Чаму Крэмль вырашыў узяць Лукашэнку за горла?

Пратэсты супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі напярэдадні сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным, 7 снежня 2019 года, Менск. Фота – Pavlo Gonchar / Zuma Press / Forum

Крэмль стаў ціснуць на Лукашэнку «паглыбленай інтэграцыяй» таму, што Пуціну трэба вырашыць для сябе праблему 2024 года. Гэты папулярны пункт гледжання я зноў пачуў ад расейскага палітыка Леаніда Гозмана.

Давялося паспрачацца з ім на пасяджэнні Экспертнага клуба цэнтра «Еўрапейскі дыялог» у Менску, але лічу, што варта вынесці дыскусію і на больш шырокую аўдыторыю.

Памылковы фокус

На мой погляд, зводзіць прычыны ўсёй гэтай катавасіі з «паглыбленнем інтэграцыі» да патрэбы Уладзіміра Пуціна застацца ва ўладзе пасля 2024 году – гэта павярхоўная і недакладная трактоўка, фальшывы фокус.

Так, у расейскага прэзідэнта няма лёгкіх шляхоў вырашыць гэтую задачу. Змена Канстытуцыі можа выклікаць пратэсты. Але спрабаваць праціснуць аб’яднанне з Беларуссю, каб потым узначаліць новую дзяржаву, – мабыць, самы няўдзячны, рызыкоўны і ненадзейны варыянт з усіх магчымых. Верагодна, ён таксама фігуруе ў наборы, які прапануюць Пуціну розныя дарадцы, але хіба што як вельмі-вельмі гіпатэтычны.

Бо для гэтага трэба зламаць Аляксандра Лукашэнку з яго тэрмаядзерным уладалюбствам, выключнай недаверлівасцю і надзвычайным клопатам пра бяспеку – асабістую і ўсяго свайго вялікага роду.

Hавiны
Расейскі апазіцыянер: «Калі вы будзеце страляць, Пуцін не пойдзе на анексію»
2019.12.12 17:05

Прывід катастрофы пакуль не блукае

Дарэчы, сёння – роўна год «ўльтыматуму Мядзведзева». 13 снежня 2018 года на саюзным саўміне ў Берасці расейскі прэм’ер абумовіў далейшую эканамічную падтрымку Беларусі пераходам да прасунутай, як ён выказаўся, інтэграцыі. Дык вось, за гэты год Масква, думаю, лішні раз пераканалася, што Лукашэнка – не проста моцны, а фенаменальна моцны арэшак. З якой гэта ласкі яму падпісваць капітуляцыю?

Хтосьці кажа: а раптам у Крамля ёсць на «Бацьку» нейкі асаблівы кампрамат? Але ў 2010 годзе расейскі тэлеканал НТВ ужо мачыў Лукашэнку па-чорнаму серыялам «Хросны бацька». Ну і што? У эпоху постпраўды ўсе гэтыя трукі з выцягвання шкілетаў з шафы слаба працуюць.

Удар па беларускай эканоміцы? Але Крэмль за апошнія гады і так прыкладна ўдвая скараціў яе падмацаванне. Беларускі бюджэт на 2020 год звярстаны без разліку на маскоўскія пернікі тыпу кампенсацыі за падатковы манеўр.

Так што прывід катастрофы пакуль не блукае па Беларусі, кашчавая рука голаду краіне не пагражае. І потым, правадыр, ведаючы цярплівасць свайго добрага народа, напэўна аддасць перавагу таму, каб узровень жыцця беларусаў прасеў, чым паўзці на каленях у Маскву.

Расея хоча прымацаваць Беларусь намёртва

Увогуле, калі факусавацца на праблеме-2024, то можна зрабіць памылковую выснову: дастаткова Лукашэнку і надалей ўпірацца рукамі і нагамі – і можа пранясе, незалежнасць Беларусі будзе выратавана.

Але гэта не так. Фішка ў тым, што Масква гуляе працягла. Яна намацала новую стратэгію ў дачыненні да Беларусі значна раней, чым прагучаў «ультыматум Мядзведзева», – як мінімум некалькі гадоў таму. І гэта відавочна звязана з украінскім сюжэтам.

