Чаканне з пахам нафты

Аляксандр
Фядута
паліткансультант

Скандал, які разразіўся ў пачатку насталага 2020 года са спыненнем паставак расейскай нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, на самой справе, не ўтрымоўваў у сабе нічога нечаканага. Хутчэй, наадварот: насіў зусім планавы характар. Аляксандр Лукашэнка ведаў, што яму прыйдзецца шукаць альтэрнатыўныя ў адносінах да Расеі крыніцы нафтавых паставак, пра што і паведаміў публічна напярэдадні, даўшы адпаведнае даручэнне ўраду. Уладзімір Пуцін ведаў, што скандал будзе – мала таго, ён жа яго і правакаваў.

Такім чынам, усе радасныя ўздыхі («Ну, нарэшце!»), як і ўздыхі шкадавання («А як жа мы цяпер?«) былі дарэчныя хіба што ў вуснах астранаўтаў, якія апошнія дзесяць гадоў прабылі на Месяцы і мала цікавіліся палітыкай на постсавецкай прасторы.

У студзені на беларускія НПЗ мусіць быць пастаўлена 600 тысяч тонаў расейскай нафты

Ужо, па меншай меры, год ідзе вайна характараў па прынцыпе «Хто каго нахіліць?». Ну, так, прыкладна год – калі адлічваць яе пачатак ад праславутага мемарандума Дзмітрыя Казака. І было глупствам разлічваць, што бакі, якія не прыйшлі да згоды за адзінаццаць дзён да навагодніх святаў, раптам прыйдуць да яе праз пяць дзён пасля наступлення 2020-га года.

І на гэты раз ні да якой згоды яны не прыйшлі.

Лукашэнка атрымаў згоду Крамля на пастаўкі нафты з запасаў Міхаіла Гуцэрыева. Да гэтага былі гатовыя ўсе.

Крэмль, які правёў не так даўно ператрусы ў офісах гуцэрыеўскіх кампаніяў.

Гуцэрыеў, які ўсе апошнія гады беражліва выконваў капрызы беларускага ўладара і атрымліваў наўзамен магчымасць зарабляць у Беларусі тыя грошы, якія яму не даюць зарабляць у Расеі (гэта значыць, зарабляць даюць, але ж яшчэ больш хочацца).

Лукашэнка павіншаваў алігарха Гуцэрыева з юбілеем. Топ-7 фактаў пра расейскага сябра кіраўніка Беларусі

І Лукашэнка, які разумеў, што калі рашэнне Крамлём і будзе прынятае, то выключна на кароткі тэрмін і зусім не за кошт улюбёнцаў расейскага прэзідэнта, да ліку якіх сям’я Гуцэрыева ніколі не адносілася.

Гэта значыць, на месяц сітуацыя неяк разрулілася. Але пры гэтым усе бакі старанна назіраюць за тым, хто і як паводзіў сябе падчас найвышэйшай напружанасці.

Лукашэнка – як і Пуцін – звярнуў увагу на гатовасць Літвы і Латвіі даць магчымасць для альтэрнатыўных паставак нафты. Лукашэнка зрабіў у адпаведны кластар сваёй памяці станоўчую адзнаку. Пуцін нічога нікуды не заносіў, паколькі ілюзіяў адносна пазіцыі балтыйскіх дзяржаваў ніколі не меў і не мае.

Прадстаўнікі Літвы і Латвіі выказалі гатовасць аказаць Беларусі паслугі па перагрузцы, захоўванню і транспартыроўцы нафты. З латвійскага боку з адпаведнай заявай выступіла Міністэрства транспарту, з боку Літвы аб магчымасці транспартаваць у Беларусь да 3 млн тон нафты ў год заявілі ў кампаніі LG Cargo, якая з’яўляецца часткай Літоўскай чыгункі. Фота: Yuri Smityuk / TASS / Forum

Гуцэрыеў праставіў у графе «Страты» адпаведную страчанай «прэміі» за пастаўленую нафту суму і пачаў чакаць, калі і ў якой форме зможа нагнаць страчаную выгаду (усё ж такі гаворка ідзе не пра падарунак у выглядзе персанальнага, хоць і вельмі дарагога верталёта, а пра некалькі большую суму).

Пуцін чакае лютага. У выпадку, калі блізкаўсходні канфлікт, які цьмее, пагоршыцца з прычыны забойства амерыканскай ракетай іранскага генерала Гасэма Сулеймані, цана на нафту вырасце досыць рэзка (што, падобна, ужо пачынае адбывацца). А гэта будзе яшчэ адна нагода не дапускаць паставак расейскай нафты ў Беларусь па дэмпінгавых коштах. Ці – па меншай меры, патрабаваць узамен чагосьці больш істотнага і важнага для расейскага кіраўніцтва, чым гуцэрыеўскія прыбыткі.

Нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры 4. студзеня 2020 г. З 1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ, а Беларусь была вымушаная спыніць экспарт нафтапрадуктаў, каб эканоміць рэсурсы для ўнутраных патрэбаў. Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Вы хочаце сказаць, што ўсе тры ўдзельнікі скандалу, што здарыўся, не ведаюць, што праз месяц тое ж самае рашэнне будзе немагчымым? Ведаюць, вельмі добра ведаюць. Менавіта таму кожны з тройкі мае ў запасе нейкі запасны варыянт, у надзеі, што двое іншых пра яго пакуль не здагадваюцца.

Мы – дакладна не здагадваемся. Таму запасаемся папкорнам.

Праўда, папкорн, падобна, доўга будзе пахнуць нафтай.

Аляксандр Фядута/ІР belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў