Былы кіраўнік унутраных войскаў лічыць прызнанні Гараўскага ўкідам


Юрый Сівакоў, які ў 1999-2000 гадах кіраваў унутранымі войскамі, заявіў, што прызнанні экс-байца СОБР пра ўдзел у забойствах апазіцыйных палітыкаў з’яўляецца ўкідам перад сустрэчай Лукашэнкі і Пуціна 20 снежня, піша «Наша Ніва».

Былы спецназавец Юрый Гараўскі ў інтэрвʼю «DW» распавёў, што загады на захоп і знішчэнне апазіцыйных палітыкаў у 1999-2000 гадах аддаваліся вусна. Гараўскі перакананы, што пра забойствы ведаў тагачасны кіраўнік МУС Юрый Сівакоў.

Але гэтыя абвінавачванні, зрэшты, як і Дзмітрый Паўлічэнка, Юрый Сівакоў адрынае.

«Я вам скажу, што матэрыял такі дабротны, зроблены прафесійна, на высокім тэхнічным узроўні і, адчуваецца, на добрай такой кухні. Галоўнае – своечасова. Калі ў нас там сустрэча Лукашэнкі і Пуціна? 20 снежня? І мне здаецца, што гэта нават не дэсерт, а толькі закуска. Павінны яшчэ з’явіцца і першая страва, і другая, і трэцяя. Пра гэтую кухню можна толькі здагадвацца. Мне здаецца, што такія козыры загадзя рыхтуюцца. Яны дзесьці ляжаць, чакаюць моманту ісціны, укідванні ў грамадства. Але я хачу сказаць, што гэты матэрыял, з усіх тых, што былі раней, самы прафесійны», – сказаў Юрый Сівакоў.

Былы сілавік адзначае, што не ведаў асабіста Юрыя Гараўскага.

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў