«Чапляюць уладу за што папала»: Лукашэнка паабяцаў пакараць аўтараў фэйкаў пра недаплаты медыкам


25 траўня падчас нарады па актуальных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаннях кіраўнік Беларусі адрэагаваў на публікацыі ў Telegram-каналах, якія паведамілі, што медыкі не атрымалі абяцаную даплату за працу з пацыентамі хворымі на COVID-19.

«Я заўважыў, што ў гэтак званых фэйкавых каналах, Telegram-каналах ды іншых, яны апошнім часам чапляюць уладу за што папала. Раздзьмуць могуць там скандал з нявыплатай у нейкай канкрэтнай арганізацыі – дактарам, настаўнікам і гэтак далей. Я ўчора Наталлю Іванаўну [Наталля Качанава, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу] папрасіў, каб яна абтэлефанавала ўсіх губернатараў і проста па-людску папярэдзіла іх: калі ёсць нейкая праблема, яе трэба вырашыць на месцы», – сказаў Лукашэнка.

Паводле кіраўніка Беларусі, галоўная мэта Telegram-каналаў, які паведамляюць пра праблемы ў сістэме аховы здароўя – «злавіць хайп».

«Для іх гэтыя дактары не галоўнае. Галоўнае – хайпануць. Яны на гэтым хочуць злавіць нейкі хайп. Гэта не наш шлях. Але трэба пацярпець. Мы з імі разбярэмся. Я ўчора вам казаў: прыйдзе час, мы ўсіх паставім на месца», – мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

Таксама Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў пратэст бабруйскіх медыкаў, якія звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем растлумачыць, колькі грошай ім мае выплаціць дзяржава за працу з «ковіднымі» пацыентамі.

«Ну што там гэтая бабруйская хуткая дапамога… Калі яны сапраўды працуюць і звязаныя з гэтымі эпідэмічнымі працэсамі, то трэба падтрымаць людзей. Гэта капейкі для краіны», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Раней міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік паабяцаў разгледзець скаргі медыкаў, якія мяркуюць, што ім недаплачваюць за працу ў гэтак званых «чырвоных зонах» – установах аховы здароўя, дзе лечаць хворых на COVID-19.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў