Чаму Лукашэнка не Пётр I

Беларускі афіцыйны лідар параўнаў сябе са знакамітым расейскім царом. Адказваючы на журналісцкае пытанне пра замежныя візіты, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «справа прэзідэнта – з часоў Пятра I яшчэ – прасекчы акно туды, куды мы лічым патрэбным». Пры гэтым пацвердзіў намер наведаць Аўстрыю і Латвію.

Пётр, праўда, быў не прэзідэнтам, а імператарам, але ладна. Беларускі афіцыйны лідар сканцэнтраваў у сваіх руках такія паўнамоцтвы, што дэ-факта цалкам цягне на самадзержца.

Аляксандр Лукашэнка падчас цырымоніі ўзнагароджання, 22 кастрычніка 2019 года. Фота – president.gov.by

 

Абраўшы ж вобраз з мінулага ўсходняй суседкі, Лукашэнка, які любіць казыраць сваім дыпломам гісторыка, зноў паказаў, што ментальна прывязаны да Расеі. Да таго ж відавочная храналагічная праблема. Цяперашнія беларускія землі Расейская імперыя прыбрала да рук ужо пасля Пятра I.

У часы ж Вялікага княства Літоўскага яны і так былі часткай Еўропы: тут дзейнічалі прагрэсіўныя для таго часу законы, гарады мелі Магдэбурскае права, раней, чым у Рускім царстве, з’явілася кнігадрукаванне і г.д. Гэта значыць, продкам беларусаў ніякага вакна прасякаць не трэба было.

Па чыёй віне выбудавалі плот?

Але не будзем варушыць сівую гісторыю, возьмем найноўшую.

«Аўстрыя, Латвія і іншыя краіны – гэта вакно пасля ўсяго таго плота, які быў вакол нас выбудаваны. І больш за тое – хтосьці санкцыі ўводзіў. Таму нам даводзіцца не тое што зноўку, а ўжо на новым узроўні, у новыя часы прасякаць гэтыя вокны і выбудоўваць дарогі», – так развіў сёння сваю метафару беларускі кіраўнік.

Аднак фішка ў тым, што маладая і даволі дэмакратычная спачатку Беларусь мела шанец зблізіцца з Еўропай адразу пасля распаду СССР. Яшчэ ў 1995-ым Лукашэнка, які перамог годам раней на рэальна канкурэнтных выбарах, падпісаў у Бруселі пагадненне аб партнёрстве і супрацы з ЕЗ. Прычым урачыста заявіў, што гэта наш «першы важны крок у напрамку галоўнай мэты – уступлення ў Еўрапейскі саюз».

Цяпер, амаль праз чвэрць стагоддзя, беларуская дыпламатыя толькі марыць дамагчыся падобнай дамовы з Бруселем, а той дакумент пайшоў сабаку пад хвост. Таму што ў 1996-ым беларускі прэзідэнт правёў скандальны рэферэндум, у выніку якога атрымаў царскія паўнамоцтвы і разагнаў Вярхоўны Савет. Пачалася эпоха супрацьстаяння з Захадам, свістапляска з тымі самымі санкцыямі.

Паўза зацягнулася аж непрыстойнасці

Размарозіць жа адносіны з Еўропай і ЗША афіцыйнаму Менску, як ні парадаксальна, дапамагла дэ-факта расейская агрэсія супраць Украіны. Лукашэнка здолеў некалькі дыстанцыявацца ад палітыкі Масквы, заняў нішу міратворчасці, за што і заслужыў ласку Захаду, які паставіў геапалітыку вышэй за дэмакратыю і правы чалавека.

Але вось якая загадка: калі беларускага лідара перасталі называць апошнім дыктатарам Еўропы і зноў пачалі запрашаць у сталіцы Старога Свету, ён стаў раз-пораз гэтыя шанцы ігнараваць. У прыватнасці, двойчы упусціў магчымасць наведаць саміты «Усходняга партнёрства», нядаўна вось не паляцеў у Польшчу на ўгодкі пачатку Другой сусветнай.

Hавiны
«Rzeczpospolita»: Лукашэнка не паедзе ў Варшаву праз Пуціна
2019.08.27 13:49

Злыя языкі загаварылі: маўляў, азіраецца на Крэмль, пабойваецца незадаволенасці Уладзіміра Пуціна. Напэўна, не без таго, залежнасць ад Масквы – каласальная. Але ёсць яшчэ два моманты.

Па-першае, Лукашэнка ж замірыўся з Еўропай не таму, што стаў вялікім дэмакратам і палюбіў яе каштоўнасці, а па збегу абставінаў. У душы ён, мяркуючы па ўсім, па-ранейшаму грэбуе гнілым лібералізмам Старога Свету. Зрэшты, пад настрой і ўслых гэта можа сказаць. Так што паміж Лукашэнкам і Еўропай застаецца ментальная прорва. Яму туды ехаць элементарна дыскамфортна.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным, 18 ліпеня 2019 года, Санкт-Пецярбург. Фота – kremlin.ru

Па-другое, падобна, што беларускае кіраўніцтва чакала, што ЕЗ, заміраючы, пасыпле галаву попелам і пачне шчодра адорваць пернікамі, аднак прагматычная Еўропа не разагналася. І таму людзі з МЗС доўга паўтаралі, што правадыр паезде ў Стары Свет, калі візіт будзе абяцаць нейкія значныя вынікі.

Але паколькі паўза зацягнулася да непрыстойнасці, то цяпер вось вырашана зрабіць у лістападзе візіт у Аўстрыю.

Фішка ў тым, што Пётр быў рэфарматарам

Сёння Лукашэнка растлумачыў, што сваймі візітамі пракладае дарогу тым, хто павінен прадаваць беларускую прадукцыю. Але тыя, маўляў, не заўсёды варушацца.

«Таму прыходзіцца яшчэ раз туды ехаць дамаўляцца, ужо пачынаю гандляваць за іншых», – панаракаў прэзідэнт.

Тут таксама ёсць два адметныя моманты. Па-першае, Лукашэнка свята верыць у дамоўленасці па паняццях паміж афіцыйнымі лідарамі. Але так пракатвае (і тое не заўсёды), калі маеш справу з іншым аўтакратам (Пуцін, нябожчык Уга Чавес). У дэмакратычных жа краінах з рынкавай эканомікай прэзідэнт не можа загадаць, каб фермеры куплялі трактары «Беларусь», а бюргеры – менскія халадзільнікі.

Чавес і Лукашэнка, 2012 год. Фота – president.gov.by

Па-другое, Лукашэнка па-ранейшаму падганяе экспарт пугай, спрабуе ператварыць дыпламатаў у каробачнікаў. Хоць праблема – у канкурэнтаздольнасці беларускага тавару, якую нельга павысіць без рэформаў.

Але вось з рэформамі ў Беларусі затык. Кіраўнік дзяржавы асцерагаецца, што яны расхістаць любоўна выбудаваны за 25 гадоў рэжым з царскімі паўнамоцтвамі першай асобы.

І гэта галоўная прычына, па якой прэтэнзіі Лукашэнкі на місію Пятра I абсалютна беспадстаўныя . Бо той разумеў адсталасць сваёй краіны, цягнуў яе ў Еўропу, укараняў прагрэсіўныя заходнія парадкі. Карацей, быў царом-рэфарматарам. А вось у Беларусі кіруе закаранелы кансерватар, звышзадача якога – спыніць час.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў