БТ паказала новае відэа інцыдэнту з удзелам Сяргея Ціханоўскага


У сюжэце «Беларусь 1» увечары з’явілася новае відэа інцыдэнту ў Горадні, дзе нібыта пацярпелі міліцыянты. Belsat.eu заўважыў у роліку цікавыя дэталі.

Відэа знята аднекуль зверху і раней у сеціве з гэтага ракурсу кадраў не з’яўлялася (глядзець з 2:36).

На відэа можна заўважыць, што людзі спрабуюць адцясніць міліцыянтаў ад Ціханоўскага, які стаць паміж імі. Блогер увесь час знаходзіцца ад міліцыянта мінімум на адлегласці выцягнутай рукі. Ніякіх рэзкіх рухаў Ціханоўскага ў бок праваахоўніка пры гэтым не бачна.

Скрыншот з відэа «Беларусь 1»

Адначасова можна пабачыць, што падчас штурханіны ззаду да міліцыянта прабіваецца невядомы хлопец у зялёнай куртцы. Ён працягвае руку да працаўніка МУС і, імаверна, спрабуе пацягнуць яго за вопратку. Пасля гэтага праваахоўнік пачынае падаць.

Скрыншот з відэа «Беларусь 1»
Скрыншот з відэа «Беларусь 1»

Цікава, што ў сюжэце не сцвярджаецца, што гвалт супраць міліцыянта ўжыў асабіста Ціханоўскі. Аўтары сюжэту адзначаюць, што «таго, хто ўжыў гвалт супраць супрацоўніка міліцыі знайшлі вельмі хутка» і спасылаюцца на інтэрв’ю «Радыё Свабода» з гарадзенцам Яўгенам Разнічэнкам. Разнічэнка – гэта мужчына ў скураной куртцы, які стаяў ззаду міліцыянту. Яго можна добра пабачыць на аматарскіх відэа інцыдэнту, якія першымі трапілі ў сеціва.

Разнічэнка распавёў РС, што міліцыянт сам упаў на яго, а бойкі не было. 30 траўня яго затрымалі. Ці ёсць сярод затрыманых чалавек у зялёнай куртцы з відэа – невядома.

  • Нагадаем, 29 траўня ў Горадні быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер папулярнага YouTube канала «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі і мінімум яшчэ 7 грамадзянаў. Паводле версіі МУС, у выніку патасоўкі, што адбылася падчас пікету па збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую, 2 міліцыянты нібыта атрымалі цялесныя пашкоджанні. Следчыя распачалі крымінальную справу за выкарыстанне гвалту супраць працаўнікоў органаў унутраных справаў.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага палітвязням і патрабуюць неадкладнага вызвалення яго ды іншых затрыманых. Праваабаронцы лічаць, што затрыманне блогера адбылося пасля «яўна незаконнага ўмяшання супрацоўнікаў міліцыі ў камунікацыю грамадзянаў з кіраўніком ініцыятыўнай групы». Яны адзначаюць, што ў дачыненні да Ціханоўскага магла быць здзейсненая правакацыя.
Hавiны
Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага палітзняволеным
2020.05.31 20:49

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў