Былы амбасадар Украіны Міхаіл Ежаль атрымаў у Беларусі статус уцекача


Экс-міністр абароны Украіны Міхаіл Ежаль, які працаваў амбасадарам Украіны ў Беларусі і якога ўкраінскія праваахоўныя органы абвінавачваюць у злоўжыванні ўладаю і службовым становішчам, жыве з сям’ёй у Менску і атрымаў статус уцекача.

Пра гэта паведамляе Радыё Свабода, спасылаючыся на дакумент з украінскага Адзінага рэестру судовых рашэнняў.

Як вынікае з рашэння суду, праваахоўныя органы Украіны атрымалі дазвол на выкарыстанне працэдуры спецыяльнага (завочнага) дасудовага расследавання ў дачыненні да Міхаіла Ежаля менавіта таму, што той мае статус уцекача. Суд спаслаўся на даведку Галоўнага ўпраўлення ваеннай контрвыведкі ад 16 траўня 2017 года аб тым, што Міхаілу Ежалю «у Рэспубліцы Беларусь прадстаўлены статус уцекача, і паводле аператыўных дадзеных, ён пражывае з сям’ёй у Менску, дзе арандуе кватэру».

Ежаля абвінавачваюць у неправамерным выкарыстанні на працягу 2011-2012 гадоў амаль 43 мільёнаў грыўняў з дзяржаўнага бюджэту на аплату паслуг прыватных кампаніяў па харчаванні асабістага складу Узброеных сіл Украіны. На той момант гэта складала каля 5,5 мільёнаў долараў у эквіваленце.

Апошні раз Міхаіл Ежаль прыяжджаў ва Украіну ў жніўні 2014 года і на допыце не прызнаў сваю віну. Невядома, ці звярталіся ўлады Украіны да Беларусі з просьбай аб выдачы былога чыноўніка.

***

Міхаіл Ежаль займаў пасаду кіраўніка Мінабароны Украіны з сакавіка 2010 года па люты 2012-га. У красавіку 2013 года тагачасны прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч прызначыў Ежаля паслом у Беларусі.

У жніўні 2014 года стала вядома, што супраць Ежаля распачаты шэраг крымінальных спраў. У канцы красавіка 2015 года Ежаля адклікаў з Менску Пятро Парашэнка, а ў траўні яго звольнілі з займанай пасады.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў