Білі драўлянай палкай, прымушалі купляць сасіску ў цесце. У Менску судзяць камандзіраў Коржыча

Менскі раённы суд распачаў разгляд справы прапаршчыка Артура Вірбала і лейтэнанта Паўла Сукавенкі з роты, дзе загінуў Аляксандр Коржыч. Іх вінавацяць у «злоўжыванні ўладаю» (ч.1 і 2 арт. 455 КК), аднак следства не лічыць, што яны датычныя да смерці Коржыча.

Пацярпелымі па справе праходзяць 6 сяржантаў, 5 з якіх даставілі на паседжанне ў кайданках і пад канвоем. Сярод іх сяржанты Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч і Антон Вяжэвіч – паводле следства, іх дзеянні прывялі да смерці Аляксандра Коржыча. Суд над імі праходзіць паралельна, цяпер там аб’яўлены перапынак. Акрамя таго, сярод пацярпелых ёсць ужо асуджанныя сяржанты – у прыватнасці, Арцём Берднік, якога ў траўні пакаралі 3 гадамі пазбаўлення волі за дзедаўшчыну.

Пацярпелыя сяржанты і канвой для іх

У чым вінавацяць Вірбала і Сукавенку

25-гадовы Артур Вірбал спачатку скончыў тэрміновую службу, потым уладкаваўся ў войска па кантракце і стаў прапаршчыкам. Паводле следства, прапаршчык, каб «самазацвердзіцца і падняць свой аўтарытэт як начальніка», у якасці пакарання за тыя ці іншыя правіннасці прымушаў сяржантаў адціскацца, у выніку чаго тыя зведалі «фізічныя і маральныя пакуты». Часам Вірбал загадваў сяржантам прымаць «упор лежачы» і ў такой позе біў іх драўлянай палкай па ягадзіцах. Акрамя таго, у матэрыялах справы ёсць некалькі эпізодаў, калі Вірбал наносіў сяржантам удары кулаком па спіне і нагамі па галёнцы.

У аналагічным гвалце над сяржантамі вінавацяць і 24-гадовага камандзіра роты Паўла Сукавенку. Паводле следства, аднойчы афіцэр пастроіў сяржантаў у казарме і пачаў правяраць веданне вайсковага статуту. За неправільныя адказы афіцэр прымушаў сяржантаў прыняць «упор лежачы» і біў іх палкай па ягадзіцах. Сам Сукавенка называў гэтую палку «машынкай». Паводле пракуратуры, лейтэнант рабіў усё гэта, «рэалізуючы свае нізкія схільнасці», жадаючы «самазацвердзіцца і падняць свой аўтарытэт».

Афіцэр рэгулярна прымушаў сяржантаў за уласны кошт купляць яму цыгарэты і прадукты. У прыватнасці, Сукавенка кожны дзень загадваў купляць яму каву «тры ў адным» і сасіску ў цесце. Сяржанты, у сваю чаргу, або куплялі прадукты за свае грошы, або прымушалі рабіць гэта «духаў».

Аднойчы лейтэнант вымагаў у сяржанта грошы за карыстанне мабільным тэлефонам – патрабаваў за гэта набыць яму новую форму. Паводле версіі следства, Сукавенка краў сродкі з грашовага забеспячэння жаўнераў – звычайна ад некалькіх дзясяткаў капеек да 1,5 рублёў з кожнага заробку. Розніцу афіцэр браў сабе. Агулам Сукавенка прысвоіў каля 245 рублёў, сцвярджае абвінавачванне.

Сукавенка і Вірбал перад судом размаўляюць з адвакатамі

Прапаршчык Вірбал сваю віну прызнае цалкам. Афіцэр Сукавенка – часткова (прызнае вымаганне і крадзеж, але не гвалт).

«Гэта было ў арміі ўсё жыццё»

Паводзіны прапаршчыка і лейтэнанта былі выкрытыя толькі пасля скандалу ў сувязі са смерцю Аляксандра Коржыча. Вірбал быў узяты пад варту 13 кастрычніка 2017 года, Сукавенка – 17 кастрычніка.

Самі пацярпелыя, мяркуючы па ўсім, ставіліся да такіх парадкаў неадназначна. Сяржант Яўген Бараноўскі заявіў, што ніякіх маральных пакутаў ад дзеянняў падсудных не адчуў, тым больш, што пакаранні (удары і адцісканне) звычайна былі «за справу».

«Фізічнага і маральнага прыніжэння не адчуваў – якое гэта прыніжэнне для жаўнера адціснуцца 10 разоў? Мяне гэта, вядома, не задавальняла. Але і выбару асабліва не было. Я разумеў, што вінаваты. Хаця гэта патрабаванням статуту не адпавядала», – заявіў ён на судзе.

Адвакат Аляксандр Галіеў пацікавіўся ў Бараноўскага, ці казаў Сукавенка, якое іх чакае пакаранне ў выпадку адмовы купляць прадукты.

«Не, не казаў, не тлумачыў. Проста так было заўсёды», – адказаў ён. Паводле Бараноўскага, у войску проста былі такія парадкі, якія не ён усталяваў і не яму змяняць. «Гэта было ў арміі ўсё жыццё», – дадаў ён.

Значную частку эпізодаў, якія інкрымінуюцца Вірбалу і Сукавенку (у тым ліку звязаныя з гвалтам), Яўген Бараноўскі проста не памятае.

«Следчы мяне запытаў: колькі разоў я купляў камандзіру роты каву. Я адказаў, што дакладна не памятаю. Можа, разоў 100? Ну, за год – магчыма. Лічба ад следчага прагучала. Сам я нават не спрабаваў лічыць», – распавёў Бараноўскі дэталі аднаго з допытаў падчас папярэдняга следства.

Асабістых прэтензіяў да падсудных ён не агучыў. Прапаршчыка Вірбала Бараноўскі наогул ахарактарызаваў як «самага адказнага ў роце».

Мінабароны арганізавала дастаўку ў суд курсантаў, будучых афіцэраў

Нагадаем, паралельна ідзе судовы працэс над трыма сяржантамі з Печаў: Яўгена Бараноўскага, Ягора Скуратовіча і Антона Вяжэвіча абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 430 («атрыманне хабару»), а таксама паводле ч. 3 арт. 455 (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады або бяздзеянне ўлады) Крымінальнага кодэксу Беларусі. На думку следства, менавіта іхныя дзеянні падштурхнулі Коржыча да самагубства. Сваю віну сяржанты прызнаюць часткова. Паводле іх, злоўжыванне ўладай і атрыманне хабараў сапраўды мела месца, аднак датычнасць да смерці Коржыча падсудныя зняпраўджваюць.

  • 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка 2017 года знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі толькі на 7-ы дзень пасля смерці – са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.
  • Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў за дзедаўшчына і бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы.
  • Нарэшце, 19 красавіка, Следчы камітэт аб’явіў, што следства па справе завершана і версія забойства не пацвердзілася. Паводле СК, Коржыча не забілі, але давялі да самазабойства, і вінаватыя ў гэтым тры сяржанты з трэцяй вучэбнай танкавай роты 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Сваякі жаўнера з высновамі следства не згодныя.
  • Суд па справе распачаўся 8 жніўня. Сяржантаў Яўгена Бараноўскага, Ягора Скуратовіча і Антона Вяжэвіча абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 430 («атрыманне хабару»), а таксама паводле ч. 3 арт. 455 (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады або бяздзеянне ўлады) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Ігар Ільяш, belsat.eu

Hавiны