«Быццам хтосьці спецыяльна падпаліў». У Берасці згарэла каля гектару лесу

Больш за шэсць гадзін супрацоўнікі МНС тушылі пажар ва ўсходняй частцы гораду.

Фота прадстаўлена відавочцам

Днём у пятніцу ў межах Берасця адбыўся вялікі пажар. Пачаўся ён ва ўсходняй частцы гораду каля 13:30, у раёне вёскі Чэрні. Агонь хутка пераадолеў некалькі кіламетраў, дабраўся да Старых Задворцаў і нават ушчыльную падышоў да заправак.

Фота: Belsat.eu

– Агонь ішоў па дрэвах, вельмі хутка і інтэнсіўна гарэў. Думаю, паспрыяў вецер, – падзяліўся з «Белсатам» відавочца.

Фота: Belsat.eu
Фота: Belsat.eu

Афіцыйны прадстаўнік Берасцейскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў не быў шматслоўны, і намагаўся сказаць нам як мага меней:

– Гарыць каля гектару лесапаркавай зоны, больш мне пакуль няма чаго дадаць, – сказаў Машноў.

Фота: Belsat.eu
Фота: Belsat.eu

Больш за 50 супрацоўнікаў МНС тушылі пажар некалькі гадзінаў.

– Здаецца, быццам хтосьці спецыяльна падпаліў. Інакш вельмі дзіўна ўсё выглядае. Як агонь перабраўся праз пераараныя ўчасткі лесу? – разважае адзін з ратавальнікаў.

Ад агню ніхто не пацярпеў, але ўсё магло мець сур’ёзныя наступствы. Усяго ў пяцідзесяці метрах ад зоны пажару знаходзіцца закрытая газавая станцыя і дзеючая запраўка «Лукойл».

– Калі б агонь дабраўся да газавай станцыі, сурʼёзных наступстваў не было б. Але страшна ўявіць, што было б, калі б ён дайшоў да «Лукойла», – падзяліўся сваім назіраннямі работнік газавай службы, які дзяжурыў на месцы здарэння.

Фота: Belsat.eu

Кругласутачная запраўка а 18:00 была зачыненая. На месцы працавалі прадстаўнікі Следчага камітэту.

Фота: Belsat.eu

Згарэлы лес – пераважна сасновы. Ён быў папулярным месцам адпачынку ў берасцейцаў – хтосьці праз яго дабіраўся на лецішчы, а хтосьці нават збіраў грыбы.

Фота прадстаўлена відавочцам

АС Belsat.eu

Hавiны