Больш за 300 беларусаў захраслі ў Індыі. «Радзіма нам патрэбная, а вось ці патрэбныя мы радзіме?»


Праз пандэмію каронавіруса прыблізна 300 беларусаў захраслі ў Індыі. Вялікая колькасць з іх – у Гоа, штаце на паўднёвым захадзе краіны, які вядомы як турыстычны цэнтр. Адзін з беларусаў – вандроўнік-турыст Мікіта Герасімовіч з Менску, які вядзе ўласны Instagram-канал not.tourists. Мы паразмаўлялі з хлопцам пра сітуацыю, якая склалася вакол нашых суайчыннікаў, якія на гэты момант не могуць вярнуцца на радзіму.

Фота прадстаўлена героем публікацыі

– Мы прыляцелі на Гоа 27 лютага. Мы – гэта інтэрнацыянальная сямейная пара турыстаў-вандроўнікаў. Я – з Беларусі, мая жонка – Наталля Карасёва – з Расеі. Жывем мы ў Менску. Мінулым летам мы 7 тыдняў вандравалі па шляху Сант’яга. Сёлета выбралі сваёй мэтай наведаць Індыю. План быў такі: спачатку прыляцець у Гоа, а потым накіравацца вывучаць краіну на цягніках. Назад мы планавалі вяртацца 7-га красавіка: самалётам – з Мумбаі ў Маскву, а потым, на аўтобусе ў Менск, – распавядае пра свае колішнія планы Мікіта Герасімовіч. – На той момант, калі мы пачыналі вандроўку, у Індыі не было выпадкаў захворвання на каронавірус, і мы лічылі, што ў гэтай краіне будзе ўсё спакойна. Успышку эпідэміі ў Італіі мы неяк праігнаравалі, бо былі занятыя бытавымі пытаннямі і зборамі. Прапусцілі перасцярогі, якія з’явіліся ў СМІ.

Фота прадстаўлена героем публікацыі

«Не маглі сабе дазволіць квіткі за $ 800-1000»

Як і калі пачала змяняцца сітуацыя ў Індыі?

Імгненна! Ужо 14 сакавіка Індыя зачыніла межы і забараніла замежным грамадзянам уезд. На наступны дзень быў адменены наш авіярэйс, грошы за які, дарэчы, нам гэтак ніхто не вярнуў. Адразу пачалі шукаць людзей, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі. Як высветлілася, іх тут багата! Таксама мы звярнуліся ў беларускую амбасаду. Беларускія дыпламаты на той момант ужо пачалі фармаванне спіса людзей, якія засталіся на тэрыторыі Індыі.

Фота прадстаўлена героем публікацыі

І што паведамілі ў амбасадзе?

Праз два дні пасля адмены нашага авіярэйса мы даслалі інфармацыю пра сябе на мэйл амбасады. Праз суткі нам патэлефанаваў дзяжурны дыпламат, які паведаміў, што ліст ад нас яны атрымалі, зарэгістравалі, але пакуль што нічым дапамагчы не могуць. Маўляў, праца вядзецца, чакайце. Наколькі я разумею, усё, што было ў паўнамоцтвах амбасады, яны зрабілі.

Чаму не паспрабавалі эвакуявацца сваімі сіламі: паляцець, напрыклад, у нейкую еўрапейскую краіну, бліжэй да Беларусі?

Білеты на адваротны шлях мы мелі на руках. Ніхто не чакаў, што ў Індыі будзе ўведзены такі жорсткі каранцін. Тым больш, што кошты на рэйсы, якія яшчэ не былі адмененыя, імгненна ўзляцелі. Мы – даволі бюджэтныя вандроўнікі, і не маглі сабе дазволіць квіткі за $ 800-1000. Дарэчы, шмат з тых, хто паспеў набыць квіткі, усё роўна не вылецелі.

Вы бачылі спісы, якія складаліся беларускай амбасадай. Колькі па гэтых спісах зараз беларусаў у Індыі?

На гэты момант у спісе, які я бачыў, больш за 300 грамадзянаў Беларусі, якія знаходзяцца ў Індыі і Шры-Ланцы. Наколькі мне вядома, грамадзянаў Расеі тут некалькі тысячаў. Было шмат немцаў, але іх усіх нядаўна эвакуявалі. Беларуская амбасада арганізавала чат у WhatsApp, дзе аператыўна паведамляе навіны і дзеліцца важнай інфармацыяй. Людзі таксама сама арганізаваліся – у асноўным, грамадзяне постсавецкай прасторы. Былі створаныя чаты ў інтэрнэце, у якіх мы дзелімся інфармацыяй: дзе можна знайсці і набыць ежу, паліва, лекі, дзе знайсці працоўныя банкаматы.

Фота прадстаўлена героем публікацыі

«На большасці заправак замежнікаў не абслугоўваюць»

Якія адносіны да замежнікаў з боку мясцовага насельніцтва?

Спачатку мясцовыя ставіліся да нас вельмі варожа. Яны бачылі ў замежніках прычыну сваіх праблемаў, крыніцу распаўсюду каронавіруса. Цяпер асноўная хваля істэрыі схлынула. Прынамсі, нас не абыходзяць за кіламетр. Напэўна, яны пачалі разумець, што заразным можа быць не толькі ўмоўны «белы чалавек». Але на большасці заправак дагэтуль адмаўляюцца абслугоўваць замежнікаў.

У першыя дні каранціну некаторыя індусы выганялі квартэрантаў-замежнікаў на вуліцу. Аднак выйшла пастанова ўрада, якая забараняе выганяць замежнікаў з кватэраў. Паліцыя сочыць за выкананнем пастановы, да яе, калі што, можна звярнуцца па дапамогу.

Фота прадстаўлена героем публікацыі

Якія ўмовы каранціну ў Індыі?

Каранцін быў уведзены 22 сакавіка. Спачатку, чамусьці, толькі на адзін дзень. Потым яго падоўжылі на тры дні, і адразу апасля – на тры тыдні. Усе перамяшчэнні без прычыны – забароненыя. Крамы зачыненыя. Дзе купляць прадукты – ніхто не патлумачыў.

Фота прадстаўлена героем публікацыі

У гарадах існуе дастаўка, але мы жывем хаця і ў буйной, але вёсцы, Арамболь. І тут такога сэрвісу не існуе. Раніцай і позна ўвечары амаль падпольна можна набыць базавыя прадукты: хлеб, малако, нут, рыс, алей, соль, ваду. Садавіну і гародніну мы не спажывалі з самага пачатку каранціну. Днямі на цэнтральнай плошчы прадавалі бульбу. Чарга за ёй расцягнулася на некалькі сотняў метраў.

Фота прадстаўлена героем публікацыі

Паліва для аўтамабіляў, як я казаў вышэй, набыць вельмі складана для замежнікаў. А яно патрэбнае, каб выязджаць – няхай і падпольна – на пошукі прадуктаў. Мы знайшлі непадалёк ферму, дзе можна набыць малако і хлеб. Таксама, у чатах можна даведацца пра актуальныя месцы продажу прадуктаў, але да некаторых трэба даволі далёка ехаць.

Праблемаў хапае! Пазаўчора ў нас скончыўся газ у балоне. Мне, як «беламу чалавеку», паўсюль адмовілі яго заправіць. У выніку нам дапамагла гаспадыня нашага дому.

Фота прадстаўлена героем публікацыі

«Наша эканамічная сітуацыя цяжкая»

Як улады інфармуюць насельніцтва наконт распаўсюду каронавіруса?

Складана казаць пра суцэльную інфармаванасць мясцовых. Мы даведваемся пра навіны з інтэрнэту. Я чытаў пра нейкія пачатковыя поспехі індыйскіх дактароў у барацьбе з каронавірусам. Фармацэўтыка ў Індыі лічыцца развітой галіной.

Фота прадстаўлена героем публікацыі

Калі вы, крый Божа, захварэеце, вы можаце разлічваць на дапамогу мясцовых медыкаў?

Баюся нават цікавіцца. Хутчэй за ўсё, прыйдзецца займацца самалячэннем і разлічваць на моцны імунітэт маладых арганізмаў.

Чаго вы зараз чакаеце? На што спадзеяцеся?

Наша эканамічная сітуацыя цяжкая. Але і на радзіме таксама ўсё не проста. Прасіць сродкі ў родных – не самая прыемная перспектыва, але калі што, то прыйдзецца. З самага пачатку мы распланавалі свой бюджэт да 7-га красавіка, таму запасы яшчэ ёсць. Тым больш, што нам удалося знайсці працоўны банкамат, і зняць з рахункаў рэшту грошай, каб аплаціць арэнду жылля. На сённяшні дзень мы знаходзімся не ў самым горшым становішчы: мы не галадаем, ёсць дзе спаць. Але ўсё можа змяніцца ў любы момант. Нейкай упэўненасці ў будучым дні зусім няма. Калі мы затрымаемся на доўгі час, то я не ведаю што будзем рабіць…

Самае сумнае, – гэта тое, што ніхто не можа нам адказаць на пытанне: калі мы вернемся да дому? І ці вернемся наагул у бліжэйшай перспектыве? Радзіма нам патрэбная, а вось ці патрэбныя мы радзіме?

Фота прадстаўлена героем публікацыі

Алесь Дзянісаў Belsat.eu

Стужка навінаў