Чакаем каранціну з найменшымі стратамі

Алесь
Дзянісаў
Музыка, журналіст

Больш за 155 тысячаў беларускіх грамадзянаў паставілі подпісы пад петыцыяй з патрабаваннем да ўладаў увесці ў Беларусі каранцін. У калектыўным звароце сцвярджаецца, што ў краіне адбываецца «ігнараванне хваробы і няправільнае інфармаванне жыхароў». Амаль усе разумеюць што будзе азначаць увядзенне каранціну, але давайце разбярэмся ў некаторых ягоных важных аспектах.

Пакінем у спакоі эканамічны бок наступстваў, бо больш красамоўна, чым «а что жрать будем?» – не скажаш. Тут і пяцікласнік пагодзіцца з тым, што краіна ў нас небагатая, ніхто плаціць за сядзенне ў каранціне не будзе. Усіх адправяць у адпачынкі за свой кошт, – і жыві сабе як хочаш!

Але давайце засяродзімся яшчэ і на псіхалагічных аспектах праблемы. Адмыслоўцы сцвярджаюць, што жорсткі каранцін – моцны ўдар па псіхіцы людзей, бо змяняецца вобраз жыцця, звычкі, абмяжоўваецца жыццёвая прастора. Чалавек можа патрапіць у эмацыйна-кампульсіўную варонку. Могуць назірацца нерацыянальныя паводзіны і «рытуалы». Ва ўмовах замкнёнай прасторы значна хутчэй развіваюцца фобіі і дэпрэсіі, а гэта ўжо не жарт, бо недалёка і да суіцыду. Асабліва цяжка людзям сталага ўзросту, бо яны і без усяго гэтага адчуваюць моцны стрэс, і без прымусовай абсервацыі галава колам! Ці гатовая нашая медычная сістэма яшчэ і да такіх выклікаў часу?

У Беларусі за содні выявілі 245 новых выпадкаў інфікавання каронавірусам

Свет і без гэтых каранцінаў паціху вар’яцее! Навука пакуль не дае рады знайсці вакцыну, таму людзі шукаюць свае альтэрнатыўныя метады абароны ад заразы. Часам, гэта нагадвае вяртанне ў старажытнае цемрашальства. У Кітаі некаторыя дзівакі носяць маскі з апельсінавых скарынак. У Брытаніі нейкія фанатыкі-канспіролагі, напэўна, узгадаўшы пра тое, што на іх выспе нарадзіўся рух «луддзітаў», пачалі знішчаць вышкі 5-G сувязі. У Іране, каб зберагчыся ад віруса, 600 чалавек аддалі Богу душу, патруціўшыся алкаголем. Дзе яны яго знайшлі – у краіне, дзе алкаголь цалкам забаронены?

У Беларусі ў цудадзейныя ўласцівасці алкаголю вераць і нават эксперыментуюць са спіртаўтрымліваючымі антысептычнымі прэпаратамі! Двое мужчынаў у Чашніцкім раёне паспрабавалі. Адзін цяпер можа раскрыць вынікі эксперымента хіба што анёлам.

Кіраўніцтва беларускіх заводаў ды фабрык, прадчуваючы, што эксперыментальны рух можа квітнець і пашырацца, у аўральным рэжыме пачало браць з працоўных распіскі, што тыя будуць праяўляць свядомасць.

Але гэтая свядомасць часцяком прабуксоўвае. То нейкі хворы грамадзянін на Берасцейшчыне збягае са шпіталя і яго па хмызняках ловіць міліцыя. То студэнты пачынаюць скакаць з вокнаў менскага інтэрнату БНТУ, у якім абвешчаны каранцін, каб бавіць час на волі… Нібыта каранцін патрэбны, але нас каб ён не датычыўся!

Значная частка людзей проста адвыкла думаць самастойна, прызвычаілася жыць па прыказу! Адкуль тут возьмецца свядомасць, сумленне і адказнасць за іншых?

Каранцінна-прафілактычныя мерапрыемствы, у той ці іншай ступені, ужо праводзяцца па ўсіх вобласцях. Ці будзе ўведзены жорсткі агульнарэспубліканскі каранцін? Напэўна, так. І нам трэба быць напагатове, каб з меншымі стратамі яго перажыць.

Каронавірус пагражае Лукашэнку. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою

Іншая справа, што ўлада наўрад ці возьме на сябе адказнасць за такі крок, «перавядуць стрэлкі»: так «просяць бацькі», плачуць дактары, пішуць лісты пенсіянеры… Гэтая ўлада яшчэ ніколі не прызнавала сваіх памылак, і таму няма спадзеву, што і гэтым разам нехта там на версе прызнае, што, магчыма, папярэдняя тактыка была памылковай. Не з эканамічнага боку, а з пункту гледжання каштоўнасці людскіх жыццяў. Дай Бог мне памыляцца, і заўтра ўсё пойдзе на спад!

Адзінае, што можна сцвярджаць дакладна, – гэта тое, што сучасны Свет ужо ніколі не будзе такім, як быў. Але спачатку давайце дажывём да гэтай будучыні! З найменшымі стратамі…

Каранцін без каранціну. Як каронакрызіс змяніў жыццё беларусаў

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў