Былы кіраўнік Нацбанку пра Надзею Ермакову: Паслухмяная, гатовая выконваць любыя загады


З 15 чэрвеня Нацыянальны банк Беларусі прызначыў Надзею Ермакову кіраўніцаю часовай адміністрацыі «Белгазпрамбанку». Паўнамоцтвы кіраўніцтва банку былі прыпыненыя на фоне крымінальных справаў за адмыванне грошай і нясплату падаткаў. Ермакова мае тыдзень на тое, каб прызначыць часовую адміністрацыю ўстановы. Далей гэтая адміністрацыя мусіць прывесці ў адпаведнасць з патрабаваннямі рэгулятара сістэму кіравання рызыкамі і ўнутраны кантроль «Белгазпрамбанку».

Надзея Ермакова.
Фота: sovrep.gov.by

Нацыянальны банк не канкрэтызуе, як доўга ў «Белгазпрамбанку» будзе працаваць часовая адміністрацыя на чале з Надзеяй Ермаковай, якая пасля працы ў Нацбанку сышла на пенсію.

«Гэта прыватны банк, які належыць інвестарам з Расеі. Таму я згодзен з заявай Віктара Бабарыкі, што гэта рэйдарскі захоп. Патрэбныя падставы, каб адсунуць кіраўніцтва. Надзвычайнае рашэнне проста не мае падставаў для такіх захадаў. Банк мае прыбытак, яго правяралі штогод і не было нейкіх парушэнняў. Праблемаў у банку няма, але яго захапілі, каб нейкім чынам уздзейнічаць на патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцтва», – сказаў «Белсату» Станіслаў Багданкевіч, былы кіраўнік Нацбанку.

Былы банкір таксама адзначыў, што «Белзапрамбанк» выконваў беларускае заканадаўства.

Абноўлена
«Гэта рэйдарскі захоп з боку дзяржавы», – Бабарыка пра пераслед «Белгазпрамбанку»
2020.06.14 09:22

Пра тое, што ўвядзенне часовай адміністрацыі – не эканамічная прычына, а палітычная кажуць і іншыя эканамісты.

«З пункту гледжання функцыянавання любы гаспадарчы аб’ект у Беларусі падпарадкоўваецца законам краіны. Таму тут няма замаху на ўласнасць, бо ўвядзенне рэгулюючых правілаў можа ажыццяўляць любы Нацбанк у любой краіне. Часова, каб палепшыць працу. З пункту гледжання ўласнасці, пакуль правы не парушаюцца, прыбытак атрымліваюць, прызначаюць кіраўнікоў. Таму такая часовая захада можа ўжывацца. З іншага боку, усе разумеюць, што гэта палітыка. Так бы мовіць, пакажам вам «Кузькіну маці», як казаў Хрушчоў. І вось у вобразе гэтай «Кузькінай маці» апынулася… Надзея Ермакова», – кажа эканаміст Леанід Заіка.

Надзея Ермакова вядомая ў Беларусі працай у буйных банках і галоўнай фінансавай установе краіны. 15 год яна ўзначальвала Беларусбанк. А з 27 ліпеня 2011 года да 27 снежня 2014 года кіравала Нацыянальным банкам Беларусі. Надзею Ермакову на гэтую пасаду прызначыў Аляксандр Лукашэнка. Яе папярэднік, Пётр Пракаповіч, тады сышоў на пенсію.

Пётр Пракаповіч у каментары «Белсату» распавёў, што «добра ведае Надзею Андрэеўну, пасля іх сумеснай працы засталіся толькі самыя цёплыя ўспаміны і да гэтага часу захаваліся добрыя стасункі». Але пра прафесійныя здольнасці Надзеі Ермаковай Пётр Пятровіч катэгарычна адмовіўся распавядаць.

Hавiны
«Зразумела, што ёсць замова». Эксперты пра прызначэнне ў «Белгазпрамбанк» новай адміністрацыі
2020.06.12 19:17

Дэвальвацыі пры Ермаковай

У 2011 годзе, калі Надзея Ермакова ўзначаліла Нацбанк, інфляцыя ў Беларусі дасягнула 108,7 %, стаўка рэфінансавання вырасла за год з 10 % да 45 %. Агулам цягам 2011 году ў краіне адбыліся дзве дэвальвацыі. Пасля першай звольнілі Пракаповіча, а другая была пры Ермаковай. Гэтак 21 кастрычніка 2011 году долар ЗША стаў каштаваць 8680 рублёў, еўра – 11 900.

У гэты ж год восенню курс рубля ў нашай краіне пачаў вызначацца па выніках гандляванняў на Беларускай валютна-фондавай біржы.

Hавiны
Дэвальвацыя ўжо пачалася?
2013.09.18 14:20

Яшчэ адна дэвальвацыя пры Надзеі Ермаковай адбылася ў 2014 годзе. Пры гэтым кіраўніца Нацбанку, як і кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка, сцвярджалі, што дэвальвацыі больш не будзе, што для гэтага няма перадумоваў. Але ў снежні 2014 года ўслед за падзеннем расейскага рубля афіцыйны курс продажу долара вырас да 10 890 рублёў. У некаторых жа абменных пунктах долар прадавалі па 13 тысячаў рублёў. Такім чынам цягам 2014 году агульная дэвальвацыя ў Беларусі склала 24,7 %.

«Дэвальвацыі былі ў краіне толькі і выключна таму, што напоўнілі краіну пустой грашовай масай. Лукашэнка аддаваў каманду, каб друкавалі грошы, а яна і выконвала гэта. Выдзялялі крэдыты стратным прадпрыемствам, калгасам, якія потым іх не вярталі», – кажа былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч.

Hавiны
Расейскі рубель як «золата»
2014.10.18 17:04

Экс-старшыня Нацыянальнага банку Беларусі падкрэслівае, што кіраваць рэгулятарам павінна асоба, чалавек, які можа спрачацца, даводзіць сваю думку, праводзіць сваю палітыку. Надзея Ермакова не здольная на такія крокі, лічыць Станіслаў Багданкевіч.

«Ніхто ніколі не казаў, што яна буйны спецыяліст і эканаміст. Яна тэхнічны працаўнік, які гатовы служыць кіраўніку краіны. Сапраўдны грамадзянін не пайшоў бы з парушэннем закону ўзначальваць банк. Тут жа навідавоку парушэнне законаў. Ермакову прызначылі на гэтую пасаду, бо яна паслухмяная. Яна будзе тэхнічна працаваць, нічога не павінна адбыцца, тым больш, што банк мае прыбытак, добра працуе. Таму яна не можа нанесці шкоду гэтай фінансавай установе. Такіх паслухмяных, гатовых выконваць любыя загады, у нашай краіне даволі шмат».

Аб’ектыў
Лукашэнка пагражае Бабарыку турмой
2020.06.12 22:46

СК belsat.eu

Стужка навінаў