Брытанскія беларусы пра брэкзіт. Ці Лукашэнка атрымаў шанец?

У Менску выхад Вялікай Брытаніі з Еўразвязу ўспрымаюць як акно магчымасцяў. У Лондане кажуць, што зменаў чакаць не варта. Але шанцы перазапусціць нашыя дачыненні з Брытаніяй ёсць. Пра тое, ад каго больш залежыць паляпшэнне адносінаў паміж Лонданам і Менскам, – у сюжэце «ПраСвету».

Хвіліны да выхаду з ЕЗ адлічваў электронны Біг Бэн: сапраўдны – на рамонце. Памятныя 50 пенсаў на знак выхаду краіны з Еўразвязу пераплаўлялі некалькі разоў у сувязі з няправільнай датай. Трохгадовыя разборкі Лондану з Бруселем скончыліся. Прыхільнікі брэкзіту глядзяць у будучыні з аптымізмам.

Каментуе брытанскі бізнесовец Эндру Кер:

«Мы верым, што гэта добра для нас з эканамічнага пункту гледжання. Мы зможам адкрыць Вялікую Брытанію ўсяму свету. Я бачу вялікую карысць ад гэтага».

Прыхільнікі выхаду кажуць, што Брытанія атрымлівала ад Еўразвязу менш, чым яму давала, і мусіла падпарадкоўвацца рашэнням Бруселю, з якімі не заўсёды была згодная. Нарэшце Лондан – незалежны. Плюсы ад брэкзіту цяпер вымушаныя шукаць нават скептыкі выхаду з Еўразвязу.

Гаворыць Алесь Герасіменка, універсітэт Ўэстмінстэру:

«Вялікая Брытанія пры цяперашнім урадзе Борыса Джонсана абяцае праводзіць больш незалежную палітыку. Праз гэта могуць палепшыцца дачыненні з Беларуссю».

Сапраўды, нас цяпер яднае жаданне ісці «сваім шляхам». Прыхільнікі брэкзіту ў Лондане гэта заўважылі і ацанілі.

Клэр Фокс, Партыя брэкзіту:

«Людзі ў Беларусі самі павінныя вырашаць, што адбываецца ў іхнай краіне. Вялікая Брытанія таксама хоча вырашаць, з кім сябраваць або не. Таму я адчуваю, што мы пасябруем».

Дакладна не варта чакаць сяброўства ў тэарэтычна перспектыўнай галіне бяспекі. Лондан не збіраецца выходзіць з NATO, а Беларусь – з вайсковага хаўрусу з Расеяй. Да таго ж, брытанцы памятаюць справу Літвіненкі і Скрыпаля. І ведаюць, што расейскія спецслужбы дзейнічаюць у Беларусі, як у сябе ўдома.

Таксама эксперты сумняваюцца ў адмене Вялікай Брытаніяй санкцыяў у дачыненні Менску: маўляў, пазіцыя Лондану часцей была больш жорсткай, чымся сярэднія настроі па ЕЗ. Але надзея ў Лукашэнкі ёсць.

Працягвае Алесь Герасіменка:

«Я правёў пэўны час у Лондане і меў магчымасць назіраць, як працуе беларуская амбасада. Я заўважыў, што іх цікавіць перадусім гандаль. У гэтым сэнсе яны знойдуць шмат агульнага з цяперашнім брытанскім урадам, які таксама цікавіць найперш гандаль: а не такія пытанні, як дэмакратыя, правы чалавека і гэтак далей».

Усё паводле Чэрчыля: у Брытаніі няма ворагаў і сяброў, ёсць толькі інтарэсы. Але брытанскі экспарт у Беларусь мізэрны, каб быць істотным для Лондану або Менску.

Каментуе Леанід Марголін, эканаміст, Менск:

«Нашая краіна агулам не зацікаўленая ў павелічэнні імпарту з іншых краінаў, у тым ліку і з Вялікай Брытаніі. У нас і так імпарт расце больш хуткімі тэмпамі, чымся экспарт».

Істотным быў для Менску экспарт у Брытанію. Праблема, аднак, у тым, што мы пераважна везлі туды нафтапрадукты. У сённяшняй сітуацыі, калі Беларусь забяспечвае бензінам толькі сябе, можна прагназаваць, што экспарт у Брытанію знізіцца.

Затое варта чакаць падвышэння колькасці турыстаў. Прынамсі пазалетась іх у Беларусь прыехала на траціну болей, чымся ў 2017-м – звыш 13 тысячаў.

Джаклін Пэркінз, амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі:

«Я вельмі радая, што ўсё больш людзей з кожным годам збіраецца прыехаць сюды і паглядзець, якая цудоўная краіна – Беларусь».

Тыповыя брытанскія турысты ў краінах Усходняй Еўропы – маладыя мужчыны, якія прыязджаюць танна выпіць і пагуляць. І хаця ў нас сапраўды танныя цыгарэты і алкаголь, беларускі напрамак брытанцы абіраюць з іншай прычыны.

Галоўная задача Лукашэнкі ў дачыненнях з Захадам у 2020 годзе

Беларус з Вялікай Брытаніі Алесь Герасіменка распавядае:

«Медыцына ў Беларусі нядрэнная, асабліва калі ў цябе ёсць грошы. Таму некаторыя брытанцы адпраўляюцца ў нашую краіну, каб падправіць сваё здароўе: наведаць стаматолага, хірурга і іншых спецыялістаў».

Летась з Беларусі паступіла каля 17 000 заявак на брытанскую візу. Працэнт адмоваў нізкі, але працэс балючы перш за ўсё праз кошт.

«Брытанская віза вельмі дарагая, і яе не так лёгка атрымаць. Нам усім хацелася б, каб гэтыя візы было атрымаць лягчэй. Але не выглядае пакуль, каб Беларусь вяла перамовы [з Брытаніяй] аб спрашчэнні візавага рэжыму, гэтак, як яна вяла з Еўрапейскім Звязам», – працягвае Алесь Герасіменка.

Каб прыцягнуць з Брытаніі не толькі турыстаў, але і інвестараў, Беларусі трэба працаваць не над дачыненнямі з Вялікай Брытаніяй, а… над сабой: даверам да судоў, палітычнымі свабодамі і эканамічнай канкурэнцыяй.

Вялікае Брытанія пакідае Еўразвяз апоўначы з 31 студзеня на 1 лютага

Мікалай Пачкаеў, старшыня Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі:

«Галоўная праблема адносінаў Беларусі з Захадам, у тым ліку з Брытаніяй, – нягнуткасць палітычных уладаў у Беларусі, негатовасць іх ісці на дапасаванне ўнутранай сістэмы Беларусі да правілаў гульні свабодных, канкурэнтных, дэмакратычных краінаў Захаду. Гэта як бы: «Вы палюбіце нас брудненькімі, бо чысценькімі нас кожны палюбіць».

Абіраючы палітычных і гандлёвых партнёраў у рэгіёне, Брытанія будзе глядзець не толькі на нас, але на ўсіх нашых суседзяў. Брытанскія інвестары радыя, што Лондан не будзе залежны ад Бруселю. І наўрад ці яны захочуць залежаць ад спагады беларускіх уладаў – якая хутка мяняецца на няміласць.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Cюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 10.02.2020.

Іншыя тэмы выдання:

Hавiны