Вялікая Брытанія занепакоеная хваляй рэпрэсіяў перад выбарамі ў Беларусі

Вялікая Брытанія ўважліва сочыць за развіццём падзей у Беларусі, асабліва ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі, заявіла намеснік кіраўніка дэлегацыі Вялікай Брытаніі ў АБСЕ Нікола Мюрэй 2 ліпеня на пасяджэнні Пастаяннага савету АБСЕ.

Тэкст выступу апублікаваны на сайце брытанскага ўраду.

У сваёй заяве Мюрэй адзначыла, што Вялікая Брытанія раней ужо выказвала заклапочанасць з нагоды рэпрэсіяў у Беларусі супраць журналістаў, блогераў, праваабаронцаў і мірных дэманстрантаў.

«На сённяшні дзень больш за 400 чалавек былі затрыманыя ці арыштаваныя, прычым шматлікім пагражае адміністратыўнае пакаранне, напрыклад, штрафы, а некаторым – крымінальны пераслед. Сярод затрыманых былі журналісты і працаўнікі СМІ, якія асвятлялі падзеі, а таксама блогеры.

Як сказала ў сваёй заяве ад 20 чэрвеня прадстаўнік па пытаннях свабоды сродкаў масавай інфармацыі, «журналісты адыгрываюць вырашальную ролю ў асвятленні падзей, якія прадстаўляюць грамадскі інтарэс, асабліва звязаных з выбарамі». Мы паўтараем ягоны заклік «забяспечыць журналістам магчымасць выконваць сваю працу і асвятляць публічныя сходы, не баючыся затрымання», – заявіла Мюрэй.

Яна нагадала, што пры стварэнні АБСЕ краіны-удзельнікі заявілі, што будуць паважаць правы сваіх грамадзянаў прымаць удзел у кіраванні сваёй краінай наўпрост або праз прадстаўнікоў, якіх яны свабодна выбіраюць шляхам сумленных выбараў.

«Вялікая Брытанія занепакоеная затрыманнем Віктара Бабарыкі, аднаго з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, і ягонага сына Эдуарда. Мы таксама занепакоеныя расследаваннем МУС у сувязі з меркаваным дачыненнем іншага прэтэндэнта, Валерыя Цапкалы, да «незаконнай дзейнасці».

Мы заклікаем беларускія ўлады вызваліць спадара Бабарыку і ягонага сына з папярэдняга зняволення і паважаць вяршэнства закона, уключаючы права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Мы таксама заклікаем беларускія ўлады вызваліць прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, якія падвергліся адвольным арыштам і затрыманням», – дадала Мюрэй.

Акрамя таго, яна заклікала ўлады забяспечыць на выбарах прысутнасць незалежных назіральнікаў.

Амбасада Вялікай Брытаніі асудзіла масавыя затрыманні ў Беларусі

КА belsat.eu

Hавiны