Былы дарадца віцэ-прэзідэнта ЗША: «Прыйшоў час, каб у Беларусі быў амбасадар ЗША»


Інтэрв’ю з Майклам Карпэнтэрам, былым дарадцам віцэ-прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Джоў Байдэна і адным з найлепшых вайсковых аналітыкаў, які асабіста сустракаўся з Уладзімірам Макеем і Аляксандрам Лукашэнкам, калі выконваў функцыю намесніка асістэнта міністра абароны ЗША.

Пра тое, што больш эфектыўна: поўная ізаляцыя або праца з уладамі Беларусі, і як змяняюцца беларуска-амерыканскія дачыненні, а таксама чаму прыйшоў час вяртаць амерыканскага амбасадара ў Менск.

– Вы не так даўно наведалі Беларусь, што вас найбольш уразіла?

– Я быў вельмі здзіўлены тым, што больш як дзесяць гадоў тут не было высокага прадстаўніка Пэнтагону. У нас фактычна не было дыялогу, мы не ведалі, што Міністэрства абароны Беларусі думае пра пагрозы, супрацу з Расеяй, асабліва пра дзейнасць НАТО на ўсходнім рубяжы, пра павелічэнне вайсковай прысутнасці ды іншыя падзеі, што здарыліся пасля саміту ў Варшаве. Хоць я быў у Беларусі напярэдадні саміту, больш за ўсё мяне ўразіла тая нерацыянальная сітуацыя. Нам бракавала больш эфектыўнага дыялогу і лепшага разумення іншага боку. Мая пазіцыя была вельмі простая: мы хочам большай адкрытасці ды распавесці ўраду Беларусі ды беларускаму Міністэрству абароны, што робяць НАТО і ЗША, і што нам хацелася б большай адкрытасці і з вашага боку. Мяркую, што да гэтага пасланне было ўспрынятае добра.

Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей і намеснік памочніка міністра абароны ЗША Майкл Карпентэр, верасень 2016 года. Фота МЗС Беларусі.

– Ці бачыце вы змены ў беларуска-амерыканскіх дачыненнях ад пачатку дзейнасці адміністрацыі Трампа? Ці назіраеце паляпшэнне?

– Я не лічу, што нешта прынцыпова змянілася ў беларуска-амерыканскіх дачыненнях. Магчыма, цяпер дзяржаўныя чыноўнікі сталі троху больш абыякавыя. Але калі вы працуеце ў Пэнтагоне, вы спрабуеце перавесці гэтыя стасункі на іншы ўзровень. Калі шчыра, я мяркую, што палітыка поўнай ізаляцыі Беларусі мела такія ж наступствы, як палітыка ЗША ў дачыненні Кубы. Яна контрпрадуктыўная і падштурхоўвае Беларусь да Масквы. Я не веру, што цёплыя дачыненні паміж Беларуссю і Масквой ёсць нейкай праблемай ці пагрозай, але, на маё меркаванне, выключэнне і ізаляцыя пашкодзяць інтарэсам Захаду ў Беларусі. Залучэнне ў супрацу і дыялог больш прадуктыўныя. Гэта датычыць таксама пытанняў дэмакратыі і правоў чалавека ў краіне.

– Апошнім часам супраца Захаду з незалежнымі грамадскімі арганізацыямі скарачаецца. Кантакты з уладаю робяцца больш інтэнсіўныя. Ці слушна гэта?

– Некаторыя групы былі зарэгістраваныя, рух набраў моцы. Некаторыя пратэсты прайшлі спакойна – і адначасова людзей саджаюць у турму. Крок наперад – крок назад. Нельга адназначна сказаць, ці то рэгрэс, ці то прагрэс. Пэўныя зʼявы паўтараюцца зноў і зноў. Я б хацеў больш празрыстасці ды адкрытасці ў нашых дачыненнях. Без ілюзіяў. Беларусь – аўтарытарная краіна, але мы размаўляем з мноствам іншых аўтарытарных краінаў. Шчыра кажучы, большасць постсавецкіх краінаў аўтарытарныя. Ёсць усяго некалькі выняткаў: балтыйскія дзяржавы, Грузія, Украіна. Але мы мусім заахвочваць, мы не можам сабе дазволіць мець маленькую чорную кропку ў сярэдзіне Еўропы. Гэта непрадуктыўна не толькі ў дачыненні Менску і беларускага народу, гэта шкодзіць і нашым інтарэсам на Захадзе.

– Ці лічыце вы магчымым вяртанне амбасадара ЗША ў Менск?

– Я спадзяюся на гэта. Большасць еўрапейскіх краінаў маюць амбасадараў у Беларусі. Не разумею, чаму мы маем амбасадара ў Ташкенце, Бішкеку, Баку, але не ў Менску. Гэта не мае сэнсу. Я моцна дамагаўся паўторнага акрэдытавання вайсковага аташэ, і гэта зрабілі. Думаю, што прыйшоў час на тое, каб у Беларусі быў амбасадар ЗША, і каб Менск меў свайго амбасадара ў Вашынґтоне.

Майкл Карпентэр і Аляксандр Лукашэнка, сакавік 2016 г., Менск. Фота president.gov.by

– Ці лічыце вы правільным запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі на саміт «Усходняга партнёрства»?

– Так – калі Беларусь частка ініцыятывы «Усходняга партнёрства», з ёй варта размаўляць. Гэта не азначае, што варта казаць толькі тое, што Лукашэнка хоча чуць. Варта агучыць сурʼёзнае пасланне адносна палітвязняў, правоў чалавека, бізнес-клімату. Мусіць быць дыялог, і яго варта аднаўляць.

– Як вы лічыце: Лукашэнка незалежны палітык ці марыянетка ў руках Пуціна?

– Я не лічу, што ён марыянетка, ён незалежны. Ці мае Расея магутныя рычагі ўздзеяння на Беларусь – так, вельмі шмат. У войску, выведцы, эканоміцы і культуры. Вы мусіце зразумець, што гэта вялікі ціск. Але з іншага боку, Лукашэнка хоча больш незалежнасці і самастойнасці ў сваёй дзейнасці. Гэта не значыць, што ён робіць усё, што заманецца. Ён разумее, што Крэмль трымае яго ў полі зроку. І давайце не будзем сябе падманваць, насамрэч ёсць агульныя з Крамлём інтарэсы. Але існуе ступень, у якой Менск хоча прымаць незалежныя рашэнні для ўласнай будучыні – і неабавязкова падпарадкоўвацца дыктату Масквы.

 

Сюжэт паказалі 10 лістапада 2017 г. у праграме «Прасвет»

Іншыя тэмы:

Украіна за крок ад зрыву адносінаў з Расеяй. Ці стане Беларусь пасярэдніцай?

Еўразвяз ударыць па «Газпроме». Чаму Беларусь не набудзе нарвежскага газу?

Чаго Украіна дасягнула на еўрапейскім шляху і якія сустрэла праблемы? Інтэрв’ю з кіраўнічкаю замежнай камісіі Вярхоўнай Рады Украіны Ганнай Губко.

Трамп у Азіі. Ад праблемаў, за Ціхі Акіян

Стужка навінаў