Брытанскі дыпламат: Правы чалавека – неад'емная частка нашых стасункаў з Беларуссю


Дырэктар Дэпартаменту Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі МЗС Вялікай Брытаніі Мартын Харрыс адзначае, што правы чалавек маюць вельмі важнае значэнне для стасункаў з Беларуссю і на іх нельга глядзець, як на пытанне гандлю паміж Менскам і Захадам.

«Гэта не правільны погляд на гэты дыялог, і я не думаю, што беларускія ўлады так яго разглядаюць. Гэта не «ты мне, я табе», трэба разумець, што гэта важна для развіцця самога беларускага грамадства, дзеля самой Беларусі, а не для вонкавых партнёраў. І мы абмяркоўваем гэтыя пытанні менавіта ў такім ключы», – заявіў ён у інтэрв’ю TUT.by.

Харрыс рады, што брытанская амбасада ў Менску падымае гэтыя тэмы. Праблемы, якія гэта можа выклікаць у стасунках з беларускай уладай, дыпламата не палохаюць.

«Нашыя партнёры тут разумеюць, што гэта частка агульнага пакета стасункаў з Вялікай Брытаніяй. Мы дэмакратыя, вельмі старая дэмакратыя, у нас моцны парламент, у якім шмат прынцыповых пунктаў гледжання. І адна з рэчаў, якая турбуе нашых дэпутатаў – правы чалавека, уключаючы правы чалавека ў Беларусі. У нашых міністраў ёсць абавязак адказваць на запыты парламента. І калі вы хочаце будаваць адносіны з дэмакратычнай дзяржавай, такой, як Вялікая Брытанія, немагчыма ігнараваць гэтыя пытанні», – кажа ён.

Харрыс прыехаў у Менск на мінулым тыдні. Ён сустрэўся з праваабаронцамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, а таксама з намеснікам міністра замежных справаў Алегам Краўчанкам. Сустрэчу з намеснікам Макея брытанскі дыпламат ахарактарызаваў як адкрытую і шчырую.

«Абодва бакі разумеюць, што [правы чалавека] – неадʼемная частка нашых стасункаў. Аснова гэтых стасункаў – абавязкі, якія мы прымае ў адносінах адзін да аднаго ў АБСЕ ці ААН. У нас ужо ёсць гэтыя агульныя стандарты, на падставе якіх мы можам абмяркоўваць правы чалавека», – адзначае Харрыс.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў