Чарнігаўскі суд сёння пачынае разгляд справы «беларускага шпіёна»

Грыфу сакрэтнасці на справе 32-гадовага беларуса Юрыя Палітыкі, якога ва Украіне абвінавачваюць у шпіянажы, няма, таму судовы працэс можа праходзіць у адкрытым рэжыме, калі суддзя не ўбачыць падставы яго закрыць.

Пачатак папярэдняга судовага паседжання а 16:00. Справу будзе разглядаць судовая калегія з трох суддзяў, якую ўзначальвае Ўладзіслаў Кухто.

«Па змаўчанні працэс мусіць быць адкрыты, грыфа сакрэтнасці на справе няма. Але магчыма, што адзін з бакоў судовага працэсу заявіць хадатайніцтва аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме», – каментаваў справу belsat.eu суддзя Ўладзіслаў Кухто.

Сёння адбудзецца толькі папярэдняе паседжанне, на якім разгледзяць хадатайніцтва бакоў, а таксама прызначаць дату разгляду справы па сутнасці. У тым ліку, на паседжанні 12 лютага можа быць вырашана пытанне аб падаўжэнні тэрміну арышту. Не выключана таксама, што справу могуць вярнуць на дапрацоўку ў пракуратуру.

Мужчыну затрымалі летась 16 чэрвеня падчас праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта «Новыя Ярылавічы». Яго падазраюць у збіранні на тэрыторыі Украіны звестак аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. 23 студзеня Юрый Палітыка атрымаў абвінаваўчы акт – яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з альбо без канфіскацыі маёмасці.

Напачатку студзеня 2018 года шэраг беларускіх недзяржаўных СМІ апублікавалі ліст затрыманага беларуса Юрыя Палітыкі ў амбасаду Беларусі ў Кіеве, дзе ён сцвярджае, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі, ніколі не працаваў на беларускі КДБ, не збіраў сакрэтныя звесткі для Расеі. Таксама быў апублікаваны ліст маці затрыманага беларуса з просьбай аб дапамозе.

Генеральная пракуратура Беларусі заявіла пра «абгрунтаваныя сумневы ў наяўнасці прыкметаў шпіянажу ў дзеяннях затрыманага» і назвала крымінальную справу супраць беларуса «палітычнай».

СБУ заяву Юрыя Палітыкі пра катаванні зняпраўдзіла.

ДР belsat.eu

Hавiны