Блогер Ціханоўскі заявіў, што ідзе ў прэзідэнты


На канале Сяргея Ціханоўскага на YouTube 7 траўня з’явілася ягоная заява аб намеры балатавацца ў прэзідэнты Беларусі. Сам ён быў учора затрыманы міліцыяй.

Свой блог «Краіна для жыцця» Ціханоўскі вядзе з 2019 году: ён стрыміць розныя падзеі, бярэ інтэрвʼю ў палітыкаў і вядомых асобаў.

Паводле яго, больш за 130 тысяч падпісчыкаў папрасілі яго ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, «бо не вераць і не бачаць ніводнага кандыдата, за якім могуць пайсці».

«Я хачу, каб у Беларусі сумленныя і незалежныя суды. Кожны чалавек, калі ён мае рацыю, мог даказаць гэта ў судзе. Цяпер гэта не так. Усіх суддзяў прызначае прэзідэнт і яны выконваюць ягоную волю. Я лічу, што мы павінныя вярнуць Канстытуцыю, якую ў нас скралі», – кажа Ціханоўскі.

Ён таксама абураецца тым, што ў «краіне ўстаноўлена дыктатура» і абвінавачвае цяперашняе кіраўніцтва ў «злачыннай нядбайнасці».

«Я хачу, каб у Беларусі былі сумленныя выбары. У сваім відэаблогу я паказваў шмат ролікаў аб фальсіфікацыі, і ў мяне няма сумненняў, што ў нас усе выбары на працягу больш чым 20 гадоў былі сфальсіфікаваныя», – заявіў блогер.

6 траўня Ціханоўскі накіроўваўся на сустрэчу з падпісчыкамі ў Магілёў, аднак быў затрыманы міліцыяй і змешчаны ў ізалятар. У чым яго абвінавачваюць – пакуль невядома. У Менску, Горадні і Магілёве прайшлі акцыі ў падтрымку блогера, якія сабралі па некалькі дзясяткаў удзельнікаў.

Hавiны
Каля 100 чалавек прыйшлі пад ізалятар у Магілёве ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага
2020.05.06 22:01

КА belsat.eu

Стужка навінаў