Бывае, што ты сніш страшны сон…

Алесь
Дзянісаў
Музыка, журналіст

Навіны ў краіне пачалі скакаць, як блохі. І не паспяваеш за імі! Яшчэ нядаўна Беларусь на фоне сваіх суседзяў выглядала гэтакім філосафам-стоікам: ніякіх табе каранцінаў, ніякага закрыцця межаў, а каронавірус – выдумка Захаду. Няхай Еўропа панікуе і мітусіцца, а нам – усё да фені!

Яшчэ некалькі дзён таму усё было, здаецца, па-іншаму. Лідар краіны, у вобразе Хакеіста №1, па-бацькоўску павучаў маладзенькую журналістку асновам лядова-палацавай гігіены: «Тут вірусаў няма. Вось ты ж не заўважыла, што яны лятаюць?» Чамусьці адразу згадвалася «хрушчоўскае»: «Гагарын у космас лятаў – Бога не бачыў!». Але гэта лірыка. У любым выпадку, Аляксандр Лукашэнка проста свяціўся аптымізмам, і па-змоўніцку абяцаў распавесці шмат цікавага, калі скончыцца «каронавірусны псіхоз».

Лукашэнка назваў яшчэ адзін антывірусны лек

Трэба справядліва адзначыць, што кіраўнік краінай узяў на сабе асноўны ўдар. Хто як не Аляксандр Рыгоравіч мог так яскрава суцішаць і падтрымліваць уласны народ, калі ўсе астатнія начальнікі трымаліся так сціпла і тужліва?

Яшчэ адзін аплот спакою і стрыманасці – праваслаўная царква – таксама не адставала. Мітрапаліт ды Патрыяршы экзарх усея Беларусі Павал, цалкам у духу сепаратызму разануў: «У нас не Расея». Чыталася: нашыя вытрымаюць! Праўда, яшчэ раней, той самы Павал (ізноў жа, без усялякіх санкцый з боку Масквы!) з верталёта акрапіў святой вадой сталіцу Беларусі. Але гэта была дробязь. Прасунутыя індывіды разумелі, што гэта толькі аздабленне беларускага містычнага мура, які апрыёры стаяў на шляху ўсялякіх вірусаў. Маўляў, той, каго гэтак неабдумана не заўважыў таварыш Гагарын у космасе, – з беларусамі назаўжды!

Лукашэнка пра памерлага ад каронавіруса актора: «Небарака, не вытрымаў»

Дысанансы ды гармідары

У беларусаў, між тым, атрымоўваліся адныя дысанансы ды гармідары ў галаве! З аднаго боку – адносныя цішыня і спакой у краіне, з другога – навіны з Італіі ды Іспаніі, суцэльныя каранціны ў суседзяў, закрытыя межы і сэканхэнды.

Ды краіна змянялася на вачах. Нібыта ніхто ў крамах грэчку масава не скупаў, але ўводзілася забарона на яе вываз. У афіцыйных навінах запэўнівалі, што ў Віцебску ніякай эпідэміі каронавірусу няма, але адначасова стваралі штаб па барацьбе з ім на чале з самым старшынёй Віцебскага аблвыканкаму. Дзеля чагосьці інфекцыёнкі і скурна-венералагічныя дыспансеры пачалі пераводзіць на каранцін. А па вуліцах крочыла ўсё больш і больш суайчыннікаў у масках…

Афіцыйна пра каронавірус казалі ці стрымана, ці зусім не казалі. Лічбы грамадзянаў, якія захварэлі, падаваліся рэдка. Перадапошні раз колькасць іх на пару-тройку дзён захрасла на лічбе 94. У грамадстве раслі чуткі, а ў інтэрнэце распаўсюджваліся фэйкі пра тысячы памерлых. Але беларусы не панікавалі. Калі чым закупаліся, то паціху, па-партызанскі, не ствараючы ажыятажу. І ўлада, і грамадства сядзелі на адной галінцы і не знаходзілі месца, як тая коска ў амфібалійным выразу «пакараць смерцю нельга памілаваць».

