Былы мэр Грознага патлумачыў, навошта катаваў затрыманых

Іслам Кадыраў. Фота: grozny.tv

32-гадовы былы мэр сталіцы Чачэніі Грознага Іслам Кадыраў пракаментаваў распачатую ў дачыненні да яго праверку за грубае стаўленне да затрыманых за махлярства гараджанаў. Пра гэта паведамляе тэлеканал «Грозный».

У дачыненні да экс-мэра паліцыя пачала праверку пасля з’яўлення кадраў грубага абыходжання з затрыманымі, на якіх бачна, што Кадыраў груба размаўляе з імі, выкарыстоўвае электрашокер і пагражае ілжывым абвінавачваннем у фінансаванні тэрарызму.

Паводле былога чыноўніка, ён нікога токам не катаваў, «хацеў толькі напалохаць іх, каб яны спыніліся, бо тысячы грозненцаў пакутавалі ад махляроў, ад кватэрных аферыстаў». Чыноўнік прызнаўся, што памыліўся, не перадаўшы іх у рукі праваахоўнікаў, але ён патлумачыў гэта тым, што знаходзіўся ў стане эмацыйнага напружання.

Іслам Кадыраў адзначыў, што такім чынам дапамагаў людзям. Зараз ён заявіў, што «гатовы панесці пакаранне за свае памылкі».

Чыноўнік папрасіў прабачэння ў кіраўніцтва рэспублікі і абверг інфармацыю пра тое, што яго нібыта знялі з пасады праз датычнасць да змовы супраць Рамзана Кадырава, які кіруе рэспублікай.

Іслам Кадыраў жанаты з пляменніцай кіраўніка Чачэніі. Ён кіраваў Грозным у 2012-2015 гадах, а да гэтага ўзначальваў міністэрства маёмасных і зямельных стасункаў рэгіёну ды быў намеснікам старшыні ўрада Чачэніі.

МГ belsat.eu

Hавiны