Блогера Ігара Лосіка прызналі палітвязнем


Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітзняволеным і запатрабавалі ягонага неадкладнага вызвалення, паведамляе ПЦ «Вясна».

Паколькі Лосік быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА па падазрэнні ў «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК), праваабарончая супольнасць лічыць гэты пераслед палітычна матываваным.

Пазіцыя праваабарончых арганізацыяў у дачыненні да затрыманых і абвінавачаных па гэтым артыкуле была выкладзеная ў сумеснай заяве ад 9 чэрвеня. Там сцвярджаецца, што пікетаванне – гэта мірны сход, прадугледжаны заканадаўствам. Адпаведна, ні падзеі ў Горадні 29 траўня падчас збору подпісаў, ні ланцугі салідарнасці ў Менску ў чэрвені не могуць быць расцэненыя як парушэнне грамадскага парадку.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення Ігара Лосіка і іншых палітвязняў, а таксама спынення распачатага супраць іх крымінальнага пераследу.

На сённяшні дзень праваабаронцы прызналі палітзняволенымі агулам 20 чалавек. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала вязнямі сумлення Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, іхных паплечнікаў і блогераў, агулам – 17 чалавек.

Hавiны
Amnesty International прызнала Бабарыку і Ціханоўскага вязнямі сумлення
2020.06.29 17:57

Ігар Лосік – блогер, адміністратар папулярнага тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу», які актыўна асвятляў падзеі вакол выбарчай кампаніі. Таксама Ігар з’яўляецца пазаштатным кансультантам «Радыё Свабода».

У аўторак 25 чэрвеня ў доме ў Баранавічах, дзе жыве Ігар Лосік з сямʼёй, прайшоў ператрус, пасля чаго яго затрымалі. 29 чэрвеня яго перавялі з ІЧУ на Акрэсціна ў СІЗА №1 у Менску.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў