Былы міліцыянт з Горадні сцвярджае, што супраць яго рыхтавалі правакацыю


Міхаіл Куцко. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Міхаіл Куцко, які стаў вядомы пасля таго, як распавёў «Белсату» пра выкрыты ім канал вярбоўкі ў ДНР, лічыць, што супраць яго здзейснілі правакацыю: зрабілі дублікат сім-карты, а пасля – даслалі з яе смс з абразамі, што парушае арт. 9.3 Адміністратыўнага Кодэксу.

Паводле Куцко, яму стала вядома, што ў адносінах да яго ў Кастрычніцкім РАУСе Горадні знаходзіцца матэрыял праверкі па факце абразы. Нібыта ён абразіў свайго колішняга калегу, таксама былога супрацоўніка МУС.

ВІДЭА
Міліцыянт раскрыў канал вярбоўкі ў ДНР і атрымаў тры гады
2020.01.24 17:22

«Гэты чалавек – адзін з нешматлікіх з ліку былых калегаў, хто выяўляў цікавасць да маёй асобы, пакуль я знаходзіўся ў зняволенні, – распавядае Куцко, – У перапісцы ён яшчэ тады казаў, маўляў, вызнавай віну, адмаўляйся ад словаў, якія казаў «Белсату» пра канал вярбоўкі ў ДНР. Не магу сказаць, што адразу падазраваў яго ў супрацы са спецслужбамі, але здагадкі былі… Імя не называю, бо не магу на гэты момант прывесці доказаў супраць яго. Публікацыя імя гэтага чалавека можа быць расцэненая як паклёп».

«Стаў пад камерамі, каб мець алібі»

Адкуль жа вядома пра факт правакацыі? Паводле Куцко, яму гэта паведамілі былыя калегі, якія дагэтуль працуюць у МУС. «Не ўсё ў сістэме нягоднікі», – кажа Міхаіл. Таварышы ведалі, што такая правакацыя супраць яго будзе, таму своечасова папярэдзілі: нават дзень і час сказалі.

«Перадалі, што пасля 14.00 у пэўны дзень да майго абанентскага нумару будзе створаны дублікат сім-карты і дасланае паведамленне з абразамі чалавеку, пра якога казаў вышэй, – распавядае Куцко. – Ведаючы гэта, я накіраваўся ў краму «Еўраопт», дзе наўпрост стаў пад камерамі, не трымаючы ў руках тэлефон. Навошта? Каб калі што мець алібі, што я не мог дасылаць смс у гэты час. Калі відэа не знікне «цудоўным чынам», то на камерах усё будзе бачна».

Крама Еўраопт у Горадні.
Фота: evroopt.by

Дэманстрацыя сілы

Навошта гэта спецслужбам і чаму менавіта зараз? Міхаіл Куцко лічыць, што гэта і папярэджанне, і спроба спыніць ягоныя дзеянні ў юрыдычнай галіне: былы міліцыянт з’яўляецца даверанай асобай Дзмітрыя Бегуна, былога намесніка міністра МНС, які знаходзіцца за кратамі. То бок, дапамагае яму пісаць скаргі, а зусім нядаўна падрыхтаваў і даслаў скаргу ў Камітэт па Правах Чалавека пры ААН.

Hавiны
Былы працаўнік МУС выявіў неадпаведнасці ў справе экс-намесніка кіраўніка МНС Змітра Бегуна
2020.01.31 07:00

«Пакуль да мяне ніхто з МУС не звяртаўся, гэта магчыма ўжо пасля складання пратаколу, – працягвае Куцко, – Тады мяне б магла выклікаць крымінальна-выканаўчая інспекцыя на гутарку па факце правапарушэння. Гэта называецца дэманстрацыя сілы, маўляў, «што мы можам». Упэўнены, што калі высветліцца, што гэта была менавіта правакацыя, то асоба, якая напісала на мяне заяву, наўпрост ад яе адмовіцца».

На сённяшні момант Міхаіл Куцко мае непагашаную судзімасць па цяжкім артыкуле. Паводле КК, дастаткова двух адміністратыўных парушэнняў з ягонага боку, каб усталяваць за ім нагляд. То бок, абмежаваць перасоўванні, паездкі, нават выхад на вуліцу. Калі парушэнняў будзе болей, то справа можа набыць крымінальны абарот з перспектывай зноўку вярнуцца за краты.

АК, Belsat.eu

Стужка навінаў