«Будзе Вялікдзень – будзе дупа». Як у Менску працуе падстанцыя хуткай, дзе хварэе начальства


У Менску праз каронавірус закрылі падстанцыю хуткай дапамогі на вуліцы Захарава. Такую інфармацыю паведамілі «Белсату» адразу некалькі чытачоў. Наш карэспандэнт з’ездзіў на месца, каб самастойна разабрацца ў сітуацыі.

Паводле адной з крыніцаў, лік працаўнікоў падстанцыі хуткай на Захарава, якія заразіліся каронавірусам, ідзе на дзясяткі (Onliner.by паведамляў 14 красавіка пра 30 пацверджаных выпадкаў). Нібыта сярод заражаных і галоўны лекар Аляксандр Жынко, некалькі ягоных намеснікаў, аператыўны аддзел, працаўнікі кол-цэнтру, аддзелу кадраў, бухгалтэрыі і шмат выязнога персаналу.

Чытачы паведамляюць, што сярод брыгадаў цалкам скамплектаваныя толькі палова. Працуюць пераважна людзі з невялікім стажам – да двух гадоў. Ёсць праблемы і са сродкамі індывідуальнай абароны. Хворых з пнеўманіямі часта перавозяць у звычайных масках. У выніку працаўнікі вымушаныя самі забяспечваць сябе сродкамі індывідуальнай абароны.

Hавiны
У Менску памёр 38-гадовы кіроўца «хуткай дапамогі»
2020.04.15 17:19

На самой падстанцыі людзі неахвотна каментуюць сітуацыю – кажуць, што нічога не ведаюць пра захварэлых калегаў і кіраўніцтва, не цікавяцца гэтым або проста адмаўляюцца да каментароў.

Адзін з суразмоўцаў прызнаўся, што ёсць адзін чалавек у больніцы з каронавірусам. Але, паводле яго, калі працаўнікі і хварэюць, то неабавязкова заразіліся на працы, магчыма, у іншых месцах.

Падстанцыя хуткай дапамогі на вуліцы Захарава ў Менску.
Фота: МГ / belsat.eu

Ягоны калега кажа адваротнае: «начальства няма – хто з каронавірусам, хто з пнеўманіяй, фельчараў не хапае». У холе падстанцыі завяраюць: галоўны лекар ёсць на працы ды прапануюць патэлефанаваць яму. Зрабіць гэта не атрымліваецца: ні працоўны, ні мабільны тэлефон Аляксандра Жынко не адказваюць.

«Хварэе, – адказваюць па тэлефоне аднаго з ягоных намеснікаў і дадаюць: – Калі будзе, невядома».

На стаянцы падстанцыі стаіць каля пяці машынаў хуткіх. Але, адзначаюць працаўнікі падстанцыі, гэта толькі часова: кіроўцы прыехалі пераапрануцца і неўзабаве зноў паедуць у рэйс. Месцаў у больніцах не хапае, і пацыентаў трэба перавозіць з месца на месца. Пры гэтым працаўнікі падстанцыі насцярожана чакаюць бліжэйшых святаў, бо, як сказаў адзін з лекараў хуткай, «будзе Вялікдзень – будзе дупа».

Hавiны
Як сустракаць Вялікдзень у час эпідэміі? Адказваюць праваслаўныя святары
2020.04.16 16:40

 

МГ belsat.eu

Стужка навінаў