Былы міліцыянт – пра парадкі ў МУС


Працаўнік цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна Міхаіл Грамыка нядаўна падтрымаў абаронцаў Курапатаў за што быў звольнены з працы і прысуджаны да адміністратыўнага арышту. Пасля адбыцця пакарання былы міліцыянт даў інтэрв’ю «Белсату».

– Даводзіцца чуць, што некаторыя ў ЦІП проста адбываюць пакаранне, а некаторыя падвяргаюцца моцнаму ціску, прэсінгу. Гэта працаўнікі Акрэсціна самі вызначаюць, бо, напрыклад, ім канкрэтны чалавек не спадабаўся, або гэта загад кіраўніцтва?

– Апошнім часам прэсінгу няма. У прынцыпе, стаўленне аднолькавае да ўсіх, хто там утрымліваецца. Але раней такое здаралася. Думаю, быў загад ад кіраўніцтва ГУУС аб тым, што людзі мусяць утрымлівацца ў максімальна непрыемных умовах. Самі працаўнікі ЦІП – гэта проста выканаўцы. Ім усё роўна. Атрымалі загад – выконваюць. У чым заключаецца прэсінг? Большая колькасць людзей у камеру, забараняюць паперу, цыгарэты. Стараліся апазіцыянераў утрымліваць у камерах з асобамі «без пэўнага месца жыхарства». Вось такі быў ціск. Але гэта было раней. Змянілася кіраўніцтва.

– Ці ёсць нейкія тэмы-табу сярод міліцыянтаў? Можа нельга абмяркоўваць Шуневіча або расейскую агрэсію ва Украіне?

– Загадаў такіх няма. Але мы, як усе беларусы, мусім разумець у якой краіне мы жывем. Абмяркоўваюць людзі паміж сабою, вядома, але ж з асцярогаю, не шмат, бо паміж міліцыянтамі існуе пэўны недавер. Наогул вялікай цікавасці да палітыкі ці пэўных грамадзкіх з’яваў няма сярод міліцыянтаў – заробак плацяць ды і нармальна.

– А што падштурхнула вас далучыцца да абаронцаў Курапатаў?

– Я думаў пра гэта даўно. Яшчэ ў канцы 80-х я пра Курапаты чытаў, мы яшчэ з бацькам абмяркоўвалі. Неяк накапілася.

Міхаіл Грамыка

– Чаму вас так жорстка затрымлівалі? Гэта да вас асабіста кіраўніцтва так паставілася або гэта паказальна, каб іншыя не паўтаралі за вамі?

– Так, гэта быў паказальны выступ, каб іншым не панадна было. Тыя міліцыянты, якія выконвалі гэты загад, асабіста мне казалі, што ім прыкра гэта рабіць. Але загад ёсць загад. І я казаў: я разумею вас, вы ж дзеля мяне не станеце звальняцца. Усё зразумела.

– А вашыя калегі запытвалі ў вас, чаго вы пайшлі ў гэтыя Курапаты?

– З шараговымі працаўнікамі пагутарыць не атрымалася на гэтую тэму, а вось кіраўніцтва выказвалася – маўляў, мог звольніцца і пайсці як цывільны чалавек. Але ж гэта быў бы не той эфект – я менавіта хацеў прыйсці як працаўнік міліцыі…

– Паказаць, што міліцыя з народам?

– Ну так. І я думаю, што немалая частка гэтых людзей з народам. Многія, нават афіцэры, мне казалі: ты вось зрабіў гэта, а я ўсё жыццё хачу, але не магу зрабіць.

– То бок страх пануе і ў сілавых структурах?

– Так. Там жа свая сістэма. Тым больш, што за кожным міліцыянтам стаіць сям’я, якую ён мусіць забяспечваць.

– Звычайна міліцыянты звяртаюцца да журналістаў ужо калі адбыўся канфлікт і яны былі вымушаныя напісаць рапарт аб звальненні. А ці можна неяк выйсці з канфлікту не звальняючыся?

– Не. Толькі звальненне. Крок направа, крок налева – уцёк.

– Вы атрымалі «воўчы білет» фактычна. Куды вы цяпер пойдзеце?

– Малаверагодна, што ў мяне атрымаецца на працу ўладкавацца. Нават пакуль не спрабую. Я хачу зарабляць як рамеснік. Паглядзім, што будзе.

– Як лічыце, чаму апошнім часам мы бачым шмат скандалаў, звязаных з міліцыяй?

– Гэта праблема адбору. Вядома, адбываюцца праверкі, глядзяць на адміністратыўныя правапарушэнні – гэта не ўплывае на якасць працаўнікоў. Тыя справы, як у нас кажуць, «п’яных стырнаў» – гэта 1/10 з таго, што выходзіць на паверхню. Нам даводзяць для застрашвання такія выпадкі, але далёка не ўсе трапляе ў СМІ.

Ёсць праблема з напаўненнем асабістага складу. Чалавек з вышэйшай адукацыі, з пачуццём гонару і годнасці практычна не пойдзе ў міліцыю. Пойдзе той, каму няма куды ісці.

Любоў Лунёва, belsat.eu

Стужка навінаў