«Да зорак» – фільм, з якога пачынаўся Венецыянскі кінафестываль – 2019. Крытыкі гэта відовішча і хвалілі, і выказваліся на конт яго абыякава. Але заўсёды варта глядзець тое, што выклікае спрэчкі. Часцей за ўсё яно і будзе самым цікавым.
Рэжысёр Джэймс Грэй – не пачатковец. Пару гадоў таму высока ацанілі ягоны «Згублены горад Z», а калісьці ў 90-я заўважылі яго «Маленькую Адэсу». «Брэда Піта ў космасе» намінавалі і на галоўны прыз венецыянскага фестывалю «Залаты леў», але той прыз атрымаў «Джокер». Які з іх лепей, мы параўнаем ужо праз тыдзень.
Аматары экшн-фантастыкі ад «Вартавых Галактыкі» да «Інтэрстэлара», ці тыя, хто хацеў бы весела і драйвова бавіць час, стомяцца, гледзячы на Брэда Піта ў космасе. Тых, каго раздражняе філасофія ці псіхалогія, магчыма, нават заснуць. Хаця тут далёка не так усё дрэнна, як было ў сузіральнай «Гравітацыі» з Сандрай Булак.
Шмат што ў гэтым фільме патрабуецца зразумець ці проста адчуць без слоў. Ніхто нікому не патлумачыць, чаму герой Брэда Піта не паслухаўся камандавання, чаму з ягоным бацькам адбылося так, а не інакш. Без тлумачэнняў застануцца і пачуцці героя ў фінале. Асабіста для мяне нічога загадкавага або невыразнага ў фільме не знайшлося.
Ніякага занудства ў фільме «Да зорак» няма. Дзеянне рухаецца павольна, але абсалютна не замірае і ня вісне. Ты адчуваеш напружанне ў сцэнах, калі згадваецца сакрэтнасць задання. Напружанне ў выпадках касмічных праблемаў, атакі шалёных малпаў, гонкі са стралянінай на Месяцы. Там, аказваецца, ёсць месяцавыя піраты, якія нападаюць на амерыканскія (!) месяцаходы. Чые ж гэта піраты?
Ніякай пустой сузіральнасці. Касмічныя сцэны выключна прыгожыя! Цудоўная графіка. Гэта галоўная прычына, чаму «Да зорак» важна глядзець менавіта ў кінатэатры. Калі ў фільме Таранціна Брэд Піт быў проста спакойны або карцінна ўсміхаўся, то тут (няўжо?) міміка на яго твары ажывае. З улікам гэтай маленькай дэталі ролю маёра Роя Макбрайда можна лічыць адной з найлепшых у кар’еры актора. Гэта значыць рэжысёр Грэй уклаўся па поўнай. Але зрабіў гэта натуральна, не надакучліва, тонка. Хваляць яго не дарма.
Калі пачаць разважаць, што «Да зорак» паходзіць на сеанс псіхатэрапіі, то гэта будзе няправільна. Калі адмовіцца ад згадкі пра псіхатэрапію, то гэта будзе няправільным таксама. У любым выпадку, фільм выклікае шмат розных думак: і пра доўг, і пра сакрэтнасць, і пра шлях чалавецтва, і пра тое, якія адказы на свае пытанні чалавецтва адшукае ў космасе. Я адчуваў сябе ў медытацыі падчас прагляду. І гэтая медытацыя ні ў якім разе не была пустая.
Хтосьці скажа: ну вось і Брэд Піт зганяў на Месяц, Марс, а потым да Нептуну. Вось зноў убачылі чарговае выратаванне Зямлі ад гібелі. А хтосьці ўбачыць значна большае: гісторыю на тэму што яблык падае недалёка ад яблыні, і што гонар, годнасць, уменне і высакароднасць – гэта плён выхавання ў раннім дзяцінстве. У любым выпадку, разуменне – гэта здольнасць нешматлікіх людзей. А шкада. Мая ацэнка: 8 з 10.
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.