Проста клімат іншы. Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю ў Віцебску

І грымнуў гром…

А потым грымнуў гром, і як гарох з меха – навіны! Спачатку Мінаховы здароўя, а на наступны дзень – МНС, публікуюць звесткі пра інфікаваных. Звесткі даюцца нават па вобласцях! Колькасць інфікаваных – 300 чалавек, і ўпершыню афіцыйна згадваецца пра чатырох памерлых.

Лукашэнка дае разгорнутае інтэрв’ю тэлекампаніі «Мир», дзе падрабязна тлумачыць сваё бачанне сітуацыі і сваю пазіцыю наконт увядзення суцэльнага каранціну. Акрамя гэтага, беларусы даведваюцца, што акрамя соды, трактара, гарэлкі і хакея, ад каронавіруса можа дапамагчы, напрыклад, сала. Таму, што «тлустая ежа дапамагае лёгкім змагацца з вірусамі».

Мітрапаліт Павал сядае на верталёт ужо з дастатковай колькасцю святой вады, і акрапляе ёй усю Беларусь, не толькі сталіцу рэспублікі.

Пнеўманія ў Віцебску: Клаўся ў больніцу першым, а праз тыдзень нас ужо было 60 чалавек

Кіраўнікі вобласцяў, раёнаў і гарадоў пачынаюць чухаць макушкі і патыліцы, і некаторыя нават вычухваюць нешта разумнае! У Горадні, напрыклад, гарвыканкам прымае «План мерапрыемстваў па прафілактыцы і зніжэнню распаўсюду вострых рэспіратарных захворванняў, у тым ліку выкліканых каронавірусам COVID-19». Калі азнаёміцца з асноўнымі пунктамі гэтага плана, прыходзіш да высновы, што гэта самыя сапраўдныя каранцінныя мерапрыемствы. Калі хочаце, то іх можна назваць «лагодна-каранціннымі», але гэта ёсць! Выкананне гэтых мерапрыемстваў, канешне, залежыць цалкам ад дробных начальнікаў на месцах, і, канешне, ад саміх людзей, але гэта ўжо іншае пытанне.

Кіраўніцтва пачало разумець, што чуткі, фэйкі ды паніка зʼяўляюцца заўсёды, калі бракуе інфармацыі, ды здагадвацца, што ў сітуацыі эпідэміі грамадства і дзяржава павінны быць па адзіны бок барыкады? Да ўлады прыйшло працверажэнне, што багаты, і бедны, праўладны і апазіцыйны могуць, цалкам раўнапраўна, апынуцца ў шпіталі ці, крый Божа, на могілках? Пакінем пакуль што пытанні без адказаў, але заўсёды хочацца верыць.

Міністэрства аховы здароўя ня стала паведамляць пра колькасць пацыентаў з COVID-19

Кроплі станоўчага

Бывае так, што ты сніш страшны сон, прачынаешся, і ўсміхаешся таму, што гэта быў толькі сон. З гэтым каронавірусам хочацца зрабіць тое ж самае, але не атрымліваецца. Нам прыйдзецца жыць далей. Усё – наперадзе. І гэтае – «наперадзе» – напэўна, будзе зусім не ружовым.

Але ж ёсць у гэтай сітуацыі і кроплі станоўчага! Свет даведаўся, што ў Беларусі, акрамя Аляксандра Глеба, ёсць і свой нацыянальны чэмпіянат па футболе! ФК»Слуцк» атрымаў міжнародны фан-клуб! Ну, а мы ўсе, спадзяюся, пачалі вучыцца больш цаніць час, а таксама жыццё ды здароўе сваіх родных, блізкіх і сяброў. Пайду пацалую дачку. Абдыму жонку. Пайду пазваню маме: як ты сябе адчуваеш, матуля?

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў