым, што для прыкладна 1 000 000 дзяцей з Беларусі, вывезеных за ўвесь час існавання ў замежныя паездкі, гэта быў таксама ментальны зрух. Дагэтуль дзіцяці з постсавецкага Слаўгараду ці Гомля паглядзець Італію ці Вялікую Брытанію было нечым фантастычным. Фонд спыніў існаванне ў 2012 годзе.

1997 год. Першая публікацыя «Чарнобыльскай малітвы» Святланы Алексіевіч. Кніга ў наступным атрымала безліч міжнародных узнагародаў і сталася адною з цаглінак Нобэлеўскай прэміі для самой Алексіевіч. У Беларусі тэма Чарнобылю робіцца таксама і культурніцкім феноменам для пісьменнікаў, мастакоў, музыкаў: згадайце Маці Божую Чарнобыльскую Алеся Марачкіна ці культавы «Гомельскі вальс».

1999–2005. Справа супраць прафесара Юрыя Бандажэўскага, які даследаваў уздзеянне малых дозаў радыяцыі на чалавека, робячы акцэнт на небяспецы не толькі пражывання ў забруджаных зонах, але і прадуктаў, якія там вырабляюцца ды разыходзяцца па ўсёй Беларусі. Паводле сфабрыкаванай, нібыта карупцыйнай справы, Бандажэўскага прыгаварылі да 8 гадоў калоніі. Міжнародныя праваабаронцы прызналі справу палітычнаю.

Наагул, пачынаючы з 1994 года, істотна змяншаецца ўвага дзяржавы да чарнобыльскай праблемы, а кіраўнік краіны настойвае на тым, што маштабы катастрофы штучна перабольшваюцца: на забруджанай тэрыторыі, маўляў, можна жыць і займацца гаспадаркаю.

2008–2019. Савет бяспекі Беларусі пастанаўляе пачаць будоўлю Астравецкай АЭС на грошы з расейскага крэдыту. Гэта мае быць эксперыментальны рэактар, якога дасюль нідзе ніколі не будавалі. Увесь працэс будаўніцтва суправаджаецца пратэстамі з боку грамадскасці і скандаламі. Станцыя ў Астраўцы мае запрацаваць у 2019-2020 годзе.

АК belsat.eu

Стужка навінаў