Блізкаўсходні саміт у Варшаве – шлях да міру ці падрыхтоўка да вайны?

Гістарычнай назваў дзяржсакратар ЗША канферэнцыю, прысвечаную канфліктам на Блізкім Усходзе, якая праходзіць цяпер у Варшаве. У польскай сталіцы сабраліся дыпламаты з 60 дзяржаваў. Сярод іх прадстаўнікі ЗША, Ізраілю і некалькіх дзясяткаў арабскіх краінаў.

«Арабскія і ізраільскія лідары знаходзіліся ў адным пакоі, дзялілі хлеб, абменьваліся поглядамі. Яны ўсе прыехалі сюды з адной мэтай – абмеркаваць пагрозы для нашых народаў, якія зыходзяць з Бліжняга Ўсходу», – так мэты канферэнцыі сёння раніцай акрэсліў дзяржсакратар Майк Пампэў.

Канферэнцыя ў Варшаве, прысвечаная канфліктам на Блізкім Усходзе

Спіс пагрозаў перад пачаткам асноўнай дыскусіі прадставілі як дзяржсакратар ЗША, так і яго полькі калега Яцэк Чапутовіч. Галоўная тэма сустрэчы – войны ў Сірыі і Емене, якія спарадзілі хвалю ўцекачоў. Таксама будуць абмяркоўваць небяспеку распаўсюджвання атамнай зброі, пагрозы, што зыходзяць з кіберпрасторы, і супрацьдзеянне фінансаванню тэрарызму. Асобна міністр замежных справаў Польшчы ўзгадаў Іран.

Канферэнцыя ў Варшаве, прысвечаная канфліктам на Блізкім Усходзе

«Мы адназначна асуджаем недапушчальныя дзеянні Ірану па-за межамі сваёй краіны, уключаючы Еўропу, на што Еўразвяз адказаў дадатковымі санкцыямі. Розніца паміж намі (ЗША і Еўразвязам. – Belsat.eu) можа заключацца ў метадах», – заявіў Яцэк Чапутовіч.

Яшчэ больш моцныя словы наконт Ірану перад сённяшняй сустрэчай Майк Пампэў выказаў журналістам.

«Немагчыма дасягнуць міру на Блізкім усходзе, не супрацьставячыся Ірану», – падкрэсліў дзяржсакратар. Ён нагадаў, што Тэгеран падтрымлівае еменскіх паўстанцаў Хуці, сірыйскага дыктатара Башара Асада, радыкальныя рухі Хэзбала і Хамас.

Канферэнцыя ў Варшаве, прысвечаная канфліктам на Блізкім Усходзе

Перад канферэнцыяй гаспадары сустрэчы заяўлялі, што яна не будзе мець антыіранскага характару. Аднак эксперты і дыпламаты неафіцыйна казалі, што стварэнне антыіранскай кааліцыі – гэта галоўная мэта канферэнцыі ў Варшаве. Злучаныя Штаты змяншаюць сваю прысутнасць на Блізкім Усходзе і жадаюць перакласці абавязкі па стрымліванні Ірану на сваіх саюзнікаў.

Сумневаў у гэтым перад пачаткам сённяшняй дыскусіі не пакінуў прэм’ер Ізраіля.

«Ізраільскі прэм’ер міністр і міністры замежных справаў шматлікіх арабскіх краінаў аб’ядналіся і выказаліся нязвыкла выразна і моцна супраць агульнай пагрозы іранскага рэжыму», – заявіў Бэньямін Нэтаньягу.

Канферэнцыя ў Варшаве, прысвечаная канфліктам на Блізкім Усходзе

Пакуль у Варшаве ствараецца антыіранская кааліцыя, згуртаваная вакол ЗША І Ізраіля, за 2 тысячы кіламетраў у расейскім Сочы збіраюцца іх апаненты. Будучыню Сірыі пасля вываду амерыканскіх войскаў абмяркоўваюць прэзідэнты Расеі, Турцыі ды Ірану.

Аляксандр Папко, Варшава, фота аўтара/Belsat.eu

Hавiны