Польская мова для беларусаў – адная з самых лёгкіх для засваення. Падобных словаў вельмі шмат, і нават пачуўшы польскую мову ўпершыню, агульны сэнс беларус найчасцей зразумее. Аднак бывае, што словы, якія існуюць ці падобна гучаць у абедзвюх мовах, азначаюць абсалютна розныя рэчы. І гэта не можа не спараджаць бясконцыя моўныя казусы… Нашыя землякі, што жывуць у Польшчы, распавялі пра сітуацыі, якія запомніліся больш за ўсе.
11 гадоў таму ездзіў з іншымі беларускімі дзецьмі ў Ломжу. Памятаю, захацелася нам тады згуляць з мясцовымі ў футбол. Я пайшоў дамаўляцца. І нібы ўсё добра, мясцовы хлапец кажа: «Можам пагуляць, без праблем. Але кеды?» «Możemy zagrać, nie ma problemu. Ale kiedy?». Я глянуў на свае пантофлі і адказаў: «Кеды? Зараз абуем кеды!»
*пл. kiedy [кеды] – калі, а нашыя кеды па-польску trampki [трампкі].
Прыйшоў у гатэль, меў забраніраваны нумар, але спачатку ў адміністрацыі мне сказалі, што вольных нумароў няма. Ну я і сказаў: “Маю бронь!” (“Mam broń”). Персанал надзвычай расхваляваўся!
*пл. broń [бронь] – зброя, а забраніраванае месца – rezerwacja [рэзэрвацйя]
Прыехаў у Польшчу першы раз, калі мне было 15 гадоў, польскую мову ведаў не вельмі. Дык моцна здзіўляўся, калі пабачыў у шыбе нейкай мясной крамы абвестку, што прадаецца słonina. Нічога сабе, падумаў я быў тады, палякі нават сланяціну ядуць!
*пл. słonina [cўоніна] – сала.
А мы здзівіліся, пабачыўшы на шыбе заалагічнай крамы «Nie pukać [не пукаць]!» Але выканалі просьбу, прычым на абедзвюх мовах!
*пл. pukać [пукаць] – стукаць
Удзельнічаў у прэзентацыі медычных тавараў, выступаў перад палякамі (пераважна – полькамі) у якасці спартоўца-масажыста. Вырашыў заахвоціць жанчынак да актыўнага ладу жыцця, ды напрыканцы сваёй прамовы пальнуў: «Трэба больш рухацца!» («Trzeba więcej ruchacca!»). Цяпер адчуваю увесь фэйспалм.
*Фраза прагучала, як скажоная версія «Trzeba więcej ruchać się», што азначае «трэба больш тр@хацца». Рухацца ж па-польску будзе ruszać się [рушаць се].
Калі першы раз уладкаваўся на працу, хацеў сказаць, што з калегамі мусім рухацца далей – ну і ляпнуў: «Мусім рухаць далей» («Musimy ruchać dalej»).
*Па-польску гэтая фраза азначае «Мы мусім тр@хаць далей», аўтар жа меў на ўвазе ruszać się [рушаць се] далей.
На другі год жыцця ў Варшаве, калі ўжо нешта па-польску разумела, пайшла да лекара: калола ў жываце. Доктар задаваў стандартныя пытанні пра харчаванне, ці палю, ці ўжываю алкаголь… Крыху здзівілася, калі ен запытаў: «Бегунка?» («Biegunka?»). А я і сапраўды бегаю, нават падумала – адкуль ён ведае? Але без цені сумневу адказваю: «Так, кожны дзень па раніцах паўгадзіны бегунка». Доктар глядзіць так здзіўлена: «Кожную раніцу?». Ну я і кажу – «Так, часам і ўвечары таксама, тады даўжэй бегунка». У лекара вочы на выкаце. Тады направіў мяне на пашыраны аналіз. І толькі праз нейкі час я даведалася, што biegunka [бегунка] па-польску – панос! Слова і праўда паходзіць да дзеяслова «бегаць» – яно і ясна чаму! А дзяўчына, што бегае, па-польску будзе biegaczka [бегачка].
Гісторыя ад знаёмых: Універсістэт. Усю ноч групай тусаваліся, на заняткі прыйшлі нявыспаныя. Выкладчыца:(«Мае дарагія, чаму вы такія блядзі?» «Moi drodzy, dlaczego jesteście tacy bladzi?». Пасля доўга думалі, адкуль яна ведае, што ўчора адбывалася… ды і чаму адразу бл@дзі?!
*пл. bladzi [блядзі] – бел. бледныя
Паштальён прынёс мне пасылку ў студэнцкі інтэрнат, дзе я тады жыў, і мне патэлефанавала вахцёрка, каб я спусціўся. Я і адказаў: «Зараз спушчэ се і забяру» («Zaraz spuszczę się i zabiorę»). Чаму яны так дзіўна на мяне глядзелі тады, зразумеў выпадкова можа праз які год. Уявіць не мог, што сказаў «Зараз эякулюю і забяру!». Знаемыя беларусы каму толькі гэтае спушчэ се ні казалі – і таксістам, і дастаўцам піццы!…
пл. spuszczę się [спушчэ се] – слэнг. кончыць (прабачце!). А спусціцца – «zejść na dół» [зэйсць на дул].
На Новы год палякі моцна здзівіліся, калі пачулі ад беларусаў, што «хутка [зажыгамы] елку». На польскім слэнгу zarzygаć [зажыгаць] азначае «забляваць». Колькі ж было смеху, калі далі ім паслухаць песню «Зажигай солнце, зажигай небо!»
Позні вечар, спальны вагон з Варшавы да Вроцлава. Бачу, а пасцелькі-та няма. Падыходжу да правадніка і пытаю на поўным сур’ёзе: «Czy ma pan bieliznę?» («Ці есць у вас ніжняя бялізна?»).
*пл. bielizna [белізна] – ніжняя бялізна (майткі, бюстгальтары і г.д.), аўтар гісторыі меў на ўвазе тое, што па-польску называецца pościel [посьцель].
Мама папрасіла купіць насенне, таму я і запыталася ў краме: «Прабачце, дзе знайсці насіене?» «Przepraszam, gdzie mogę znaleźć nasienie?». Муж адразу ж мяне выправіў – »nasiona» [насіона], а я запыталася – сперму!
Неяк аказала знаёмаму паляку паслугу – раздрукавала для яго дакументы. Аддаючы іх, хацела жартам намякнуць, што з яго шакаладка. Так і сказала – «Ale z Ciebie czekołada» («Але з цябе шакаладка»). Ен здзівіўся, а я пазней толькі даведался, што гэтак пабудаваная фраза ў Польшчы азначае «Ну ты і шакаладка!»
Пытаўся ў важнага прафесара, вельмі асцярожна і з павагай пастукаўшы ў дзверы: «Прабачце калі ласка, ці можна Вас потурбоваць (poturbować)?» Канешне, ен выбачыў і толькі пасмяяўся – ведаў, што я з Беларусі.
*пл. poturbować [потурбоваць] – пабіць. Зусім не так, як у беларускай мове «патурбаваць».
Неяк годзе на трэцім жыцця ў Польшчы паехала ў Закапанэ, вучылася катацца на горных лыжах. Чарговы раз упала. Падышоў інструктар – малады сімпатычны мужчына, руку працягвае, каб дапамагчы ўстаць. А я думаю – не, сама дам рады, і з усмешкай кажу: «Дзякуй, сама się podniecę»(«Dziękuję, sama się podniecę»). Інструктар пасмяяўся тады, а да мяне толькі пасля дайшло: замест «я сама ўстану» сказала «я сама ўзбуджуся»…
*пл. podniecać się [поднецаць се] – узбуджацца, а podnosić się [подносіць се] – падымацца.
М. Вашкевіч belsat.eu