Палітвязня Сяргея Ціханоўскага змясцілі ў карцар у СІЗА-1. Прычына такога пакарання невядомая, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Падчас спробы перадаць перадачу арыштаванаму блогеру Сяргею Ціханоўскаму праваабаронцы «Вясны» даведаліся, што палітвязня змясцілі ў карцар у СІЗА-1. Прабудзе палітвязень там да 19 чэрвеня.
Дакладная прычына накладзенага пакарання – невядомая.
- Падставаю для «справы Ціханоўскага» стаў інцыдэнт, які адбыўся 29 траўня ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Адная з прысутных на пікеце жанчын стала правакаваць канфлікт з Сяргеем Ціханоўскім, які адмаўляўся адказваць на яе пытанні і хацеў спыніць размову. Міліцыя выкарыстала гэта, як падставу для ўмяшання, завязалася штурханіна. У выніку адзін міліцыянт упаў. На наступны дзень МУС заявіў, што распачатая крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да працаўніка органаў унутраных справаў.
- Агулам у межах «справы Ціханоўскага» былі затрыманыя 10 чалавек, у іх адбыліся ператрусы. 9 траўня Следчы камітэты паведаміў, што Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам высунулі абвінавачванні па ч.1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Дзеянні аднаго з фігурантаў справы дадаткова кваліфікаваныя следствам паводле артыкулу 364 (гвалт у дачыненні працаўнікоў органаў унутраных справаў) КК і яшчэ адну асобу вінавацяць толькі па арт. 364. Усе яны знаходзяцца пад вартаю.
- Праваабарончыя арганізацыя Беларусі лічаць інцыдэнт у Горадні правакацыяй, яны прызналі Ціханоўскага палітвязнем і патрабуюць вызвалення блогера. Вызваліць Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў таксама заклікаў Еўразвяз. Еўрапарламент папярэдзіў, што ў дачыненні службовых асобаў, адказных за рэпрэсіі, могуць увесці новыя санкцыі.
CK belsat.eu