БНТУ пераводзяць на індывідуальнае навучанне. У студэнта гэтай ВНУ выявілі каронавірус. ВІДЭА


Каронавірус у Беларусі выяўлены ў грамадзяніна Ірану, які навучаецца ў БНТУ. 27 лютага ў студэнта афіцыйна пацвердзілі інфекцыю, паведаміў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, піша БелТА.

Студэнт з Ірану, а таксама і асобы, з якімі ён камунікаваў, змешчаныя ў закрытыя боксы Менскага інфекцыйнага шпіталю.

БНТУ, дзе навучаецца студэнт з Ірану, пераводзіцца на індывідуальнае навучанне.

«ВНУ, у якім выявілі выпадак інфікавання на каронавірус, пераводзіцца на індывідуальную праграму навучання. Гэта БНТУ», – сказаў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

Міністр распавёў, што грамадзяніна Ірану выклікалі на абследаванне ў 33-ю паліклініку Менску. На момант агляду скаргаў на стан здароўя ў яго не было.

«Але медыкаў збянтэжыла невялікая тэмпература, 37,3 градусаў, чырвонае горла. Ён быў дастаўлены ў інфекцыйны шпіталь, дзе былі ўзятыя мазкі і пацверджана наяўнасць каронавірусу. Цяпер мы ўдакладняем, наколькі гэта эпідэміялагічны штам», – праінфармаваў Уладзімір Каранік.

Галоўны корпус БНТУ. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Міністр таксама ўдакладніў, што са студэнтамі, з якімі ён вучыўся і пражываў, цяпер вядуцца супрацьэпідэміялагічныя захады. Яны пераведзеныя пад медычнае назіранне.

Цягам бліжэйшых двух тыдняў заняткаў у аўдыторыях не будзе, паведамляе прэсавая служба БНТУ.

Студэнты БНТУ. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Што рабіць, каб не падхапіць заразу?

  • Абавязкова трэба мыць рукі з мылам. Чым часцей, тым лепш! Але рабіце гэта правільна. Тут інструкцыя.
  • Не дакранайцеся да рота і твару нямытымі рукамі.
  • Узмацняйце імунітэт.
  • Лепш не цалавацца і не паціскаць рукі.
  • Пазбягайце кантактаў з хворымі.
  • Калі ёсць магчымасць, то насіце маску. Мяняйце яе раз на дзве гадзіны.
  • Карыстайцеся дэзынфектарамі на спіртавой аснове.
  • Праветрывайце памяшканні, у якіх вы жывяце і працуеце.
  • Тлумачце дзецям, чаму варта мыць рукі!
Hавiны
Каронавірус дабраўся і да Беларусі
2020.02.28 07:40

СК belsat.eu

Стужка навінаў