«Быць легіянерам – вельмі ганарова ў Францыі». Інтэрв’ю з беларусам з Замежнага легіёну

Belsat.eu пагутарыў з беларусам Канстанцінам, які на пачатку 2000-х праходзіў службу ў французскім Замежным легіёне. Наш суразмоўца распавёў, колькі зарабляюць легіянеры, ці шмат там беларусаў і чаму замежнікі ідуць служыць французскай дзяржаве.

Канстанціну 42 гады. Ён родам з сям’і савецкага вайскоўцы. У 1991 годзе бацька скончыў вайсковую службу, атрымаў кватэру ў Менску і сям’я асела ў Беларусі. У Менску будучы легіянер скончыў школу, затым – будаўнічую вучэльню. Вучыўся ва ўніверсітэце фізкультуры, працаваў настаўнікам і трэнерам. У канцы 90-ых ён адслужыў ва Узброеных сілах Беларусі. Пасля службы ў войску Канстанцін зразумеў, што хоча быць вайскоўцам.

Канстанцін (злева) разам са саслужыўцамі па Замежнаму легіёну падчас камандзіроўкі ў Афрыцы. Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

«80 % адсейваюцца пры тэсце на інтэлект»

– Я з сямʼі вайскоўца, ваенная сцежка заўсёды была ў маёй крыві, – распавядае Канстанцін. – Трэба было выбіраць, дзе служыць. Тата быў вайскоўцам у велізарнай краіне, перамяшчаўся на вялікія адлегласці, служыў у ГДР, Вугоршчыне, Беларусі. Але часы змяніліся. Мне здавалася, што служыць у беларускай арміі сумна – няма прыгодаў, у нас мірная краіна. Для мяне было важна рэалізаваць сябе як вайсковец у прыгодніцкім плане. Таму я вырашыў паспрабаваць сябе ў Замежным легіёне.

– Што трэба, каб патрапіць у Замежны легіён?

– Трэба прайсці звычайную медкамісію, нескладаныя фізічныя нарматывы і сурʼёзны тэст на інтэлект, памяць і ўважлівасць. У нашыя часы [пачатак 2000-ых. – Belsat.eu] тэсты на інтэлект здавалі не на кампʼютарах, а проста на аркушах. Напрыклад, аркуш запоўнены рознымі значкамі – кружок, квадрацік, знак працэнту, пытальнік. Нейкія трэба падкрэсліць, нейкія – абвесці кружочкам. І ты на чатырох аркушах абводзіш і падкрэсліваеш. Мапу трэба было запомніць. Паказваюць табе мапу, ты запамінаеш усе назвы, размяшчэнне, а потым даюць такую ж мапу, але без назваў – і трэба падпісаць, дзе што знаходзіцца. 80 % адсейваюцца пры тэсце на інтэлект (пры тым, што конкурс у легіёне – 8-10 чалавек на 1 месца). Таму тыя, хто праходзіць адбор, у асноўным вельмі талковыя хлопцы.

Шмат размаўляюць з табой пры прыёме ў легіён, асабліва на тэму «чаму ты прыехаў». Гэта ключавое пытанне.

Дэсантнікі Замежнага легіёну. Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

– А пры якіх адказах на гэтае пытанне чалавека хутчэй не возьмуць у легіён?

– Калі чалавек кажа, што ён шмат ваяваў і хоча працягнуць менавіта ваяваць – яго не возьмуць. Калі чалавек раскажа, што ён прыехаў зарабіць грошай – таксама наўрад ці возьмуць. Калі хочаш трошкі паслужыць і атрымаць пашпарт – таксама наўрад ці. Гэта ж небяспечна тым, што чалавек можа дэзерціраваць.

Дэзерцірства – вялікая праблема для Замежнага легіёну. Думаю, у год з 7 тысяч чалавек бяжыць некалькі сотняў. Чаму дэзерціруюць? З розных прычынаў. Хтосьці стаміўся, хтосьці не прыжыўся, хтосьці ўжо назапасіў патрэбную суму грошай. Да гэтага спакойна ставяцца. Афіцэры могуць наўпрост спытаць: хто не вернецца з адпачынку? Чалавек можа шчыра прызнацца. Проста скажуць: здай усе вайсковыя прыналежнасці, развітайся з сябрамі.

– То бок ніякіх наступстваў для дэзерціра не будзе?

– Гэта абсалютна ніяк не караецца. Ён можа ў Францыю пасля прыехаць, можа нават зноў пайсці ў Замежны легіён, шкадуючы пра свой учынак, і нікому не кажучы, што ўжо аднойчы гэтак паступаў. Такое таксама бывала. Пасля 30 дзён адсутнасці цябе могуць узяць зноў без праблем. Быў нават выпадак, калі пасля 4 месяцаў дэзерцірства чалавека зноў узялі: ён быў музыкам у палкавым аркестры і ўвесь аркестр за яго прасіў.

Паводле Канстанціна, у легіёне ёсць такое пакаранне – сабраць з камянёў за ноч двухметровую піраміду. «Афіцэр сказаў, што гэта было пакаранне легіянеру і піраміду я пабудаваў як пакараны легіянер, а не як беларус. І ў пакаранне ўжо за фота мне загадалі піраміду разабраць». Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

– Як пры прыёме правяраюць мінулае навабранца? Раптам ён крымінальнік, здзейсніў злачынства і уцёк…

– У мой час усё высвятлялася пры асабістай гутарцы. Ну вось мы з вамі беларусы, выраслі ў адных рэаліях. Я пачну пытацца, адкуль вы прыехалі, чым займаліся, дзе служылі. За дзве гадзіны гутаркі ўсё роўна высветліцца, што чалавек недзе хлусіць, нешта недагаворвае. Дарэчы, менавіта таму стараюцца браць маладых, каб людзям у прынцыпе не было чаго хаваць.

– Каб трапіць у легіён, ці трэба хаця б мінімальнае веданне французскай мовы?

– Не. Ведаеце, у часы СССР чалавек мог прыйсці ў войска, не ведаючы мовы. І нічога – за паўтары гады вывучваецца. А тут 5 гадоў службы. Да гутарковага ўзроўню мова вывучваецца прыкладна праз год.

Усе каманды ў легіёне аддаюцца па-французску. Камандуюць легіёнам афіцэры, якія скончылі французскія вайсковыя вучэльні.

«Наш полк часцяком размяшчаецца побач з палацам мясцовага прэзідэнта»

Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

– Колькі гадоў вы адслужылі ў Замежным легіёне?

– Я адслужыў 4,5 года ў дэсантным палку. Атрымаў траўму пляча і за паўгода да канца кантракту мяне камісавалі. Быў выбар: або скасаваць кантракт, або перайсці з дэсанту ў пяхотны полк. Але я ў пяхотны полк ісці не захацеў.

– У якіх кропках зямнога шара вы служылі?

– Я быў у Габоне, Джыбуці і на выспах Новая Каледонія.

– Якія задачы легіён вырашаў у гэтых краінах?

– Усе задачы легіёну зводзяцца да падтрымання міру і парадку. Калі мы знаходзімся ў нейкай афрыканскай краіне, то мы патрулюем мяжу, кантралюем плямёны, якія бегаюць са зброяй. Каб адчувалася, што ёсць нейкая сіла ў краіне. Ахоўваем дзейную ўладу – наш полк часцяком размяшчаецца побач з палацам мясцовага прэзідэнта. І ў выпадку нейкага рэвалюцыйнага паўстання мы павінны яго абараняць. Акрамя міратворчых аперацый усе задачы легіёну заўсёды зводзяцца толькі да гэтага.

Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

– Вам даводзілася прымаць удзел непасрэдна ў баявых сутыкненнях?

– Не, у перыяд маёй службы ўсё было спакойна.

«У мяне былі размовы з беларускімі спецслужбамі»

– Які быў у вас заробак у Замежным легіёне?

– 10 тысяч франкаў – тады гэта было можа тысячы $ 1,5. На сённяшнія грошы гэта складана перавесці, таму што пакупніцкая здольнасць была зусім іншая. На 100 франкаў у 2000-ыя можна было купіць больш, чым на 100 еўра цяпер.

Цяпер дэсантнік атрымлівае прыкладна 1850 еўра ў месяц, звычайны пяхотнік – 1300 еўра. У камандзіроўках, дзе легіянер знаходзіцца ў сярэднім 4 месяцы на год, зарплата падвойваецца.

Калона тэхнікі Замежнага легіёна ў Афрыцы. Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

– Вы сустракалі ў легіёне беларусаў?

– Так. Гэта быў прыкметны адсотак. Вялікі паток беларусаў пачаўся з 2002 года. Спачатку ў нашай кампаніі (кампанія – гэта нешта сярэдняе паміж батальёнам і ротай) на 80 чалавек было ўсяго 5 расейскамоўных. А потым за 1,5 гады стала каля 30 расейскамоўных, у тым ліку дзесьці 5 беларусаў.

– Вы ведалі Андрэя Жука, які нядаўна загінуў у Малі?

– Разам мы не служылі, ён прыйшоў пазней. Але трохі я яго ведаў, на ўзроўні «прывітанне-пакуль».

Беларускі жаўнер Французскага легіёну загінуў у Малі

– Што вы рабілі пасля службы ў легіёне?

– Вярнуўся ў Беларусь, купіў кватэру. Не паспеў вырашыць, што мне далей рабіць, як сталі тэлефанаваць з Францыі, прапаноўваць працу. Я прыязджаў у Францыю, працаваў па 2-3 месяцы і вяртаўся ў Беларусь. Працаваў у службе бяспекі, у ахове. У такім рэжыме я пражыў амаль 9 гадоў. Але ў 36 год я прыняў рашэнне, што канчаткова перабіраюся ў Францыю.

– Праз службу ў легіёне да вас былі нейкія прэтэнзіі з боку праваахоўных органаў Беларусі?

– Зыходзячы з нашага заканадаўства, службу ў легіёне ніяк нельга лічыць найміцтвам. Найміт – гэта чалавек, які адпраўляецца на вайну за грошы і пры гэтым не ўваходзіць ува ўзброеныя сілы ваюючых бакоў. Але Замежны легіён уваходзіць у склад сухапутных сілаў Францыі, а я – вайсковец, які знаходзіцца на рэгулярнай службе па кантракце. Наш статус – гэта на 100 % статус французскага вайскоўца. У мяне ёсць медалі, даведкі, пенсія налічваецца. Таму легіянераў ніяк нельга лічыць наймітамі.

У мяне былі размовы з беларускімі спецслужбамі. Ім жа трэба ведаць, што за людзі вяртаюцца ў краіну з баявым досведам, што яны ўмеюць. У прыватнасці, гутарыў са Службай бяспекі прэзідэнта. Яны пыталі пра снайперскую і падрыўную дзейнасць, хацелі даведацца, чаму нас вучылі ў Замежным легіёне. Ну, я ім і тлумачыў, што падрываць як у фільмах кубачкі з-пад кавы ці закладваць бомбы ў аўтамабіль нас не вучылі, затое мы можам мінаваць масты і дарогі.

Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

«Які сэнс ехаць у Сірыю?»

– У вас была думка пасля легіёну зрабіць карʼеру ў беларускім войску, стаць афіцэрам?

– Я прыйшоў з легіёна ў 27 гадоў. Калі адвучыцца ў вайсковай вучэльні, мне ўжо будзе 32 (а ўсе гэтыя 5 гадоў мне трэба карміць неяк сямʼю) і я стану толькі лейтэнантам. Але лейтэнантам становяцца ў 22, а не 32 – у 32 нельга мець заробак лейтэнанта. Ды яшчэ з Замежным легіёнам за плячыма! Гэта значыць, што мяне наагул да дзяржсакрэтаў не дапусцяць. Якую я карʼеру мог бы зрабіць? Так і застаўся б камандзірам роты. Плюс момант авантурызму. Беларускае войска не ваюе, афіцэр можа правесці ўсё жыццё на трох палігонах. Не, гэта не па мне.

Замежны легіён у Афрыцы. Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

– Вам вядомыя выпадкі, калі былыя легіянеры паехалі ваяваць у гарачыя кропкі – на Данбас ці ў Сірыю?

– Так. У апошні час нямала знаёмых паехала. У асноўным гэта расейцы. Яны калісьці служылі ў расейскім спецназе, потым адслужылі ў легіёне, ім патэлефанавалі былыя сябры-спецназаўцы і прапанавалі паехаць. Яны ўсе сябры, родныя людзі – спецназаўскае братэрства куды мацней за легіёнаўскае. Вось яны дружна і паехалі.

Каб ехаць у Сірыю, трэба мець там блізкіх сяброў [сярод расейскіх вайскоўцаў. – Belsat.eu]. А блізкія сябры – гэта калегі па першай службе. Таму я не ведаю, каб нехта з беларусаў-легіянераў потым паехаў у Сірыю. Ды і які сэнс? У Францыі ёсць сацыяльныя гарантыі, тут проста ў ахове можна зарабіць куды больш чым у ПВК [прыватных ваенных кампаніях. – Belsat.eu]. Акрамя таго, расейцы без праблем працягваюць жыць у Расеі, яны ж з ПВК усё адно вяртаюцца дадому. Беларусам больш складана.

– Вы падтрымліваеце сувязь з былымі таварышамі па службе?

– Так, увесь час. У Viber нават ёсць суполка для былых легіянераў, яна выкарыстоўваецца для пошуку працы – там больш за 200 чалавек. Раяць, дапамагаюць адзін аднаму. Шмат хто сыходзіць у ахову, дзе ўжо служаць іх былыя калегі.

«50 % – рамантыкі»

Ветэраны Замежнага легіёну розных часоў у Парыжы. Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю

– СМІ пісалі, што прыкладна 35 % легіянераў – гэта расейскамоўныя з Усходняй Еўропы. Гэта дакладныя ацэнкі?

– Калі казаць пра Ўсходнюю Еўропу, то лічба нават больш будзе – мінімум 50 %. Палова з іх – расейцы, можа нават больш.

– Пасля Крыму і Данбасу ў легіянераў з Украіны і Расеі не ўзнікала канфліктаў на глебе палітыкі?

– Здаралася. Не толькі сярод украінцаў і расейцаў, але і сярод саміх украінцаў. Украіна ж неаднастайная. Канфлікты ўнутры падраздзяленняў былі, але гэта ніколі не перарастала ў бойку, мардабой. Там дысцыпліна. Проста людзі адзін з адным не згодныя.

– Калі скласці зборны вобраз легіянера, як бы вы яго апісалі?

– Малады чалавек 20-25 гадоў, талковы, спартыўны, без шкодных звычак.

– А асноўная матывацыя?

– 50 % – рамантыкі. Ну і, вядома, статус прыцягвае. Людзі ж разумеюць, што пасля службы ты становішся сапраўдным еўрапейцам. Не проста эмігрантам, які посуд дзесьці спачатку мыў. Быць легіянерам – гэта вельмі ганарова ў Францыі, цябе паважаюць.

Ігар Ільяш Belsat.eu

Hавiны