Бізнес на даверлівасці: 1000 і 1 спосаб абдурыць людзей


Кожны з нас чуў пра выпадкі, звязаныя з махлярамі ды аферыстамі. Сотні і тысячы чалавек штодня шукаюць вашыя слабыя месцы і думаюць, як скрасці вашыя грошы. Ахвярамі могуць стаць абсалютна розныя людзі.

«Дапамажыце. Дзіця памірае ад страшнай хваробы»

Адная справа, калі чалавек проста просіць грошы, спасылаючыся на беднасць. Зусім іншае, калі стаяць махляры з партрэтам чужога дзіцяці.

Ужо каля 5–6 гадоў цэлыя атрады такіх вулічных аферыстаў дзеюць амаль беспакарана.

Яўгенія Багданоўская-Іванцова выхоўвае дзіця з ДЦП. На лячэнне ейнае дачкі Сашы ашуканцы неаднаразова збіралі грошы. Некаторых яна нават лавіла за руку, пісала заявы ў міліцыю, але так нічога і не дамаглася. Нягледзячы на тое, што збор сродкаў на лекаванне дачкі быў скончаны яшчэ 5 гадоў таму, махляры працягваюць стаяць з партрэтам Сашы і выцягваць з людзей грошы.

«Мне шмат тэлефанавалі з усяе Беларусі, што быццам бы мае «сёстры», «браты» па ўсёй Беларусі ходзяць і збіраюць для майго дзіцяці», – распавядае Яўгенія.

Як кажа Яўгенія, праваахоўнікі зрабілі выгляд, што яны завялі крымінальную справу. У сваю чаргу яна самастойна знайшла пацярпелых – тых, хто паверыў махлярам і даў грошы.

«Пакуль быў грамадскі рэзананс, штосьці рабілася, а як толькі ўсё сціхла, справу закрылі ды ніякіх пакаранняў не было», – кажа Яўгенія.

Жанчына зазначае, што ў іншых выпадках, калі яна намагалася змагацца з ашуканцамі, у міліцыі прымалі заяву, а пасля яна недзе гублялася.

Каардынатарка пацыенцкай арганізацыі «Геном» Дар’я Царык таксама сутыкнулася з махлярамі, якія нажываюцца на чужой бядзе. Дзве сям’і збіралі для сваіх дзетак грошы на вельмі дарагі лек «Спінраза». Год лекавання гэтым прэпаратам каштуе 700 тысячаў еўраў. Кампанія для збору грошай знайшла падтрыманне сярод людзей, чым і скарысталіся ашуканцы. Зноў жа на вуліцах з’явіліся людзі з фотаздымкамі дзетак і прасілі дапамагчы.

«90 % рэквізітаў на фотаздымках – рэальныя рэквізіты. Зазвычай гэтыя зборы разлічаныя на кэш. Там у любым выпадку стаіць які-небудзь пакет або скрынка», – кажа Дар’я Царык.

Каб не трапіцца ў пастку махляроў, Дар’я раіць уважліва глядзець на ўсе пасведчанні, дакументы, эпікрызы. Таксама варта спраўджваць, ці верыфікаваны гэты збор якім-небудзь дабрачынным фондам.

Выкрывальніца махляроў

Ейны псеўданім Гуліко Махнадзэ. Яна – хавае свой твар ад шырокай публікі, хоць яе ведае кожны вулічны аферыст. Вазочнікі-махінатары, пабачыўшы Гуліко, раптоўна пачынаюць уставаць на ногі.

Жанчына самастойна зрабіла каля 700 відэазапісаў з выкрываннем вулічных аферыстаў. Некаторых яна называе рабамі, за якімі прыглядаюць наглядчыкі. Праз сваю дзейнасць Гуліко часта атрымлівае пагрозы.

«На мінулым тыдні мне пісалі, што зальюць мне ўва ўсе месцы серную кіслату. «Сустрэну цябе, злаўлю, згвалчу» і так далей», – распавядае Гуліко.

ВІДЭА
«Адкрытым тэкстам сказалі, што я іх дастала». Міліцыя помсціць выкрывальніцы шарлатанаў
2019.04.11 12:31

7 красавіка жанчына вярталася з працы і зноў напаткала сталічных ашуканцаў, якія збіраюць грошы, удаючы, што трапілі ў бяду. Але ў пастарунак трапілі не махляры, а Гуліко. Тры дні яна правяла ў ізалятары на Акрэсціна.

«Мне адкрытым тэкстам сказалі, што я дастала іх сваім актывізмам і скаргамі. Адзін з участковых хацеў мяне адпусціць, але начальнік РУУСу сказаў: не, хай пасядзіць. І папрасіў патрымаць мяне ў ізалятары часовага ўтрымання да серады.», – кажа Гуліко.

Пра тое, якія віды махлярства квітнеюць у Беларусі ды як не стацца ахвяраю ашуканцаў, глядзіце ў прэм’ерным выданні ток-шоу «Кожны з нас».

Ток-шоу «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і на нашай старонцы. Падпісвайцеся на YouTube-канал «Кожны з нас».

Стужка навінаў