Чаго чакаць беларусам ад новых грошай?


Фота – TUT.BY

Увесь месячны прыбытак – адною купюраю. З 1 ліпеня, пасля таго, як у абарот увойдуць новыя грошы, гэта будзе датычыць 80 % насельніцтва нашай краіны.

Як распавялі нашаму тэлеканалу ў Нацбанку, з 1 ліпеня новымі купюрамі загрузяць 30 % банкаматаў. Рэшту плануюць дапоўніць да кастрычніка. Найбольш распаўсюджанымі будуць пяцірублёўкі – эквівалент 50 тысячаў існага наміналу. Найбуйнейшая банкнота будзе адпавядаць пяці мільёнам сённяшніх рублёў. Іх, што праўда, можна будзе атрымаць, толькі напісаўшы адмысловую заяву ў банк. З якімі чаканнямі сустракаюць гэтыя змены звычайныя беларусы, мы спыталіся жыхароў Менску.

«Я падтрымліваю. Мне надакучылі гэтыя нулі», – кажа мужчына.

«Гэта пустая трата грошай, я лічу. Усё роўна нашая валюта – нестабільная, таму можна хутка чакаць, што знікнуць капейкі», – упэўнены малады хлопец.

«Будзе праблематычна насіць капейкі ў кішэні, торбе», – зазначае мінак.

З 1 ліпеня новыя грошы будуць завозіць і ў крамы. Але да канца года яны змогуць вяртаць пакупнікам рэшту як старымі рублямі, гэтак і новымі. Колькі будзе каштаваць гандлю пераход да новай сістэмы, мы пацікавіліся ў адной з менскіх крамаў.

«Некалькі тысячаў цэннікаў перапісаць. Гэта – адна працэдура. А самая складаная працэдура пачнецца, калі 1 чысла прыйдзецца пераводзіць праграмнае забеспячэнне на другія грошы. Грошы на іншыя грошы, прычым, яна павінна будзе сумяшчаць і старыя грошы, і новыя», – абураецца ўладальнік крамы Віктар Маргелаў.

Прадстаўнік Нацбанку сцвярджае, што схема адрэпетаваная і мусіць спрацаваць гладка. Але не выключае, што з 1 да 3 ліпеня банкаматы могуць даваць збоі. Таму ў гэтыя дні раіць расплочвацца карткай, а неабходнаю наяўнасцю запасціся напрыканцы чэрвеня. Пры гэтым нагадвае, што да 1 ліпеня новыя рублі вам можа прапанаваць толькі махляр. Прадаўцы ў крамах папярэджваюць яшчэ пра наступныя асаблівасці.

«Прыйдзецца дапамагаць, бо ў старых людзей, напэўна, будуць цяжкасці з гэтым. Моладзь, вядома, хутка перабудуецца», – мяркуе загадчыца аддзелу Аксана Хмялеўская.

Сёлетняя дэнамінацыя – ужо трэцяя ў гісторыі незалежнай Беларусі. Першая была віртуальная. Купюры, надрукаваныя ў 1992 годзе, мелі ў 10 разоў большую вартасць за свой намінал. То бок адзін рубель проста лічылі за дзесяць. У 1994 з цэннікаў пастанавілі спісаць адзін нуль, а грошы пачалі лічыць паводле тых лічбаў, што былі на іх выяўленыя. У 2000 годзе з цэннікаў прыбралі яшчэ 3 нулі ды выпусцілі новыя банкноты. З таго часу айчынная валюта дэвальвавалася да долара на 6000 %.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў