«Чарка каньячку і цытрынавы сок». Рэцэпт даўгалецця ад 119-гадовай цыганкі

Кацярыне Райсонаўне сёлета споўнілася 119 гадоў. Пры гэтым яна носіць вялікія залатыя завушніцы, фарбуе пазногці, варожыць і паміраць пакуль не збіраецца. Пра няпростае цыганскае жыццё размаўляем з Бабай Кацяй і яе ўнучкай Рубінай.

Знакамітую сярод цыган Бабу Кацю мы знайшлі ў вёсцы Ходараўцы недалёка ад Ліды. Упрыгожаная вялікімі залатымі завушніцамі і з яскравай хусткай на валасах, яна сустрэла нас разам унучкай Рубінай і цэлай гурбай праўнукаў.

Праўнучкі Бабы Каці. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Сапраўднае імя жанчыны – Кацярына Райсонаўна Макавецкая. Яна сцвярджае, што нарадзілася ў далёкім Растове-на-Доне 26 траўня 119 назад. Маці жанчыны таксама была даўгавечніцай і дажыла да 115 гадоў.

«Нарадзілася я ў Растоўскай вобласці. Якое маё жыццё было? Раней качавалі, ездзілі падводамі. Жылі ў намётах. Коні былі. Сваіх дзяцей у мяне было 12 штук. І 30 унукаў маю, то праўнукаў і не прыпомню ўсіх. Мне дзяржава дапамагала. Маю цэлы вагон ордэнаў за шматдзетнасць», – распавядае Кацярына Райсонаўна.

«Бабуля, а раскажы пра вайну», – гучна просіць унучка Рубіна, бо Баба Каця ўжо дрэнна чуе.

«Раней вайна была. Стралялі, кідалі бомбы гэтыя, розныя гадасці. Я была пад Царыцынам (былы Сталінград, сёння Валгаград – заўв. рэд.). Міна ўзарвалася і мяне раніла. 17 ран. Брат са мной быў, дык яму ў сэрца папала. Ён адразу памёр, а я жывая засталася. Я крычу да мамы, дзе Коля, а мне не гавораць. Кажуць, пайшоў па коней. Якія коні? Але лячылі мяне немцы і вылечылі», – кажа Баба Каця.

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Гэта быў успамін з Першай Сусветнай вайны, якую жанчына яшчэ падлеткам сустрэла ў Расеі. У той час яны няспынна качавалі па ўсёй нядаўна разбуранай імперыі. Вялікія табары налічвалі больш за 200 чалавек. Звычайна ад 20 да 50 сем’яў. Кожны табар пакідаў пасля сябе знак – павязвалі на дрэвах стужачку ці вяроўку, каб тыя цыгане, што прыйдуць, маглі іх знайсці.

«Усю сям’ю закапалі ў яме»

Другую сусветную вайну Кацярына Райсонаўна сустрэла ўжо пад Берасцем у Беларусі. Аднак тыя ж немцы, якія ў першай вайне яе выратавалі, у чарговай вайне знішчылі ўсю яе сям’ю.

«Мы тады качавалі. Немцы ж не любілі цыган, як і габрэяў. Увесь наш табар, тады акружылі. Усю маю сям’ю, жанчын з дзецьмі груднымі, мужчын, дзяцей, старых – усіх сагналі ў яму і закапалі жывымі. З усяго табару нас выратавалася чалавек шэсць, хто паспеў у лесе схавацца. Жанчыны, калі хаваліся з дзецьмі груднымі, закрывалі ім роцікі, каб тыя не плакалі. Бывала такое, што пасля яны задыхаліся», – успамінае Кацярына Райсонаўна.

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Жанчыне ўдалося выжыць разам з мужам і дзецьмі. Некаторы час яны яшчэ качавалі па ўкраінскім Палессі. Потым трапілі ў Варонежскую вобласць. Пасля закона аб аселасці цыган у 1956 годзе, у Варонежскай вобласці яны засталіся працаваць у калгасе.

«Я не многа працавала ў калгасе. Больш муж мой і сыны. А так пайду, цялят пакармлю. У мяне ж дзяцей было 12 галоў. Трэба было іх глядзець. А мужа майго ўжо 25 гадоў няма», – кажа Баба Каця.

Дзяцей Кацярыны Райсонаўны таксама раскідала па ўсім свеце: хто ў Беларусі застаўся жыць, хто ва Украіне. Пасля смерці мужа жанчыну забралі ў Беларусь, дзе яна жыве ўжо каля 20 гадоў. Зараз бабуляй апякуецца ўнучка Рубіна.

«Кроў нявінніцы раскрываецца быццам ружа»

Узрост патэнцыйнай цыганскай нявесты пачынаецца з 15-ці гадоў. Як распавядае ўнучка Рубіна, дзед скраў маладую Кацярыну ў 16. На той момант яму было 38. Крадзеж нявестаў адна з вельмі даўніх цыганскіх традыцый. Скраў – азначае, што яны разам збеглі. Паколькі дзяўчына ў любым выпадку павінна прайсці праверку на цнатлівасць, падчас уцёкаў маладыя часцяком прыхопліваюць з сабой прасціну, каб быў доказ спалучанай пары і дзяўчына не запляміла гонар сям’і. Сёння, як і даўней, сваты або старэйшыя жанчыны прасціну выносяць на агульную праверку.

«Адрозніць кроў нявінніцы вельмі лёгка. Яна не падобная да звычайнай крыві ад парэзу. З прасціны яе часам укідаюць у шклянку з гарэлкай, дзе яна раскрываецца, як бутон ружы. Гэтую кроў нічым не адмыеш», – кажа Рубіна.

Сёння цыганскае вяселле гуляюць пяць дзён у рэстаране, а пасля яшчэ тры дня ў хаце. За ўсё цалкам плаціць муж, які мусіць купіць нават сукенкі для ўсіх жанчын. Вяселле на 200 чалавек лічыцца вельмі сціплым, у асноўным запрашаюць мінімум 600-800. Такое вяселле абыходзіцца, звычайна, у 10-15 тысяч долараў. Але ўсё гэта пры ўмове, што сем’і паміж сабой дамовяцца. А бывае такое, што і не дамаўляюцца, тады трэба вярнуць дзяўчыну назад. Калі нявесту не аддадуць, то можа ўзнікнуць сапраўдная трагедыя.

Праўнучкі Бабы Каці. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Гадоў 10 назад маю стрыечную сястру скралі чужыя цыгане. Усе нашыя мужчыны пайшлі забіраць яе назад. У выніку была перастрэлка. Пра гэта нават у газеце Воранаўскай пісалі. Некалькіх чалавек забілі. Майго дзядзю асудзілі на 9 гадоў, бацьку на 9 і брата на 7. Маладым тады не далі жыць разам, яны рассталіся. Сястра выйшла замуж, а хлопец той памёр», – распавядае Рубіна.

Аднак пасля вяселля ўсе ж такі цыганскія пары ў большасці трымаюцца разам на ўсё жыццё.

Рэцэпт даўгалецця ад Бабы Каці

Мы не маглі не спытацца ў спадарыні Кацярыны, што трэба рабіць, каб пражыць доўга і шчасліва. Са свайго досведу жанчына нам распавяла, што ніколі не прызнавала ніякіх лекаў. Калі ёй баліць галава, яна проста націрае скроні цытрынавым сокам. Таксама бабуля кожны дзень выпівае гарбату з лімонам і чарачку каньячку.

«Проста менш трэба думаць пра свае балячкі і не пераставаць працаваць», – сказала, як адрэзала, Кацярына Райсонаўна.

26 траўня спадарыні Кацярыне споўнілася 119 гадоў. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Таямнічая цыганская магія

Баба Каця тым часам паабяцала, што нам паварожыць. Сярод цыган яе лічаць вельмі моцнай варажбіткай. У каго не спытайся, усе кажуць адно: Райсонаўна вельмі добра прадказвае будучае і дапамагае людзям. Адзін з мясцовых хлопцаў хваліўся, як Баба Каця за дзень вылечыла яму ячмень на воку.

Пасля размовы спадарыня Кацярына дала нам па кавалачку папараці і сказала, што яна будзе нас ахоўваць ад злога вока. Што цікава, самым моцным цыганскім талісманам дагэтуль лічыцца волас з матчынага лона – непераможная магія жанчыны, якая нараджае. Такі волас укладаецца ў кулон і дорыцца дзіцяці пры нараджэнні. Такі кулон чалавек будзе насіць на шыі ўсё жыццё. Потым ён можа перадавацца з пакаленне ў пакаленне. Варожаць у цыган толькі жанчыны. Дар перадаецца па жаночай лініі.

Баба Каця паваражыла і нам таксама. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

А што нам сказала Баба Каця? Няхай застанецца з намі. У любым выпадку ніхто ад свайго лёсу не збяжыць, а нехта ўмудрыцца і пабудуе яго сам. А верыць трэба ў тое, што ўсё будзе добра. Яч Дэвлэс! Ці па-цыганску, з Богам.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Hавiны