Беларускі аналітык Арсень Сівіцкі падкрэслівае, што Расея з 2015 года абмяжоўвае фінансава-эканамічную падтрымку беларускай эканомікі і аказвае мэтанакіраванае ціск на Менск, каб стварыць мадэль асіметрычнай залежнасці.

У аснове гэтай прадуманай лініі – жаданне не «страціць» Беларусь, як была страчаная Украіна.

Такім чынам, звышзадача цяперашняга націску – не забяспечыць новую пасаду Пуціну (хоць калі раптам надзвычайным чынам пашанцуе, чаму б і не), а прывязаць Беларусь да Расеі намёртва. Прымацаваць так, каб яна не змагла адарвацца, сысці ў вольнае плаванне і пасля Лукашэнкі з Пуціным.

Гэта робіцца паэтапна, спачатку – праз узмацненне нібыта чыста эканамічнай інтэграцыі. Хоць чыстай эканомікі ў адносінах з імперыяй не бывае. Спачатку навяжуць адзіны падатковы кодэкс і іншыя агульныя законы, потым – адзіную валюту, потым – адзіны парламент (трэба ж зацвярджаць гэтыя агульныя законы!) і інш. У выніку праз энную колькасць гадоў Беларусь паволі ператворыцца ў марыянеткавую буферную рэспубліку.

Масква ўлічыла ўрокі

Нязменны прэзідэнт Беларусі напэўна даўно разгадаў гульню Крамля. Але ён, верагодна, спадзяецца ўтапіць «паглыбленую інтэграцыю» цяганінай, як гэта ўдалося ў пачатку 2000-х, калі Пуцін ужо ставіў рубам пытанне пра ўваходжанне ў Расею.

Аднак Крэмль, мяркуючы па ўсім, улічыў ўрокі і цяпер прэсінгуе пісьменна, бязлітасна. Слабасць пазіцыі Лукашэнкі ў тым, што пры ўсёй цвёрдасці свайго характару ён не рашаецца на рэформы, якія дапамаглі б аслабіць залежнасць Беларусі ад Расеі.

Размовы ж, што Пуцін цісне на Лукашэнку дзеля вырашэння праблемы-2024, міжволі падыгрываюць гэтай рыгіднай пазіцыі. І могуць падштурхоўваць беларускую грамадскасць да памылковай высновы: дастаткова правадыру быць упартым (а ўсіх людзей добрай волі нядрэнна б яго і падтрымаць у святой справе), каб пагроза для незалежнасці абмінула, знікла. Пуцін, маўляў, махне рукой, перапіша Канстытуцыю і адчэпіцца.

За незалежнасць давядзецца плаціць

Не, пагроза не знікне і Крэмль не адчэпіцца. Ён вырашае свае стратэгічныя задачы, як там лічаць, у зоне прыярытэтнага ўплыву Расеі. Але гэта – зона жыцця беларусаў, якія ў масе сваёй не жадаюць злівацца ў экстазе з усходняй суседкай.

І тое, што ў плане абароны незалежнасці інтарэсы беларускіх кіроўных вярхоў і іх палітычных праціўнікаў супадаюць, не азначае, што апошнія павінны даваць першым індульгенцыю.

Гэта ж тычыцца і пазіцыі Захаду, які затурбаваўся наконт незалежнасці Беларусі і пайшоў на прагматычныя адносіны з рэжымам. Падтрымка незалежнасці – гэта окэй і зэр гут, але калі не патрабаваць ад Лукашэнкі дыялогу з грамадствам і рэформаў, то рызыка паглынання краіны ціхай сапай будзе толькі ўзмацняцца.

Вядома, чалавек, які кіруе Беларуссю чвэрць стагоддзя, наўрад ці зробіцца раптам крутым рэфарматарам. Але нават інстынкт самазахавання разам з ціскам знутры і звонку можа падштурхнуць да некаторых крокаў праз не хачу.

І другі важны момант: трэба псіхалагічна рыхтаваць беларусаў да таго, што за незалежнасць давядзецца заплаціць паўнаважкую цану – хоць бы такую, як заплацілі суседзі-літоўцы, якія мёрзлі некалі ў блакадзе.

Аляксандр Класкоўскі/АА, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў