«Чакаюць па два-тры месяцы». Лукашэнка абурыўся чэргамі на анкалагічныя аперацыі


Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання РНПЦ анкалогіі і радыялогіі ім. Аляксандрава 30 кастрычніка запатрабаваў забяспечыць лекараў сучасным медычным абсталяваннем і даручыў разабрацца з чэргамі на анкааперацыі. Пра гэта паведамляе прэсавая служба кіраўніка краіны.

«Галоўнае – аснасціць сучасным медычным абсталяваннем і тэхнікай лекараў. Каб лекары мелі самае сучаснае абсталяванне. Трэба зрабіць, каб наш лекар быў аснашчаны гэтак, як замежны. І не дай бог, у наступным годзе дзесьці будзе прастойваць нейкая дарагая тэхніка», – сказаў Лукашэнка.

Фота: president.gov.by

Як адзначыў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, у Беларусі колькасць лекараў павялічваецца, таму патрэба айчыннай сістэмы аховы здароўя ў спецыялістах будзе закрытая ў бліжэйшыя гады. «Па заробку тэндэнцыю пераламалі. Думаю, кадры мы ўтрымаем», – сказаў ён.

Лукашэнка таксама абурыўся месячнымі чэргамі на правядзенне аперацый.

«Хіба гэта парадак, што па два-тры месяцы людзі стаяць у чарзе, і празрыстасці ў чарзе няма?» – спытаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Лукашэнкі, напярэдадні ягонага візіту ў РНПЦ тут пабывалі супрацоўнікі Камітэту дзяржкантролю – у гутарцы з дактарамі і пацыентамі яны выявілі шэраг праблемаў.

Аляксандр Лукашэнка, каментуючы заробкі лекараў, заявіў, што высокакваліфікаваныя спецыялісты ў РНПЦ анкалогіі атрымліваюць нават некалькі тысячаў долараў.

«Але гэта добрыя спецыялісты. Так і павінна быць. Калі ты займаешся карыснай для практыкі навукай, калі ты высокатэхналагічны хірург, ты павінен атрымліваць нямала», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік краіны заявіў, што прымальныя заробкі павінны быць таксама і ў звычайных лекараў, у малодшага медперсаналу.

Закрануў Аляксандр Лукашэнка і рашэнне Міністэрства аховы здароўя Польшчы, якое плануе дазволіць лекарам з краінаў, якія не ўваходзіць у ЕЗ, не праходзіць настрыфікацыю дыплома.

«Але калі так развіваецца краіна, чаму тады паклалі вока на спецыялістаў з Беларусі з гэтай «дыктатуры»? Вы добра развіваецеся – калі ласка, карміце сваіх лекараў, няхай яны лечаць вашых людзей. Не, хочуць, каб беларускія», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

КА belsat.eu

Стужка навінаў